Згаданы абмен гастролямі, прымеркаваны да зімовых свят, стартаваў у 2015-м і ладзіўся штогод. Але з-за каранавіруса быў вымушаны спыніцца на два гады, таму сёлета праходзіў у шосты раз. Як жа мы засумавалі па гэтых сустрэчах! Бо Тула, як адзначыў са сцэны мастацкі кіраўнік нашага тэатра Адам Мурзіч, займае першае месца сярод гарадоў Расіі на гастрольнай мапе Беларускага музычнага тэатра: “Мы паказалі там ледзь не ўсё створанае за апошнія гады. А рыхтуючы заключны гала-канцэрт, я сачыў, каб туды не трапіў ніводны нумар, што мы паказвалі раней: была зроблена цалкам новая праграма”.
Акрамя вышэйназванага, жыхары Тулы ўбачылі аперэту “Сільва”, музычныя камедыі “Вяселле ў Малінаўцы”, “Труфальдзіна з Бергама” (дарэчы, квіткі на гэты спектакль разышліся імгненна, ледзь толькі з’явіліся ў продажы), мюзікл “Снежная каралева”. А што ж прапанавалі госці?
Адкрыліся гастролі вясновай прэм’ерай да 200-годдзя Ф.Дастаеўскага. “Дзядзечкаў сон” паводле аднайменнай аповесці сусветна знакамітага рускага пісьменніка з беларускімі каранямі працягнуў лінію сучасна ўвасобленай класікі, што стала адной з “фішак” Тульскага тэатра. Чорна-белая палітра з мноствам пераходных шэра-карычневых паўтонаў расквечваецца даданнем зялёнага і ўварваннем чырвонага. Пракладзены праз усю сцэну подыум нагадвае арэлі-качалку, застылую ў адным становішчы. Бо на верхнім канцы — лесвічка, на ніжнім — вазок. Гэтае збудаванне адначасова грае ролю канапкі, лавы, стала, куды ставяць самавар, а галоўнае — паваротнай сцэны. У якасці задніка — пахіленыя дамкі, касыя дзверы, за плотам наверсе таксама раз-пораз адбываецца дзеянне. Вялізны снежны камяк, што катаюць героі ў пачатку і на завяршэнне спектакля, становіцца сімвалам не толькі зімы, але і гэткай “заснежанасці душы”. І, вядома, таго кома плётак, што ўзрастаюць вакол Зіны і нягеглай гісторыі заляцання да яе князя К. — старога з псіхалогіяй шкадліва-капрызлівага дзіцяці-падлетка. Дамы, што завітваюць да Маскалёвых, вырашаны парадыйна. Палкоўніца — увогуле ў фарсавай манеры, пачынаючы са знешняга выгляду, дзе гусарскі мундзір з эпалетамі спалучаецца з пышнымі панталонамі, што замяняюць спадніцу. Смерць увасоблена праз таямнічую Жанчыну ў чорным, нябачную персанажам. Дадаткова ажыўляе спектакль яго музычнае афармленне. Лейтматывам становіцца руская вясельная песня, што гучыць у народнай манеры. А раманс Зіны пад гітару ўвогуле зрывае апладысменты.
Больш проста і немудрагеліста пастаўлены камедыі. Тым не менш “Красуня і сям’я”, акрамя камічнай меладраматычнай лініі прыгажуні і яе трох мужоў, добра акцэнтавала ўзнятыя У.С.Моэмам пасля Першай сусветнай вайны і надзвычай актуальныя для сучаснасці тэмы: сапраўднага і кваснога патрыятызму, нізкага сацыяльнага становішча тых, хто прайшоў праз выпрабаванні фронту, і заможнасці некаторых чыноўнікаў, што заставаліся ў тыле. Застылыя позы гераіні, якая сушыць манікюр, выклікалі асацыяцыі з Галатэяй. Шырмы з вокнамі і дзвярыма, на жаль, цалкам бяздзейнічалі, застаючыся звыклым у камедыях фонам. А вось графічныя выявы задніка вымушалі згадаць старадаўнія літаграфіі.
Завяршаліся гастролі французскай камедыяй. “Авантурыст (Блэз)” К.Манье, што з’явіўся на тульскай афішы ў 2019-м, быў пастаўлены ў нашым тэатры імя Максіма Горкага годам раней, прычым у іншым перакладзе і з іншай назвай — “Як стаць багатым”. Параўнанняў было не пазбегнуць, і яны прывялі да думкі не толькі пра рознасць увасабленняў, але і пра адлюстраванне ў гэтых спектаклях некаторых нацыянальных мастацкіх рыс. Камедыя становішчаў паўстала ў нас адухоўлена лірычнай гісторыяй кахання, сучаснай “Папялушкай”, дзе ўсе жартачкі пададзены даволі інтэлігентна, а героі выклікаюць спачуванне. Тульская версія вырашана ў больш лубочным стылі, з момантамі адкрытай пародыі і фарсу. Прапанову стаць яго жонкай герой робіць прыслужніцы не таму, што ацаніў яе якасці і свае пачуцці, а ўсяго толькі ад адчаю, каб, крый божа, не ажаніцца са сваёй нявестай.
Як ні дзіўна, кульмінацыяй гастрольных паказаў сталася “Аліса ў Краіне цудаў”. Ранішнія спектаклі звычайна бываюць дадаткам да сур’ёзнага дарослага рэпертуару. Дый “Алісай...” нас здзівіць цяжкавата: абсурдысцкая казка Л.Кэрала ідзе адразу ў некалькіх нашых тэатрах, на апошняй Нацыянальнай тэатральнай прэміі былі прадстаўлены дзве розныя пастаноўкі. Да таго ж цяперашняя тульская версія 2019 года шмат у чым з’яўляецца пераносам і пэўнай адаптацыяй ранейшага спектакля Калужскага драмтэатра, які ўвесну 2014-га ўключаў яго ў афішу абменных гастроляў з нашым. Абедзвюх прывазных “Аліс...” ставілі рэжысёр з Тулы Веніямін Найман і мастачка з Калугі Людміла Някрасава. Чым не прыклад творчага “сяброўства гарадамі”?
Спектакль прынёс неверагоднае задавальненне не толькі дзецям, але і, нават у куды большай меры, тынэйджарам і сталым гледачам. Безліч фантазіі, вынаходлівасці, прыгажосці, асабліва ў сцэнічных строях. Атмасфера нязмушанай гульні — і яе супрацьстаўленне свету “ўпарадкаванаму”, ды надта механістычнаму. Параўноўваючы тульскі спектакль з архіўным калужскім, выкладзеным у інтэрнэце, можна заўважыць, як развіваліся, удакладняліся, удасканальваліся рэжысёрскія ідэі. Ды ўсё ж некаторыя цікавыя, на мой погляд, рэчы былі страчаны. На жаль? Проста спектакль пры ўсёй падобнасці “карцінкі”, мізансцэн ды іншых дэталяў аказаўся іншым. Хаця эпізоды са зласлівай Дамай чырваў — Чырвонай Каралевай — выпадаюць з агульнай танальнасці сваёй безгустоўнасцю. Пэўна, гэта было зроблена наўмысна, каб падкрэсліць прынцыповую супрацьлегласць дабра і зла, але выглядае парушэннем зададзеных эстэтычных каардынат, якія не прадугледжвалі спасылкі на вар’етэ.
Больш цікавай магла б быць і харэаграфія — асабліва пры такой цудоўнай аўтарскай музыцы Наталлі Голубевай, ураджэнкі Санкт-Пецярбурга і колішняй выхаванкі беларускай кампазітарскай школы. Выпускніца нашай Акадэміі музыкі, Наталля Голубева прыцягнула ўвагу сваімі авангарднымі, часам эпатажнымі творамі яшчэ ў гады студэнцтва ў класе кампазіцыі Андрэя Мдывані, далейшага навучання ў асістэнтуры-стажыроўцы ў Дзмітрыя Смольскага і аспірантуры па эстэтыцы ў Арыядны Ладыгінай. А потым з’ехала ў Калугу, дзе паралельна з кампазітарствам стала доктарам філасофскіх навук. Такая повязь музыкі з філасофіяй не магла не прывесці яе да кэралаўскай “Алісы...”, дзе музыка схавана ў гульні слоў, а філасофія — у агульным сюжэтным разгорце.
На жаль, астатнім спектаклям з Тулы відавочна неставала працы кампазітара, якая магла б замяніць аўдыяшэраг “на падборы”. Работа ж артыстаў прыцягнула натуральнасцю маўлення і сцэнічных паводзін. Акцёры аднолькава выдатна пачувалі сябе і ў акустычных умовах, і з гарнітурай, нідзе не фарсіравалі гук. Гэтым якасцям маглі б павучыцца ў іх нашы артысты — Музычнага тэатра ды іншых калектываў.