— На жаль, я не надта знаёмы з апошнімі кінаработамі. Адной з магчымасцей паглядзець, што робіцца ў гэтай галіне, з’яўляюцца фестывалі накшталт “Лістапада”. Шчыра кажучы, я не ў курсе новых кінематаграфічных з’яў. Тым не менш, зазначу: мне вельмі прыемна, што ў вас рэгулярна праводзіцца гэты фэст. І хоць я прыеду не на ўвесь тэрмін “Лістапада”, спадзяюся, мне выпадзе шанц пабачыць нямала цікавага і адметнага.
— Цікава даведацца, які ваш самы любімы фільм з ліку тых, дзе давялося сыграць?
— Усё ж, напэўна, адзін з першых фільмаў, дзе я здымаўся ў 1966 годзе, — “Ніхто не хацеў паміраць”. Ён і застаўся любімым. У розны час я выконваў ролі і сур’ёзных людзей, і не надта. Мне ўдалося папрацаваць і ў камічным жанры: фільм “Трэст, які лопнуў”, дзе ў дуэце з Мікалаем Карачанцавым выконвалі ролі няўдачлівых жулікаў. Гэта было цікава.
— Цяпер многія адзначаюць тэндэнцыю, калі на экраны трапляе вельмі шмат жорсткасці. Як вы ставіцеся да гэтай праблемы?— Вядома, мне гэтая тэндэнцыя таксама не даспадобы. І ўсё ж ствараюцца ў Беларусі, у Расіі ды іншых краінах карціны, якія больш распавядаюць пра чалавека, прыгажосць яго ўнутранага свету. Я жадаю кінематаграфістам Беларусі, каб, перш за ўсё, яны мелі магчымасць здымаць — гэта значыць, мець сродкі на стварэнне фільмаў: усё ж кіно без грошай не зрабіць. І, па-другое, каб беларускія кінатворцы браліся за тэмы, якія іх саміх хвалююць, якія ім самім цікавыя. Гэта самае галоўнае.
— Ці ёсць ролі, якія марыце выканаць?— Ведаеце, я ўжо даўно не мару пра нейкія канкрэтныя ролі. Бо разумею: усё залежыць ад таго, ці запросяць цябе. Каліж мне прапануюць штосьці цікавае, — я, безумоўна, пагаджуся. Вось роля Казановы, якую цяпер выконваю ў тэатры, надзвычай блізкая мне, бо маю ўжо больш за 70 гадоў... І цяжка вызначыць, што гэта за п’еса, які яе жанр — прытча, камедыя, гратэск?..
— Вялікі дзякуй за размову. Жадаем вам поспеху ва ўсіх справах, жаданых роляў ды натхнення!Наталля БАДЗІЛОЎСКАЯ