Людміла Карніловіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама:
— Над праектам Канстытуцыі праведзена вялікая работа, і тое, што ў ім шмат паправак датычыцца культуры, толькі пацвярджае гэта. Мяне радуе, што павага да нацыянальных традыцый і, ў першую чаргу, да саміх сябе і кожнага асобнага грамадзяніна будзе ўнесена ў Асноўны Закон краіны, бо без пераемнасці досведу ад старэйшага пакалення немагчыма вызначыцца, куды крочыць далей. Пра гэта гаворыць і адна з першых паправак у праект Канстытуцыі “Аб захаванні памяці гераічнага подзвігу нашага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны”. Але ж не толькі пра баявыя заслугі людзей тут гаворка, але і пра адраджэнне эканомікі пасля ліхалецця, і пра шчаслівае жыццё некалькіх пакаленняў на гэтай бацькоўскай спадчыне. На Глыбоччыне праводзіцца растлумачальная работа па ўнясенні паправак у Канстытуцыю, выслухоўваюцца прапановы ад насельніцтва. Сапраўды, людзі цяпер зацікаўлены надыходзячымі зменамі, і мы шмат абмяркоўваем з імі гэта на афіцыйных сустрэчах.
Наталля Біскуп, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама:
— Павага да традыцый і ўдзел дзяржавы ў выхаванні моладзі асабліва актуальныя для нашага раёна з багатай гісторыяй і гістарычнымі помнікамі. Нагадаю, што Мсціслаўская харугва, падначаленая князю Сямёну Лугвенію, дапамагла перамагчы крыжакоў пад Грунвальдам. А таму “Мсціслаўскі фэст”, брэндавае свята рэгіёна з рыцарскімі турнірамі і сярэднявечным флёрам, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў моладзі, рэгулярна збірае больш за тысячу гасцей, з’яўляецца самаакупным. Разнастайныя аспекты гістарычнай памяці, работу ў гэтым кірунку з моладдзю слушна замацаваць у новай рэдакцыі Канстытуцыі. У насельніцтва выклікае цікавасць работа, што вядзецца цяпер над Асноўным Законам, мы выслухоўваем шмат прапаноў і тлумачым тыя, якія ўжо ёсць у праекце.
Наталля Аксёнава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лунінецкага райвыканкама:
— Для мяне ў праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі важна стымуляванне бацькоў выхоўваць дзяцей, а таксама непарушныя абавязкі дзяржавы клапаціцца пра тых дзяцей, якім гэта патрэбна. Бо будуць разумныя, шчаслівыя і выхаваныя дзеці — будзе і далейшае жыццё і росквіт дзяржавы. На Лунінеччыне дзейнічае сацыяльна-педагагічны прытулак і чатыры дамы сямейнага тыпу, дзе робяць усё магчымае для стварэння належных умоў іх жыхарам. Таксама у нашым раёне вялікую пашану аддаюць шматдзетным сем’ям, дзе пануе дабрабыт, імкнучыся ўшаноўваць іх на кожнай урачыстасці.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ