15 студзеня мне давялося прысутнічаць на шоу “Моднае пераўтварэнне”, якое можна да нейкай ступені лічыць адаптаванай для Беларусі версіяй згаданай вышэй расійскай тэлепраграмы. Ладзіцца “Моднае пераўтварэнне” не ўпершыню, так што рэжысура ягоная збольшага распрацаваная. Але кожным разам — розныя ўдзельнікі, новыя пляцоўкі, іншая публіка. Адпаведна, у дэталях розняцца і самі імпрэзы, хаця цвіком праграмы нязменна з’яўляецца паказ калекцый беларускіх дызайнераў.
На пачатку гэтага шоу на экране дэманстравалася відэа, у якім стылісты бяруць інтэрв’ю ў жанчыны, якая хацела б змяніць свой гардэроб, а з ім — і ўласны імідж. Далей праца стылістаў і, нарэшце, асоба ў абноўленым вобразе нібыта сыходзіць з экрана і дэфілюе перад публікаю. Атрымліваецца, што спачатку гледачам паказалі закуліссе, а потым і сам спектакль — так, як ва ўжо згаданым “Модным прысудзе”.
Пералічваць усё, што было на шоу, я не стану. Адно скажу: арганізатары парупіліся, каб відовішча было дынамічным, каб гледачам і ўдзельнікам было цікава. Варта згадаць, што дэманстравалі адзенне не прафесійныя мадэлі, а людзі, якія ў вольны ад працы час наведваюць добра вядомую ў сталіцы школу прыгажосці “Разарыум”. Школу ўзначальвае Ірына Садоўская. Яе прынцып: прыгажосці трэба вучыцца з дзяцінства, але пачынаць ніколі не позна. Датычыць гэта і жанчын, якім сам Бог загадаў быць прыгожымі, і мужчын, неабыякавых да сваёй знешнасці. Большасць навучэнцаў школы — моладзь, што цалкам лагічна. Як вядома, “по одёжке встречают”, асабліва на пачатку жыцця. Цікава, аднак, тое, што мадэлінг вабіць і людзей паважанага ўзросту і часам даволі высокага сацыяльнага статусу. У згаданай школе прыгажосці вучацца дэфіле нават тыя, каму за шэсцьдзесят. І, далібог, на подыуме яны глядзяцца вельмі годна. Мне ў сувязі з гэтым згадаўся адказ французскага куцюр’е на пытанне, для якіх жанчын яму цікава ствараць вопратку — для стройных ці мажных? “Для разумных”, — адказаў мэтр.
Відаць, за савецкім часам за адсутнасцю іншых варыянтаў самарэалізацыі такія людзі тусаваліся б у гуртках па інтарэсах пры мясцовым Доме культуры, а цяпер вось ёсць і такі занятак.
Заснавальнік праекта “Моднае пераўтварэнне” Галіна Краўчанка. Для яе характарыстыкі пасуе вызначэнне “self-made”, то-бок асоба, што зрабіла сябе сама. Я запытаўся ў спадарыні Галіны, навошта ёй, паспяховай бізнес-вумен у сферы турызму, спатрэбілася такая спецыфічная і даволі далёкая ад яе асноўнай працы справа?
Яна адказала, што актуальнымі такія шоу зрабіла вымушаная самаізаляцыя, справакаваная пандэміяй. Людзі стаміліся ад засяроджанасці на саміх сабе, ад кантактаў выключна праз Сеціва і тэлефон. Хочацца сустрэч з сябрамі, сумоўя з прыемнымі табе асобамі. Зрэшты, жанчынам хочацца новую сукенку выгуляць… А гэтая імпрэза такую магчымасць стварае. Невыпадкова на яе і прыйшло ўдвая больш людзей, чым чакалася. Гэта першае. Па-другое, хочацца прарэкламаваць нашых дызайнераў. “Трэба, каб іх талент рэалізоўваўся не за мяжою, а на радзіме”, — кажа спадарыня Галіна. Каб людзі бачылі, што дзеля шопінгу не варта выпраўляцца кудысьці ў няблізкі свет, бо нашы стваральнікі моднага адзення робяць сваю справу не горш, чым прызнаныя ва ўсім свеце італьянцы ці французы. Вось і тут на шоу прадстаўлена некалькі калекцый — ад бялізны да футраў. І ўсё гэта аўтарскія рэчы вышэйшай якасці.
Цалкам згодны са спадарыняй Галінай. Таленту трэба рэалізоўвацца на радзіме. І дзяржава мусіць гэтаму спрыяць. Як, дарэчы, спрыяюць дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы прыватнай ініцыятыве Галіны Краўчанка. Іх назвы можна было прачытаць на рэкламных улётках, што запрашалі на імпрэзу, і на рэкламных шчытах, якімі яна была аздобленая.