Эскіз аблічча “кінадома”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Літаральна год таму генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін абвясціў: для таго, каб паспяваць за часам і адпавядаць найноўшым патрабаванням, кінастудыя распачынае буйнамаштабную, можна сказаць, карэнную рэканструкцыю. У выніку яе, як мяркуецца, будзе выкананы шэраг прынцыпова важных задач: адбудзецца не толькі комплексная рэканструкцыя будынка “кінакузні” і вытворчых плошчаў, але і мадэрнізацыя самога працэсу працы, які стане адпаведным найноўшым міжнародным патрабаванням.

Тэрміны, у якія кінастудыя павінна ўкласціся з рэканструкцыяй, уражваюць сваёй сцісласцю: завяршэнне ўсіх работ запланавана на май 2010 года! Аднак беспрэцэдэнтнасць праекта заключаецца яшчэ і ў тым, што “Беларусьфільм” на гэты час не толькі не прыпыніў сваёй фільмавытворчай дзейнасці, але і відавочна нарошчвае яе тэмпы. Сведчаннем гэтаму — як ніколі раней шырокае прадстаўніцтва айчыннага кіно ў праграме сёлетняга “Лістапада”.

Натуральна, што карэспандэнт “К” не мог не пацікавіцца тым, як вядуцца будаўнічыя работы на “Беларусьфільме”, і паспрабаваць злавіць гэты амаль няўлоўны момант ператварэння кінематаграфічнай “кукалкі” ў прывабнага матылька.

 
Па прынцыпе “коўдры са шматкоў”

Гідам па тэрыторыі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе вядзецца рэканструкцыя, для карэспандэнта “К” стаў галоўны спецыяліст па капітальным будаўніцтве ўстановы Эдуард Антропцаў. Ён і распавёў, што будынак, узведзены па тыпавым рэгіянальным праекце, распрацаваным у маскоўскім Дзіпракіно, для Беларусі быў цеснаватым практычна з самага пачатку: нават у першыя гады нашы кінематаграфісты стваралі значна большую за “стандартную” колькасць фільмаў, вытворчасць якіх новы будынак мог бы забяспечваць без напружання. Вынік такой творчай актыўнасці — з’яўленне з цягам часу на тэрыторыі кінастудыі шэрагу асобных памяшканняў, што па прынцыпе “коўдры са шматкоў” дабудоўваліся гаспадарчым чынам, каб наладзіць пэўныя тэхнічныя працэсы.

 /i/content/pi/cult/183/1884/Eskiz1.jpg
Балазе яшчэ ў 1960-я гады “Беларусьфільм” знаходзіўся фактычна на краі горада, і таму за зямельныя рэсурсы асабліва не хваляваліся. Але ж сёння, калі сталіца актыўнымі тэмпамі развіваецца і тэрыторыя кінастудыі з’яўляецца амаль што цэнтрам Мінска, усе гэтыя старыя пабудовы выглядаюць анахранізмам як у маральным аспекце, так і з практычнага пункта гледжання. Зрэшты, па нормах і планах капітальны рамонт, у прыватнасці, галоўнага корпуса кінастудыі, мусіў адбыцца яшчэ ў 1991 годзе, але распад СССР не даў задумам ажыццявіцца…

Надзея на сапраўднае абнаўленне з’явілася ў 2005 годзе, калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне аб комплекснай мадэрнізацыі кінастудыі. Тады быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, куды ўвайшла і рэканструкцыя ўстановы: планавалася будаўніцтва двух-трох новых карпусоў, у якія перасяліліся б службы з вытворчых “хацін”. А для таго, каб аблягчыць фінансавы бок праекта, кінастудыя заявіла пра магчымасць перадачы гораду часткі сваёй тэрыторыі пад жылую забудову. Для самога “Беларусьфільма” гэта была не безвыходнасць ці “вымушаная ахвяра”, а, у першую чаргу, — па-гаспадарску прадуманае, разумна-рацыянальнае рашэнне. З-за таго, што ў свой час кінастудыйны комплекс быў узведзены практычна на балоцістай тэрыторыі, з 12 гектараў агульнай плошчы канкрэтнымі будынкамі занятыўсяго толькі 2,5!

Калі пачынаць даводзіцца… з пачатку

Падаецца, адным з прынцыповых момантаў працы над праектнай дакументацыяй па рэканструкцыі кінастудыі сталася тое, што ў рэаліях сучаснасці яна аказалася аб’ектам унікальным з прычыны сваёй адзінкавасці на тэрыторыі Беларусі. Адкуль жа пераняць досвед падобнай працы? Можа, варта было б звярнуцца па вопыт да калег з іншых краін?

— Падрыхтоўка праекта рэканструкцыі сапраўды аказалася вельмі складанай, — кажа Эдуард АНТРОПЦАЎ, — паколькі ў нашай краіне гэтым ніхто профільна не займаецца. Ды і за мяжой знайсці спецыялістаў-кансультантаў высокага ўзроўню няпроста. Так, мы дэталёва вывучалі ўсю інфармацыю, сабраную па драбніцах. Практычная ж дапамога аказалася надзвычай мізэрная: адзіная кінастудыя, якая сёння будуецца, напрыклад, у Расіі, — гэта буйны комплекс у Анапе. Вядома, работу над ім мы падрабязна вывучылі.

А вось маскоўскае Дзіпракіно і яго колішні ленінградскі філіял, што займаліся кінастудыямі ў савецкія часы, сёння практычна не функцыянуюць.

Напрыклад, мы звярнуліся ў Санкт-Пецярбург, але нам нічым канкрэтным не дапамаглі: у новых эканамічных рэаліях там кінапрофіль змянілі на распрацоўку праектаў дыскатэчных залаў і іх абсталявання. Так што нам проста не было з кім кансультавацца: не засталося ні спецыялістаў па хімічнай вытворчасці, якія б дапамаглі зрабіць цэх хімічнай апрацоўкі плёнкі, ні па стварэнні кінастудыйных здымачных павільёнаў…
 /i/content/pi/cult/183/1884/Eskiz2.jpg

Таму быў зроблены акцэнт на нашых практыкаў, і прыцягнутымі да праектных работ аказаліся практычна ўсе спецыялісты кінастудыі. І хаця гэта крыху зацягнула падрыхтоўчы перыяд, але дало магчымасць больш дакладна выверыць пэўныя тэхнічныя параметры і патрабаванні да будучага комплексу. Да таго ж, галоўны корпус “Беларусьфільма” з’яўляецца помнікам архітэктуры, а значыць, аніякім зменам не падлягае.

Пад час падрыхтоўкі праектнай дакументацыі, — працягвае Эдуард Юр’евіч, — неабходна было вырашыць яшчэ адно пытанне: згодна з планам развіцця Мінска, зацверджаным Кіраўніком дзяржавы, мы не маглі пакінуць на тэрыторыі кінастудыі аўтагаспадаркі — нашу і Міністэрства культуры РэспублікіБеларусь. Загадам Прэзідэнта краіны бязвыплатна быў выдзелены зямельны ўчастак на тэрыторыі воінскай часці ў Калодзішчах, дзе мы і спраектавалі нашу новую аўтагаспадарку.

Прычым з мэтай эканоміі задумалі не два асобныя комплексы будынкаў — для кінастудыі і Міністэрства культуры, — а адзін, раздзелены перагародкай-сценкай. На гэтай тэрыторыі ад ваенных засталіся два будынкі былых вайсковых складоў. Той, які стаў уласнасцю “Беларусьфільма”, вырашылі захаваць і размясціць там сваю ігравую тэхніку: тыя ж пушкі раней пастаянна стаялі на вуліцы.

Абрысы абнаўлення: 152 метры ў даўжыню

На тэрыторыі кінастудыі ва ўсю моц ідуць будаўнічыя работы. У першую чаргу пасля атрымання дакументацыі пачалося ўзвядзенне новага вытворчага корпуса. Замест першапачаткова задуманых двух-трох будынкаў, праекціроўшчыкі “ўмясцілі” практычна ўсе службы са студыйных “каморак” у адзін вялікі трохпавярховы комплекс, каркас якога ўжо па-гаспадарску вымалёўваецца ў атачэнні “Беларусьфільма”. Гмах будзе мець 152 метры ў даўжыню, там размесцяцца два вялікія — тысячныя — павільёны, усе асноўныя кінавытворчыя цэхі, а таксама памяшканні для здымачных груп, грымёрныя і шмат што яшчэ.

Зрэшты, і ў галоўным корпусе кінастудыі таксама плануюцца не толькі ўнутраны рамонт памяшканняў, але і вонкавыя работы: змена даху, рэнавацыя фасадаў — уцяпленне (акрамя галоўнага, які як помнік архітэктуры будзе толькі затынкаваны), замена вокнаў на шклопакеты. Рэканструюецца скверык перад галоўным корпусам “Беларусьфільма”, а вуліца Макаёнка заўважна “пашырэе”. Яшчэ адзін паверх набудзе інтэрнат кінастудыі.

Інвестыцыйная праграма: выгада — узаемная

У тым, што разумная інвестыцыйная палітыка робіць для замежных зацікаўленых структур прывабным укладанне капіталаў у беларускія аб’екты, ужо наўрад ці выклікае сумневы. Але ж ці заўсёды ўсведамляем, наколькі падобнае супрацоўніцтва выгаднае для ўсіх бакоў? Інвестыцыйная праграма рэканструкцыі “Беларусьфільма” — яскравае таму пацвярджэнне. На кастрычніцкай сустрэчы з журналістамі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук зазначыў: інвестарыне проста задаволены ходам работ на кінастудыі, але і значна павялічылі суму ўкладанняў, што з’яўляецца ці не самым дзейсным доказам іх упэўненасці ў перспектыўнасці супрацоўніцтва.

Акрамя работ на аб’ектах “Беларусьфільма”, распачалася праца над першым з чатырох бізнес-цэнтраў, што з’явяцца паміж комплексам кінастудыі і будынкам тэлебачання. Побач з новымі гмахамі размесцяцца два шматузроўневыя паркінгі, якія будуць абслугоўваць і офісы, і “Беларусьфільм”. А таксама — новы будынак для Тэатра-студыі кінаакцёра: нарэшце ён “пераселіцца” ў нармальныя ўмовы з памяшкання кінатэатра “Масква”, дзе месціцца ў малой кіназале і падвальных памяшканнях, прыстасаваных пад грымёркі.

А ў іншым баку, ля басейна, вызвалена пляцоўка пад першыя два жылыя дамы. Згодна з дамовай, у гэтым жылым комплексе агульнай плошчай у 100 тысяч квадратных метраў работнікам культуры па сабекошце інвестар павінен прапанаваць не менш як 10 тысяч квадратных метраў. Атрымліваецца — адзін з дзесяці запраектаваных дамоў!

Стварыць комплекс

Рэканструкцыя Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” без асаблівай складанасці вылучае на першы план наступнае: не толькі самі творцы зацікаўлены, каб беларускі “кінадом” хутчэй набыў сваё новае сучаснае аблічча — увага да рэканструкцыі пільная і з боку самых высокіх дзяржаўных інстанцый, пачынаючы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На пастаянным кантролі работы і ў Савета Міністраў, сведчаннем чаму — штотыднёвыя штабы пад кіраўніцтвам намесніка Прэм’ер-міністра Аляксандра Косінца…

Як вынік — зладжаная праца, цягам якой студыя літаральна на вачах ператвараецца ў найсучаснейшы кінавытворчы комплекс. І галоўны сакрэт гэткага “чараўніцтва”, падаецца, у тым, што практычна ўсе задзейнічаныя ў няпростым і цікавым працэсе сапраўды ўсведамляюць сваю канчатковую мэту. А значыць, згодна з законамі кінацудаў, яна неўзабаве абавязкова матэрыялізуецца!

 

Таццяна КОМАНАВА