Святлана СУХАВЕЙ, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно: “Каб не прапасці паасобку…”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

У рамках сёлетняга “Лістапада” госці фестывалю стануць удзельнікамі ўрачыстага святкавання 20-годдзя гільдый кінаакцёраў Расіі, Беларусі, Украіны. Распачнецца яно ў нас, пазней святочныя імпрэзы перамесцяцца ў Расію, а затым — на Украіну. І нашу размову з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь, старшынёй Беларускай гільдыі акцёраў кіно Святланай СУХАВЕЙ мы пачалі акурат з успамінаў пра тое, на якім жа “грунце” ў свой час нарадзілася і “ўзрасло” гэтае грамадскае аб’яднанне.

 /i/content/pi/cult/183/1887/Suhavej.jpg
— Калі вяртацца да канца 1988 года, то Гільдыя наша ўзнікла не “дзякуючы”, а “насуперак”, бо мы апынуліся ў сітуацыі, калі высветлілася, што ў шматлікіх дакументах, якія рыхтавалі перабудовачныя лідэры кіно, наша прафесія проста не была згадана. Нібыта мы, кінаакцёры, і не існуем як асобныя творцы! І першай акцыяй пад эгідай Гільдыі стаў фестываль акцёраў кіно “Сузор’е” ў Калініне, цяперашняй Цверы, арганізаваны выключна ўласнымі сіламі. Мы выйшлі на плошчу, цалкам запоўненую людзьмі, і зразумелі: людзям мы па-ранейшаму патрэбны, а глядацкая любоў — гэта тое, што дае нам сілы і падтрымку. Так распачаўся фестывальны рух у межах Гільдыі. Пасля паспяхова праведзенага “Сузор’я” ўзнік шэраг фестываляў, у тым ліку на Украіне з’явіліся “Стажары”, потым, таксама на Украіне, — “Брыганціна”. Нашы акцёры часцей сталі выязджаць, сустракацца адзін з адным, з гледачамі, а мы ж не былі спешчаныя фестывалямі.

Па тым часе мне падавалася, што праграма, якую мы намецілі для Беларускай гільдыі акцёраў кіно, можа рэалізавацца гадоў за пяць. Рэальна на гэта спатрэбілася дваццаць. І толькі зараз я магу дакладна сказаць, што на студыі “Беларусьфільм” вырасла пакаленне акцёраў, якія вядомы за межамі Рэспублікі Беларусь і здымаюцца не толькі ў айчынных фільмах. Прыемна чуць станоўчыя водгукі пра работу нашых калег ад кінематаграфістаў іншых краін. Бо ў свой час для нас было вельмі важна зразумець, усвядоміць, што мы маем сваю акцёрскую школу, уласную выканальніцкую традыцыю і свой адпаведны ўзровень — тую высокую планку, якую трымаем і зараз.

— Але ж, наколькі я ведаю, Гільдыя ставіла перад сабой задачы нашмат шырэйшыя, чым толькі акцёрскае яднанне.

— Яшчэ адзін важны момант працы Гільдыі — наша асветніцкая дзейнасць. Мы вучылі акцёраў адстойваць свае правы: чытаць кантракты, разумець тое, што ў іх прапісана, і як можна абараняць свае правы. Бо ў такіх пагадненнях прапісваецца не толькі сума ганарару за працу, але і шмат іншых момантаў: праезд да месца здымак, працягласць рабочай змены, умовы пражывання і знаходжання на здымачнай пляцоўцы ды шмат іншых, на першы погляд, дробязных момантаў. Але ж у выніку на здымачнай пляцоўцы будзе менавіта тое, што ты загадзя абгаворыш і выпішаш у кантракце. Напачатку найбольш крыўдным было, калі на здымачнай пляцоўцы сутыкаліся з запрошанымі акцёрамі: іх ганарары не ў дзесяткі — у сто разоў перавышалі нашы.

Давялося прайсці вялікі шлях, і сёння ў калектыўным дагаворы з кінастудыяй “Беларусьфільм” у нас прапісаны ўмовы працы і аплаты беларускіх акцёраў, а ў існуючым пагадненні — “ніжэйшая планка” аплаты працы акцёраў, за якую апускацца нельга, а вось вышэй — калі ласка.

— Вядома, што “адзін у полі не воін”, і ў дачыненні да грамадскіх аб’яднанняў, не падмацаваных “цвёрдым” фінансаваннем, гэты пастулат гучыць надзвычай актуальна. Хто вам усе гэтыя гады дапамагаў?

— Вы абсалютна правільна сказалі пра дапамогу — без яе мы не выжылі б. Дзякуй за яе ўсім! Гэта, дарэчы, былі не толькі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое нас падтрымала пры ўступленні ў Міжнародную федэрацыю акцёраў і прафсаюз работнікаў культуры. Часам — проста прыватныя арганізацыі і асобныя людзі. Яшчэ нам вельмі дапамагае Міжнародны кансультатыўны савет прафсаюзаў работнікаў культуры краін СНД.

Асобна хачу падзякаваць маім калегам, з якімі не адзін год супрацоўнічаем: Ніне Ільіной — нязменнаму кіраўніку Гільдыі кінаакцёраў Украіны, і асабліва — генеральнаму дырэктару Гільдыі акцёраў кіно Расіі Валерыі Гушчынай. Дарэчы, з расійскай Гільдыяй у нас падпісана дамова аб інтэграцыі, дзякуючы якой яны не аднойчы запрашалі нас да ўдзелу ў шэрагу сумесных мерапрыемстваў, а калі ў іх была магчымасць, падтрымалі некаторых нашых акцёраў творчымі стыпендыямі.

А ў 1994 годзе, як я ўжо сказала, мы ўступілі ў Міжнародную федэрацыю акцёраў (FIA), якая на сённяшні дзень аб’ядноўвае 101 акцёрскую арганізацыю з больш чым 70 краін свету. І гэтая магутная структура таксама надзвычай дапамагла нам у пэўныя моманты нашага існавання. Бо часам адна маленькая падказка спрактыкаваных калег давала штуршок для ўласных здзяйсненняў.

— Ведаю, што зусім нядаўна вы вярнуліся з ХІХ кангрэса FIA, які адбываўся ў Маракешы. Раскажыце пра яго больш падрабязна.

— Раз на чатыры гады Міжнародная федэрацыя акцёраў выбірае новую краіну для таго, каб у рамках кангрэса прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці не толькі да канкрэтных пытанняў, але і да праблем таго ці іншага рэгіёна, зразумець, чым жыве і як там развіваецца кінематограф. Гэтым разам пашчасціла Марока. Пасля такіх цікавых і карысных сустрэч з калегамі з іншых акцёрскіх аб’яднанняў больш дакладна ўяўляеш, што ж дзеецца ў кінасвеце. І разумееш: праблемы перад намі паўстаюць практычна адны і тыя ж, іншая справа, што рашэнні іх заўсёды даводзіцца шукаць, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі ў краіне.

Да прыкладу, ёсць паўночныя краіны, дзе балючае пытанне аўтарскіх правоў вырашана надзвычай канструктыўна. Мы аднойчы наведалі такое агенцтва, у якое сцякаюцца літаральна ўсе даныя аб тым, дзе прайшла тая ці іншая карціна, няхай гэта кінатэатр, гасцініца ці рэстаран, — агенцтву застаецца толькі размяркоўваць грошы! У нас у краіне, хаця заканадаўчая база дазваляе, такое агенцтва пакуль што не створана — на маю думку, таму, што для падобнай грамадскай працы знайсці энтузіястаў надзвычай складана. Мы пайшлі іншым шляхам: за фіксаваную суму ў дагаворах прапісваем “уступку правоў”. Аказалася, што гэткім спосабам, акрамя нас, працуюць яшчэ некалькі краін. А яшчэ, літаральна ў дні “Лістапада”, у Маракешы таксама праходзіць Міжнародны кінафестываль.

— Колькі членаў налічвае сёння Беларуская гільдыя кінаакцёраў?

— Не вельмі шмат — прыкладна 110 чалавек, але лічба гэтая перманентна змяняецца. Найперш за кошт таго, што акцёры, якія працуюць у абласных тэатрах, не заўсёды маюць тыя ж магчымасці, як у сталіцы, а таму яны перыядычна ўваходзяць у Гільдыю, выходзяць з яе, зноў вяртаюцца… Але ёсць у нас і старажылы, якія з моманту заснавання Гільдыі застаюцца шчырымі яе абаронцамі і вельмі мяне падтрымліваюць.

Дарэчы, узаемная акцёрская падтрымка — цудоўная рэч! І мне радасна, што апошнім часам наша кіно звярнулася да айчынных акцёраў і актыўна займае іх у новых фільмах, бо беларускія акцёры і на здымачнай пляцоўцы, і на экране выглядаюць не горш за запрошаных “зорак”. Дарэчы, у ЗША, калі на ролю ў фільме запрашаецца замежны акцёр, які не з’яўляецца членам Гільдыі, прадзюсер вымушаны выплачваць арганізацыі няўстойку! Мы ж за вялікае шчасце лічым магчымасць завабліваць да сябе ў фільм тых жа расійскіх акцёраў.

— Узгадваю зараз беларускія фільмы савецкіх часоў — там таксама здымалася вельмі шмат расійскіх акцёраў…

— Так. А мы ў гэты час выязджалі ў Расію, на Украіну, ва Узбекістан… Я асабіста працавала на дзвюх стужках на кінастудыі Даўжэнкі, хаця там і сваіх актрыс майго ўзросту і тыпажу ставала. Гэта было нядрэнна ў вялікай краіне, але сёння, калі Савецкі Саюз распаўся, высветлілася: мы не напрацавалі сабе “зорнасць”, на якую сёння робяць у кіно галоўную стаўку і прадзюсеры, і нават дзяржаўныя вытворцы. Але я задаволена тым, што сёння мы сваіх акцёраў пачынаем зноў любіць, цаніць, паважаць, яны вяртаюць сабе папулярнасць і актыўна працуюць не толькі ў кіно, але і ў тэатры, на эстрадзе. Думаю, сёлетні “Лістапад” гэта цудоўным чынам прадэманструе. Ну, а гасцям фестывалю жадаю пачуваць сябе ў нашым горадзе ўтульна і камфортна. І хачу, каб яны ўбачылі, якія ў нас цудоўныя і адкрытыя кінематографу гледачы!

 

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА