Пра крылатых…

№ 9 (1552) 26.02.2022 - 04.03.2022 г

Уявіце: летні ціхі вечар, вёска, якую дзеліць шаша, ля адчыненых дзвярэй бібліятэкі сядзіць на крэсле маладая жанчына і чытае кніжку. І ў гэтай паставе столькі стрыманай прыгажосці і нейкай унутранай годнасці пры поўнай адсутнасці паказухі, што нельга было не спыніцца на гэтым абсалютна выпадковым журналісцкім маршруце. Уразіла пазіцыя прыгажуні: “Я раблю сабе рэкламу тым, што яе не раблю”. Яшчэ адзін доказ таго, што ў прыгожых людзей і ўчынкі прыгожыя. Так, расчаравання ад выпадковай сустрэчы не было. Я пісаў пра гэта некалькі гадоў таму. І пра тое, што чытальная зала тады была паўнюткая і чытачоў на абанеменце хапала. Карціна, скажам, не надта стандартная. Як, зрэшты, і сама гаспадыня ўстановы. Усё правільна: кожная асоба выбітная па-свойму. Але ўсіх аб’ядноўвае артыстызм, смеласць, упэўнены прафесійны гонар і такая арганізацыя працы, што складваецца цвёрдае ўражанне: усё робіцца само па сабе. Аднак вы ведаеце: які аркестр без дырыжора!

/i/content/pi/cult/892/18881/13.jpgВось пра іх, дырыжораў культуры, і хачу пагаварыць. Пра стаўленне да прафесіі, пра той скарб, носьбітамі якога яны з’яўляюцца. Выключаем з тэмы тых, хто стаў работнікам клуба ці бібліятэкі выпадкова, вучыцца не пажадаў і адбывае на працы час. У такія ўстановы народ не надта ідзе, бо можна і замок пацалаваць. І ў выніку згаданыя клубікі і бібліятэкі знікаюць разам з паселішчамі. Сюды я аднёс бы і так званых маладых спецыялістаў, якія не працуюць, а адпрацоўваюць. Тэма прафарыентацыі, мэтавага навучання і замацавання маладых кадраў заўжды была балючай, і гаварыць пра яе трэба асобна…

Дык вось, пра тых, каго я называю героямі. Яна дасылаюць на рэдакцыйны адрас не толькі інфармашкі-карацелькі пра цікавае. Яны стараюцца браць не колькасцю, а якасцю. Гэта, як правіла, глыбокія матэрыялы з аналізам таго, што зроблена і што трэба зрабіць. Сярод такіх аўтараў — і сталыя, і маладыя. У сталых — неацэнны вопыт сумленных практыкаў. У маладых — цудоўнае веданне лічбавых тэхналогій. Першыя стараюцца вучыцца ў другіх, другія — у першых. Падаецца, такі працэс і называецца сінергіяй.

Героі цягнуць усё з дому на працу. Іншым разам ці не начуюць у клубах і бібліятэках. Яны пастаянна штосьці прыдумляюць і не даюць спакою мясцоваму кіраўніцтву. Вядуць свае блогі, пастаянна шукаюць фактуру для сцэнарыяў. Словам, гараць на працы. Вакол гэтай цеплыні збіраюцца людзі. Менавіта ў такіх вучыўся і вучуся прафесіяналізму і я. За гады працы ў “К” я бачыў многіх сельскіх і райцэнтраўскіх работнікаў культуры. Я паступова разумеў, што справа робіцца там, дзе кіраўнік гарой стаіць за падначаленых, прымаючы дзеля гэтага часам складаныя рашэнні. Я цяпер разумею, пра каго спяваў Акуджава: “Проста мы на крылах носім, што ўсе носяць на руках”. Дзякуй вам, крылатыя. Вось што вы сёння даслалі…

Настасся Мішкавец з Брэсцкай бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна паведаміла пра юбілей Напалеона Орды. “Навукова-практычная канферэнцыя “Па месцах акварэляў Напалеона Орды”, прысвечаная 215-годдзю з дня нараджэння беларускага літаратара, музыканта, кампазітара, мастака, скульптара і педагога, — піша аўтарка, — прайшла на базе сярэдняй школы № 20 Брэста”. Акрамя іншых выступоўцаў, якія распавялі аб знакамітым мастаку, “пра кніжныя выданні і манаграфіі, прысвечаныя Напалеону Орду, распавяла загадчык чытальнай залы Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна Наталля Арцемчык. Музычныя творы Орды выканалі вучні Вячаслаў Назарук і Ягор Чакрызаў”.

Семінар-практыкум павыцінанцы прайшоў у Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Напісала пра гэта вядучы рэдактар згаданай установы Крысціна Башарымава. Мерапрыемства адбылося ў анлайн-фармаце. Пра велікодную віншавальную паштоўку гаварылі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БялыніцкагаБыхаўскагаГлускагаГорацкагаКлімавіцкагаКлічаўскагаКіраўскагаКасцюковіцкагаКрычаўскага раёнаў. Вяла семінар сябра міжнароднага клуба “Папяровыя традыцыі” і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, настаўнік Крычаўскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Бярнадская. Аўтарка дадае: “Наталля Бярнадская распрацавала станковыя творы і паштоўкі, якія выразна дэманструюць традыцыйны характар выцінанкі, творча пераасэнсаванай і дэкаратыўна ўдасканаленай”. Да слова, яшчэ летась элементу “Беларускае мастацтва выцінанкі” на тэрыторыі Магілёўшчыны (Бабруйск, Горкі, Крычаў, Магілёў) быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Таму на сёлета абласны метадычны цэнтр запланаваў цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных гэтаму віду творчасці. Семінар-практыкум “Велікодная віншавальная паштоўка” даў старт названаму праекту.

Вельмі шмат лістоў прысвечана Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя Восіпа Кавалеўскага, у Грынкавіцкім сектары клубнай і бібліятэчнай работы Свіслацкага раёна, у бібліятэках Астравецкага раёна, у раённым доме культуры Клічава, на КіраўшчынеДрыбіншчыне, у Ашмянскай гарадской бібліятэцы, у палацы мастацтваў Бабруйска

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’я Марцінкевіч распавядае: “15 лютага ў інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дворышча Лідскага раёна адбылася ўрачыстая перадача новых экспанатаў у этнаграфічны пакой “Спадчына” ад жыхара вёскі Эйтуны Пятра Ензы. Гэта крыжыкі, гузікі, манеты, медальёны, што шмат гадоў таму належалі мясцовым жыхарам”.

Навіна пра чарговы падарунак — з Гродзенскага раёна. Супрацоўнікі інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзен-
скага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра паведамляюць, што чытачы Азёрскай сельскай бібліятэкі бралі ўдзел у акцыі “Падарыце кнігу бібліятэцы”. Фонд папоўніўся паэзіяй, любоўнымі раманамі, дэтэктывамі, сучаснай прозай.

12 лютага Гальшанскі замак у Ашмянскім раёне наведалі дзеці з Астраўца. Ім была прапанаваная анімацыйная праграма “Расповед Соф’і”.

“18 лютага сектар па рабоце з дзецьмі Бабруйскага палаца мастацтваў ладзіла пазнаваўчую праграму “Жыццё і творчасць Міхаіла Савіцкага”, — распавяла метадыст установы Вікторыя Рубец, — прысвечаную стагоддзю з дня нараджэння знакамітага мастака. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве выхаванцы сярэдняй школы № 16”.

У Смаргонскім раённым цэнтры культуры прайшоў канцэрт народнага ансамбля песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага пад кіраўніцтвам музыканта, кампазітара, ганаровага грамадзяніна Смаргоні Аляксандра Ляха. Аўтар допісу — метадыст Алег Пацэвіч.

Пра новы праект Полацкага раённага цэнтра культуры распавяла рэдактар установы Кацярына Паўловіч. Гаворка пра цыкл творчых сустрэч “На хвалях літаратуры і тэатра”. Мяркуецца, што цягам года ў мерапрыемстве будуць браць удзел мясцовыя паэты, празаікі, самадзейныя кампазітары, тэатралы. Першая акцыя адбылася ў Фарынаўскім цэнтры культуры і вольнага часу. З землякамі сустрэлася Зінаіда Лецін, якая захапляецца выцінанкай, робіць лялькі-абярэгі, піша вершы і музыку.

Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"