— У расіян не толькі да беларускіх фільмаў, але і да саміх беларусаў вельмі добрыя, цёплыя адносіны. А што да “Лістапада”, то многія мае знаёмыя былі на беларускім кінафестывалі, і ўсе ўпэўніліся: гэта на самой справе вялікае свята для ўсіх людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё кіно, — акцёраў, рэжысёраў, аператараў, крытыкаў. Фестываль зараджаны гуманітарнымі каштоўнасцямі.
Калі мне прапанавалі ўзначаліць журы дакументальных фільмаў, перад вачыма паўсталі карціны са стужак, якія дасылалі беларусы на нашы кінафестывалі, асабліва на “Пасланне да чалавека”, дзе неаднаразова яны атрымлівалі высокія ўзнагароды. Усе фільмы зроблены з душой, любоўю, прасякнуты верай у чалавека і хрысціянскімі запаветамі.
— Якія мэты стаяць сёння перад рэжысёрамі-дакументалістамі?— У час, калі ў мастацкіх фільмах (асабліва ў замежных) ідзе разгул бездухоўнасці, услаўляецца культ цела, грошай, паказваюць здзекі над людзьмі, дакументальнае кіно павінна паставіць бар’ер бруду. Мне вельмі хацелася б, каб адбылася кансалідацыя рэжысёраў дакументальнага кіно, каб яны пабудавалі мост, што аблегчыць гэты шлях. З дапамогай неігравых фільмаў, я ўпэўнены, можна ўзняць дух гледачоў, прымусіць іх задумацца.
— А ці зможа моладзь, рэжысёры XXI стагоддзя, годна прадоўжыць справу заслужаных майстроў дакументалістыкі?— Я бачу вельмі шмат маладых людзей, якія па сваім майстэрстве ідуць упоравень з маімі аднагодкамі. Гэта Алена Рудніцкая, якая прымала ўдзел у шматлікіх фестывалях, Віктар Карсакоўскі. Я выкладаю ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце кіно і тэлебачання, і да нас вельмі шмат прыходзіць вучыцца дзяўчат. Хочацца верыць, што іх фільмы будуць больш душэўныя, чалавечныя, добрыя.
Я не збіраюся ацэньваць дакументальныя фільмы толькі па тэме, якая ўзнімаецца, па маральным пасыле: вельмі важны аўтарскі погляд на мастацкае афармленне твора, асабісты “твар” рэжысёра. На “Лістапад” я іду з задавальненнем, таму што ведаю: прафесіянальных работ тут пабачу шмат!
Алена САБАЛЕЎСКАЯ