П’еса, некалькі гадоў таму напісаная ўкраінскім рэжысёрам Яўгенам Тышчуком, ужо знайшла беларускую прапіску — у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, дзе была ўвасобленая Міхаілам Лашыцкім не толькі ў разліку на стацыянарную сцэну, але і з прыцэлам на выезды. У сталіцы за няхітрую фантастыку на чатырох дзейных асоб узяўся Арцём Пінчук, які выдатна сумяшчае акцёрскую дзейнасць з рэжысёрскай.
Казка гэтая сама па сабе вельмі простая, без асаблівых сюжэтных вывертаў — і вельмі добрая, прасякнутая ласкавай усмешкай і дзіцячым светаадчуваннем. На Зямлю выпадкова звальваецца Іншапланецёнак, сустракае Кацяня, Ільвяня, разам з імі выратоўваецца ад Грызольды-звералова і з дапамогай сяброў вяртаецца дадому. А бурліва-бурклівая цётухна “перавыхоўваецца” ў Грызольду-кветкавода — цудоўная альтэрнатыва, што дазваляе выплюхнуць ёй сваю энергію, памножаную на адзіноту.
У спектаклі добра знойдзены характары і пластыка персанажаў (балетмайстар — Марына Баранава). Грызольда (Ірына Антонава) атаясамліваецца з вялізнымі, выцягнутымі праз усю сцэну рукамі — папраўдзе “загребущими”, бо “пазычанымі” з эстэтыкі і сучасных прыёмаў тэатра лялек. Іншапланецёнак (Ганна Цыральчук) — з асаблівай хадой і гэткімі сцішана мяккімі, прыглушанымі рухамі робата. Прыдуманае для яго аблічча — маленькая творчая перамога мастачкі Лідзіі Малашэнка, прычым далёка не першая ў яе звонкай скарбонцы. А вось набліжаныя да рэалізму, але нерухомыя, як у пудзілаў, звярыныя маскі Кацяня (Валянцін Уласень) і Ільвяня (Аляксандр Дамашэвіч) цалкам хаваюць твары артыстаў, пазбаўляюць герояў мімікі. Ведаю, што сёння многія маладыя мамы занепакоеныя, маўляў, з-за надта прыблізнага ўвасаблення жывёл у сучасных мульціках дзеці перастаюць уяўляць, як насамрэч тыя жывёліны выглядаюць. Але тэатр — гэта пляцоўка фантазій і мастацкага бачання. Тым больш што ўсё роўна героі са звярынымі пысамі апрануты ў штанцы ды кашулі, а іх залішняя “касматасць” на твары так і наровіць парушыць агульную гулліва-паэтычную атмасферу спектакля.
Затое дадатковую атмасфернасць прыўносілі выбітныя фатазоны, створаныя з частак дэкарацый ранейшых спектакляў тэатра. Дарэчы, чаму б не зрабіць гэта новай разыначкай? І суправаджаць прэм’еры гэткімі атмасфернымі куточкамі з адпаведнай шыльдачкай. Бо зробленыя сэлфі ды іншыя “фоткі”, змешчаныя ў сацыяльных сетках, стануць дадатковай рэкламай — тым сарафанным радыё, што часцяком спрацоўвае лепей за многія грашова затратныя праекты.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ