Судзейскі досвед кінажуры

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Крытэрыі ацэнкі глядацкага журы збольшага зразумелыя: яно галасуе сэрцам. А чым кіруецца журы кінапрэсы? Гэтае пытанне — да загадчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Людмілы САЯНКОВАЙ, якая гэтае журы сёлета ўзначальвае.

 /i/content/pi/cult/183/1888/Sajankova.jpg
— Ведаеце, пытанне папраўдзе няпростае. І шукаючы на яго адказ, мы ў выніку непазбежна прыйдзем да высновы, што любыя аб’ектыўныя крытэрыі засноўваюцца на суб’ектыўных фактарах: гэта веды канкрэтнага чалавека, яго глядацкі досвед і ўрэшце, у пэўнай меры, светапогляд. Таму ў журы мы запрасілі тых прадстаўнікоў СМІ, якія не проста пішуць пра кіно, але добра абазнаныя ў гэтай тэме і здатныя выказваць самастойныя і абгрунтаваныя меркаванні.

— Адпаведна, людзі, якія вызначаюць крытэрыі, павінны самі пэўным крытэрыям адпавядаць. Ці не ўзнікла праблем з фарміраваннем складу журы?

— Не. Наадварот, склад журы можа было б і пашырыць, каб не пэўныя абмежаванні адносна колькасці яго членаў. Сапраўды, сур’ёзныя разважанні пра кіно менавіта як пра мастацтва не так і часта, на жаль, становяцца прадметам інтарэсу журналістаў. Аўтараў, якія з той ці іншай рэгулярнасцю пішуць пра кіно, у нас не бракуе, але ж далёка не кожнага з іх можна назваць прафесіяналам у гэтай сферы, надзеленым візуальным досведам і ўласнай пазіцыяй. Але, на шчасце, у апошнія гады ў кінакрытыцы і кінажурналістыцы (а гэтыя паняцці, лічу, неабходна размяжоўваць) з’явіліся новыя цікавыя імёны, і вы іх пабачыце ў складзе журы.

— Як вядома, яркія асобы маюць уласныя погляды, а спрачацца пра густы няпроста. Ці не баіцеся вы, што паміж членамі будуць узнікаць непераадольныя непаразуменні?

— Сапраўды, пад час працы ў журы розных фестываляў мне даводзілася сутыкацца з сітуацыямі, калі меркаванні адносна таго ці іншага фільма моцна разыходзіліся. І тут вельмі важна, каб члены журы ўмелі пераканаўча давесці сваю пазіцыю, падмацаваць яе красамоўнымі аргументамі. А ў выніку гэтай дыскусіі важную ролю адыгрывае асоба старшыні журы. Ці здолее ён знайсці нейкі кансенсус? Ведаю, што ў кінакрытыка, рэдактара часопіса “На экранах” Людмілы Перагудавай, якая узначальвала журы кінапрэсы ў мінулыя гады, гэта атрымлівалася па-майстэрску. Была сведкай яшчэ некалькіх прыкладаў, калі старшыні журы ўдавалася выходзіць з цяжкіх сітуацый, і спадзяюся, што мне яны дапамогуць іх унікаць.

Задача старшыні журы — аб’яднаць яго ўдзельнікаў, якімі б рознымі ні былі іх погляды, у адзіную каманду. Быць карэктным, прыслухоўвацца да самых розных меркаванняў, спрыяць таму, каб дыскусія мела прадуктыўны характар. І— умець знаходзіць паразуменне, каб у журы не заставалася людзей пакрыўджаных і расчараваных, каб ніхто потым не шкадаваў пра тое, што ён “змарнаваў свой час”, бо ягоны голас не быў пачуты ”.

— Напэўна, гэта самае складанае ў працы старшыні журы...

— Бачыце — насуперак некаторым меркаванням, праца членаў журы на такіх фестывалях наогул досыць няпростая. Бо, апрача ведаў і досведу, яна патрабуе хаця б элементарнай трываласці. Паглядзець адзін-два фільмы ў дзень — гэта адно задавальненне, але калі штодня трэба праглядаць па чатыры карціны, ды яшчэ на працягу тыдня, ды яшчэ і ладзіць пасля іх абмеркаванні, якія часцяком зацягваюцца за поўнач... Гэта, пагадзіцеся, ужо праца, прычым не з лёгкіх. Ды яшчэ і не абы-якая эмацыйная нагрузка. Бо твой статус абавязвае цябе быць заўсёды ўважлівым і ўнутрана засяроджаным — прытым, што навокал часцяком шмат мітусні. Гэта таксама патрабуе пэўнага досведу.

 

Ілля СВІРЫН
Фота аўтара