Так, сярод юбілейных мерапрыемстваў самым значным з’яўляцца вялікая выстава твораў Савіцкага ў Нацыянальным мастацкім музеі. Яна займае ўвесь першы паверх нашай скарбніцы. Чатыры залы — чатыры экспазіцыі, прысвечаныя розным іпастасям творцы. Разам жа яны ствараюць цэльны вобраз асобы мастака і часу, у якім яму давялося жыць і працаваць.
Першая зала — ранні Савіцкі. Той, у якога яшчэ наперадзе агульна прызнаны статус класіка, стваральніка беларускай версіі “суворага стылю”, вынаходніцтва ўласнага, сёння ўсім вядомага почырку. Той Савіцкі, які яшчэ не напісаў “Партызанскай мадонны”. Ранні Савіцкі — традыцыяналіст, безумоўна прафесіянал, нічым асаблівым не вылучаецца сярод беларускіх мастакоў 50-х — пачатку 60-х гадоў. Мабыць, гэты перыяд ягонай творчасці можна трактаваць як час пошукаў сваёй вобразна-пластычнай мовы.
Экспазіцыя другой залы — вобраз жанчыны ў творчасці мастака. Тут таго, хто ведае Міхаіла Савіцкага выключна як брутальнага, часам нават змрочнага рэаліста (а як інакш пра вайну ды пра Чарнобыль распавесці!?) ды яшчэ з гэткім ухілам у сімвалізм рэлігійнага характару, адкрые для сябе нечаканую іпастась гэтага творцы. Ён, аказваецца, быў глыбока пачуццёвы лірык. Савіцкі ў сваіх карцінах сцвердзіў свой ідэал жаночай прыгажосці, чымсьці блізкі мадоннам Рэнесансу. Але тыпалагічна і сутнасна гэта беларускі ідэал. Сэнсавы і візуальны цэнтр гэтай экспазіцыі — “Партызанская мадонна Мінская”.
Трэцяя зала — тэма вайны. Тут і карціна “Партызаны”, ад якой, лічаць знаўцы, пачаўся “сапраўдны” Савіцкі, і “Віцебскія вароты”, і “Пакаранне смерцю”, і палатно з “Лічбаў на сэрцы”. Тыя “Лічбы…” б’юць па нервах балюча, як кінафільм “Ідзі і глядзі”. Глядзець той фільм двойчы не ў кожнага хопіць духу…
Апошняя зала — Чарнобыль. Некалькі карцін з таго самага славутага цыкла. Мяркую, і па сённяшні дзень ніхто з нашых творцаў не сказаў пра тую трагедыю больш важкага слова… Яшчэ ў экспазіцыі творы, дзе хрысціянскія матывы прысутнічаюць наўпрост ці ў сацыяльным кантэксце. Яны натуральна стасуюцца з чарнобыльскай тэмай, бо мы памятаем, што, як выбухнуў ядзерны рэактар, нават зацятыя атэісты ўспомнілі пра Зорку Палын.
Экспазіцыйныя залы першага паверха Нацыянальнага мастацкага спланаваныя такім чынам, што, агледзеўшы экспазіцыю, ідзеш назад — выходзіш тым жа шляхам, як і прыйшоў. Пасля жыццёвай храналогіі, атрымліваецца, ідзём на адваротны адлік. Чарнобыль — Вайна — Жанчыны — Маладосць. Прайшлі праз жыццё і вяртаемся да жыццядайных вытокаў. Дазволю сабе пафас: да жыццядайных вытокаў Быцця. І ведаеце, прыходзіш да думкі, што хоць і быў наш славуты творца насамрэч брутальным рэалістам, а маляваў усё жыццё нашу нацыянальную расліну — Папараць-кветку.
Па сутнасці вялікі мастак быў вялікім аптымістам.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ