Арво ІХО, кінарэжысёр (Эстонія): “У Беларусь еду з праектамі”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Адзін з гасцей фестывалю — эстонскі кінарэжысёр, аператар, акцёр, мастак і прадзюсер Арво ІХО, фільм якога “Кружоўнік” будзе ўдзельнічаць у конкурснай праграме мастацкіх стужак.

 /i/content/pi/cult/183/1877/Iho.jpg
З першых крокаў у кінематографе эстонскі рэжысёр заявіў пра сябе як
прыхільнік псіхалагічных фільмаў. Яшчэ ў 1977 — 78 гг. Арво Іхо быў стажорам на здымках фільма Андрэя Таркоўскага «Сталкер». Як рэжысёр дэбютаваў сацыяльна-псіхалагічнай драмай “Гульні для дзяцей школьнага ўзросту”. У якасці аператара зняў сем ігравых і каля 15-ці кароткаметражных стужак. На яго рахунку і чатыры персанальныя фотавыстаўкі. Прадстаўлены сёлета беларускім гледачам фільм апавядае пра гісторыю авангарднага мастака.
Перад прыездам Арво Іхо ў Мінск карэспандэнт “К” пагутарыў з рэжысёрам.

— З якімі пачуццямі вы едзеце на беларускі кінафестываль?
— Мне вельмі цікава пабываць на фестывалі “Лістапад”. Гэта добрая нагода яшчэ раз убачыць Беларусь, дзе я апошні раз быў у сярэдзіне 90-х. Да таго ж, цікава пазнаёміцца з добрымі фільмамі, прадстаўленымі ў праграме, і, безумоўна, з тымі, хто іх ствараў. Хочацца таксама пабачыцца і са старымі сябрамі, што працуюць у Мінску. Не абыякавай будзе для мяне і ўспрыняцце мінскай публікай майго фільма “Кружоўнік”.
— А ці супрацоўнічалі вы раней з беларускімі кінематаграфістамі? Магчыма, ёсць ідэі і для далейшай сумеснай работы?
— Так, беларускі аператар Таццяна Логінава ў 1987 годзе здымала мой мастацкі фільм “Назіральнік”. Я з вялікім задавальненнем і надалей прадоўжыў бы працу з беларускімі калегамі. А на “Лістапад” планую ўзяць з сабой некаторыя праекты. У прыватнасці — сцэнарый, разлічаны на двухбаковае супрацоўніцтва. Увогуле, сёння здымаць фільмы — справа далёка не простая: шмат часу займае якраз не творчая работа, а пошук фінансавых сродкаў. І калі ў савецкі час прафесійныя рэжысёры маглі здымаць фільм раз на два гады, то цяпер у мяне атрымліваецца пяць і болей гадоў перапынку паміж стужкамі. Таму вельмі важна аб’ядноўваць агульныя намаганні па стварэнні якаснай кінапрадукцыі — тым больш, у Беларусі маюцца добрыя традыцыі ў гэтай галіне.

Канстанцін АНТАНОВІЧ