Намеснік дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Канстанцін Мішчанка:
— Азнаёміўшыся з праектам дапаўненняў і змяненняў Асноўнага Закона, вынесеным на рэспубліканскі рэферэндум, падтрымліваю дапаўненне аб захаванні гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яно дасць новы імпульс для работы па патрыятычным выхаванні ва ўмовах, калі ўсё менш застаецца ўдзельнікаў і сведак тых падзей, якія многія дзесяцігоддзі адстойвалі праўду пра вайну і даносілі яе моладзі. У суверэннай Беларусі шмат зроблена для захавання памяці. Прыкладам можа паслужыць стварэнне Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, большая частка якога прысвечана гераічнай барацьбе салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў Гомельшыны. За паўтара дзесяцігоддзя ў нашым музеі пабывалі больш за мільён наведвальнікаў. Радуе, што многія з іх — дзеці і моладзь. Новыя пакаленні цікавяцца ваеннай гісторыяй, і музейныя спецыялісты дапамагаюць ім ра-
забрацца ў тых трагічных і гераічных падзеях. Унясенне ў Канстытуцыю дапаўнення аб забеспячэнні дзяржавай захавання гістарычнай праўды і памяці дазволіць на заканадаўчым узроўні паставіць заслон фальсіфікатарам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі важным лічу дапаўненне да артыкула 54 пра тое, што праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці з’яўляюцца доўгам кожнага грамадзяніна.
Дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Лойка:
— У прэамбуле праекта Канстытуцыі ў якасці асноўных прынцыпаў замацаваны захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, культурных і духоўных традыцый. Гэтыя палажэнні з’яўляюцца адказам на негатыўныя наступствы глабалізацыі: абясцэньванне нацыянальных суверэнітэтаў, традыцыйных каштоўнасцей і духоўна-гістарычнай спадчыны. Зберажэнне гістарычнай памяці, акцэнтаванне ўвагі на багатай і ўнікальнай гісторыка-культурнай спадчыне нашай краіны з’яўляецца базісам, асновай, на якой павінен трымацца працэс выхавання патрыятызму. У рамках Года гістарычнай памяці наш музей распрацаваў план мерапрыемстваў. Збіраемся завяршыць год факсімільным выданнем помніка беларускага пісьменства Жухавіцкага Евангелля XVI стагоддзя. Гэты рукапіс, як прынята лічыць, быў створаны для царквы вёскі Малыя Жухавічы, якая ўваходзіла ў склад Мірскага графства, з XVII стагоддзя захоўваўся ў Жыровіцкім манастыры, з пачатку 1920-х гадоў — у Віленскім беларускім музеі, а затым і да цяперашняга часу — у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Гэту ініцыятыву музей рэалізуе ў рамках работы Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей. Упэўнены, што ўстановы культуры ў сваёй працы павінны кіравацца асноўнымі прынцыпамі, адлюстраванымі ў Канстытуцыі, а гэта выхаванне патрыятызму на аснове далучэння да гісторыка-культурнай спадчыны і традыцыйных каштоўнасцей.
Данііл ШЭЙКА