— Для горада фестываль — важнае іміджавае мерапрыемства, здатнае павысіць яго міжнародны аўтарытэт. Гэта і гонар, і радасць, але — і вялікая адказнасць. Таму да “Лістапада” мы штогод дбайна рыхтуемся. Прычым тое тычыцца не толькі ўласна кінатэатраў, не раўнуючы, усе з якіх задзейнічаны пад час фестывальных імпрэз. Не будзе перабольшваннем сказаць, што да “Лістапада” рыхтуецца літаральна ўвесь горад. Прайдзіцеся зараз па яго вуліцах, і ў вас, напэўна, з’явіцца прыемнае прадчуванне фестывалю: паўсюль — расцяжкі, афішы...
Затраты на правядзенне форуму вельмі вялікія, але мы не шкадуем ні сродкаў, ні высілкаў. Бо разумеем: увесь наступны тыдзень фестываль будзе адной з галоўных падзей гарадскога жыцця, перыядам, калі і кіраўніцтва горада, і яго жыхары будуць у атмасферы “Лістапада”.
І адказаць на ваша пытанне можна было б вельмі коратка: фестываль патрэбны Мінску хаця б таму, што ён вельмі патрэбны мінчанам. Яны папраўдзе чакаюць гэты фэст, чакаюць з цікавасцю і надзеяй на новыя адкрыцці.
Паверце, у мэрыі апошнімі днямі проста тэлефоны разрываюцца ад колькасці званкоў, датычных фестывалю! І гэта сведчыць пра тое, што нам удалося “пасябраваць” гледачоў з “Лістападам”. Часцяком нават самыя вялікія сталічныя залы не змяшчаюць усіх ахвотных туды патрапіць.
Думаю, “Лістапад” зрабіў свой унёсак у тое, каб сталічны глядач вярнуўся ў кінатэатры. Менавіта дзякуючы фестывалю ў многіх людзей з’явілася памкненне “парадніцца з кіно”, абудзілася сапраўдная глядацкая цікавасць.
— Але ж фестываль не лакалізуецца аднымі толькі кінатэатрамі...— Гэта праўда. Скажам, “Лістападзік” сёлета выйдзе далёка за межы кінатэатра “Піянер”, дзе пройдуць яго конкурсныя паказы. Мы прыклалі намаганні дзеля таго, каб ахапіць як мага болей аўдыторыі школьнага ўзросту, — а гэтага можна дасягнуць, толькі зрабіўшы ёй крок насустрач. Таму, напрыклад, у школах з тэатральным ухілам свае майстар-класы правядуць вядомыя акцёры з розных краін свету, а настаўнікі гісторыі атрымаюць магчымасць сустрэцца са стваральнікамі фільмаў на адпаведную тэматыку.
— Без сумневу, кінапаказы і сустрэчы з зоркамі кіно — гэта толькі невялічкая, адкрытая для вачэй публікі частка таго складанага механізма, якім з’яўляецца міжнародны кінафорум...
— Паглядзіце на фестываль вачыма вядомага творцы, які ўпершыню трапляе ў Мінск. Ад чаго залежаць ягоныя ўражанні ад нашай сталіцы і Беларусі ў цэлым? Ад таго, ці ветла яго сустрэнуць у аэрапорце або на вакзале, якія адметнасці горада яму пакажуць, ці добра арганізуюць працу і вольны час. Тут дробязей не бывае. Гасцей трэба размясціць, накарміць, урэшце, стварыць добры настрой, пазбавіць ад розных прыкрых клопатаў. І мы разумеем, што ўсе гэтыя клопаты павінен узяць на сябе горад — па праве гаспадара.
— Якія мінскія адметнасці прыцягваюць асаблівую ўвагу VIP-персон?— Нам ёсць што паказаць гасцям — і з гісторыі Мінска, і з яго сучаснасці. Згадайма хаця б навюткі, абсталяваны паводле апошняга слова тэхнікі кінатэатр “Беларусь”. Аднак іх здзіўляюць не толькі адметнасці, але і тыя рэчы, да якіх мінчане ўжо настолькі прызвычаіліся, што папросту не звяртаюць на іх увагі. Напрыклад, чысціня вуліц: яе са здзіўленнем адзначаюць літаральна ўсе госці! Нават выпытваюць у мяне нейкі адмысловы сакрэт, як удаецца яе дасягнуць.
— Пытанне пра тое, як ацэньваюць госці плён вашых высілкаў, думаецца, будзе нават залішнім. За ўсю гісторыю фестывалю не згадаю ніводнага кепскага водгуку пра Мінск...— Сапраўды, ацэнка гасцей заўсёды нас радуе. Але мы просім адносіцца да ўсяго ўбачанага ў Мінску крытычна. Для нас істотныя меркаванні і заўвагі гэтых паважных людзей, яны дапамагаюць ўдасканальвацца. Бывае, чалавек дае нам нейкую параду, а праз год прыязджае на наступны фестываль і бачыць, што яна ўжо ўвасоблена ў жыццё.
Творцы — гэта асаблівыя людзі, і я стаўлюся да кожнага іх меркавання з надзвычайнай павагай. Думаю, больш пільнага погляду на жыццё горада, чым погляд рэжысёра або артыста, не бывае. Мінск многім падабаецца менавіта таму, што жыццё тут не застыла, яно ўвесь час віруе.
— Напэўна, пад час арганізацыі фестывалю вам давялося асабіста пазнаёміцца са многімі з гэтых людзей, убачыць іх не толькі на экране, але і, скажам так, у нефармальнай абстаноўцы...— На фестывалі назіраю за тым, як паводзяць сябе простыя мінчане. І заўважаю цэлую гаму эмоцый на іх тварах, калі бачаць у якім метры ад сябе сапраўдных зорак кіно, людзей, якімі раней можна было захапляцца адно “здалёк”, а цяпер яны — тут, побач, літаральна на адлегласці выцягнутай рукі... Гэтая радасць — яшчэ адзін аргумент на карысць фестывалю.
Прызнацца, я таксама перажыў гэты эмацыйны запал, калі ўпершыню атрымаў магчымасць паціснуць руку такім знакамітасцям. А цяпер шмат з якімі заўсёднікамі фестывалю будзем сустракацца як са старымі сябрамі.
— А ці лёгка ўдаецца знаходзіць паразуменне з зоркамі кіно? Бо, калі верыць публікацыям у “жоўтых” СМІ, яны нярэдка вылучаюцца сваёй капрызлівасцю... Асабліва ў побытавым плане.— Няпраўда! Паверце, у жыцці гэта нармальныя людзі, такія, як мы з вамі. У чымсьці яны моцныя, у чымсьці — патрабуюць чуласці. Усведамляючы гэта, працаваць з імі і знаходзіць агульную мову становіцца вельмі лёгка.
— Што ж, на развітанне застаецца адно пажадаць вам поспеху ў гэтыя напружаныя дні...— Дзякуй! Але для нас, арганізатараў, гэты фестываль, па вялікім рахунку, ужо адбыўся: большасць працы і высілкаў засталіся ў мінулым. А вось наступны... Над ім мы ўжо пачалі працаваць. Акурат нядаўна мне тэлефанаваў Расціслаў Іванавіч Янкоўскі, і мы абмяркоўвалі, якім павінен стаць 16-ты “Лістапад”. Упэўнены, што гутарка пра гэта будзе весціся і ў кулуарах Палаца Рэспублікі, і пад час прыёмаў, і на розных творчых сустрэчах.
Фестываль толькі сваёй назвай прывязаны да канкрэтнага месяца. Насамрэч, ён жыве круглы год.
Ілля СВІРЫН