Леанід МАЗГАВОЙ, заслужаны артыст Расіі: “Думай пра чалавека!”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

У складзе міжнароднага журы “Лістапада” сёлета будуць і пераможцы фестывалю мінулых гадоў. Адзін з іх — лаўрэат прэміі за лепшую мужчынскую ролю ў 2001 годзе, расійскі акцёр Леанід МАЗГАВОЙ. Перад прыездам на “Лістапад” ён адказаў на некалькі пытанняў “К”.

 /i/content/pi/cult/183/1875/Mazgavoj.jpg
— Леанід Паўлавіч, вы ўжо неаднаразова бывалі ў беларускай
сталіцы — як пад час здымак у мастацкіх фільмах, на гастролях, так і на нашым міжнародным кінафестывалі...

— На кожны “Лістапад” я еду заўсёды з вялікай асалодай, і не толькі таму, што некалі атрымаў на ім узнагароду: мне падабаецца тая атмасфера, што прысутнічае ў мінскіх кіназалах пад час прагляду таго ці іншага фільма. Ды і сам горад спрыяе творчаму настрою: чысты, утульны, спакойны. Тое самае можна сказаць і пра іншыя беларускія гарады, дзе бываў на гастролях: Віцебск, Гомель, да прыкладу. Што да самога фестывалю, то з прычыны здымак у Маскве на адкрыццё фестывалю я, на жаль, не паспею, аднак спадзяюся разам са сваімі калегамі па журы справядліва ацаніць усе прадстаўленыя ў конкурснай праграме фільмы.

— У чым вы бачыце развіццё беларускага кінематографа? Ці варта нам ісці па расійскім шляху камерцыялізацыі індустрыі мастацкіх фільмаў?

— Сёння вялікі клопат для кінематаграфістаў выклікае сітуацыя, калі некаторыя людзі, што выдаткоўваюць сродкі на стварэнне мастацкай стужкі, абсалютна не маюць эстэтычнага густу. У выніку гэтага з кожным годам усё менш фільмаў здымаюцца “для душы”, а на першы план выходзіць масавая культура. Якасныя стужкі павінны прымушаць гледача задумацца аб вечных пытаннях, думаць пра чалавека.

І хацелася б адзначыць высокі прафесіяналізм вашых акцёраў, што, безумоўна, спрыяе развіццю кінематографа ў цэлым, выводзіць яго за межы выключна нацыянальнага ўзроўню.