Падзел на дзве часткі самой назвы “L’amour, l’amour — каханне, каханне” цалкам адпавядае зместу новага спектакля. Бо ён складаецца з дзвюх асобных гісторый-навел — французскай і рускай, звязаных між самой не сюжэтна, а тэматычна: у цэнтры кожнай апынаецца звыкла-нязвыклы любоўны трохкутнік, складзены з брутальна просталінейнага мужа, капрызлівай хітрай жонкі і яе манернага палюбоўніка-нарцыса. Іграе іх адзін і той жа зладжаны тэрцэт артыстаў: у адпаведнасці з названымі ролямі — Аляксандр Асіпец, Ілона Казакевіч, Дзяніс Нямцоў. Атрымліваецца своеасаблівы “бенефіс на траіх”, што патрабуе ад удзельнікаў максімальнай аддачы.
Жанр вадэвілю, пазначаны ў афішах і праграмках, адпавядае спектаклю хіба часткова — з пункту гледжання агульнай канвы і настрою. Французская дзея суправаджаецца танцамі, што супадае з нацыянальным менталітэтам герояў (не будзем забываць, што не толькі з часоў Людовіка ХIV, але і значна раней Францыя займела славу “танцуючай нацыі” і што ніводная французская опера, пачынаючы з эпохі барока, не абыходзілася без харэаграфічнага складніка). Расійская дзея аздоблена старадаўнімі рускімі рамансамі, сярод якіх пераважаюць цыганскія. Поўная адсутнасць у першым акце спеваў крыху бянтэжыць заўсёднікаў, бо тыя ходзяць у Музычны тэатр найперш па музычнае разгортванне падзей. Але другая дзея з яе тонкасцямі рамансавай лірыкі бярэ рэванш. Больш дакладным азначэннем жанру становіцца “вечны анекдот у дзвюх частках”, як па ходу дзеяння называюць спектакль самі яго ўдзельнікі.
Літаратурнай асновай (і найперш другой дзеі спектакля) стала мініяцюра-фарс Аляксея Курбскага “У дамскай бялізне”, надрукаваная ў Санкт-Пецярбургу ў 1914 годзе. Тэкст уяўляе з сябе звыклую, невялічкую па аб’ёме камедыю, куды цягам пастаноўкі былі дададзены “ўстаўныя”, у поўным сэнсе слова, музычныя нумары. Прызнацца, у падобных спектаклях, дзе на першы план выходзяць не спевы, а менавіта акцёрская ігра і вынаходлівасць, артысты Музычнага тэатра часам бываюць разгублены: усё ж звычайна іх намаганні скіраваны крыху ў іншы бок. Знаны расійскі рэжысёр Мадэст Абрамаў зрабіў усё, каб давесці зваротнае. І сапраўды, цягам усяго спектакля (дарэчы, даволі працяглага па сучасных мерках) ні на імгненне не ўзнікае адчування няёмкасці за артыстаў — толькі захапленне феерверкам іх бліскучай акцёрскай ігры. Бо словы не проста прагаворваюцца, а напаўняюцца ўнутраным сэнсам, абыгрываюцца візуальна, літаральна ў кожную фразу прыўносіцца нейкая схаваная дзея, што надае словам камічнае пераасэнсаванне і пры ўсёй зададзенасці сітуацый скарае свежасцю і задорам. Да таго ж адным маленькім штрыхом рэжысёр перайначвае фінал, і героі, з якімі, здавалася б, усё даўно ясна і зразумела, раптам атрымліваюць “другое дно”, куды большую аб’ёмнасць і неадназначнасць характараў. Сачыць за ўсім гэтым — сапраўднае задавальненне. Атрымаўшы яго, раптам разумееш, што словам “любоў” назва спектакля акрэслівае яшчэ і пачуцці гледачоў да артыстаў: кожны з траіх “бенефіцыянтаў” становіцца ўлюбёнцам публікі. А рэжысёр пры такім раскладзе, бы той “трэці залішні”, сціпла сыходзіць у цень, папярэдне зладзіўшы з махровай трывіяльшчыны сваё маленькае чараўніцтва.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ