Васіль ЛАНАВОЙ, народны артыст СССР (Расія): “Толькі з класікай застаюцца ў гісторыі”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Васіль Сямёнавіч — у ліку тых асоб, да якіх немагчыма не ставіцца з піетэтам. “Самы галоўны афіцэр краіны”, кумір многіх пакаленняў... Дзякуючы ўвасобленым Васілём Сямёнавічам героям многія хлопчыкі пайшлі ў ваенныя, а колькі жанчын марылі, каб іх каханыя былі падобныя да ўлюбёных персанажаў — верных, доблесных, высакародных…

 /i/content/pi/cult/183/1869/Lanavoj.jpg
Сёлета на кінафестывалі “Лістапад” спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” будзе ўручаны Васілю ЛАНАВОМУ, лаўрэату Ленінскай прэміі, прафесару, загадчыку кафедры мастацкага слова тэатральнага вучылішча імя Б.Шчукіна.
Карэспандэнт “К” звязаўся са славутым акцёрам напярэдадні наведвання ім беларускай сталіцы.

— Васіль Сямёнавіч, ці адчуваеце
вы пераемнасць у расійскім кіно традыцый савецкай школы?

— Традыцыйная руская класіка, на мой погляд, заўжды была асновай усіх культур — і кіно, і жывапісу, і тэатра. Захоўваць лепшыя бакі савецкага кіно сёння неабходна. Без мінулага няма будучыні — нельга адкідваць тое, што стварала гонар нашай вялікай краіны, нельга гэтага саромецца. Разумееце, раней у магутную савецкую культуру ўліваліся мноства ручаёў — беларуская культура, украінская, казахская, руская, — і ўсе разам яны стваралі магутную плынь, якая віравала і натхняла кожнага. Сёння адкінуць гэтую спадчыну — было б вялікай памылкай, і дзякуй Богу, што людзі пачынаюць разумець гэта і вяртацца да таго мінулага, адкінутага на пэўным этапе як непатрэбнае. Трэба абавязкова захоўваць і вучыцца ў нашых вялікіх літаратараў, інакш мы ператворымся ў Фаму, які не памятае сваёй роднасці.

Сёння расійскае кіно часам імкнецца быць падобным да заходніх аналагаў: бяздумна капіруе формы, імкнецца штосьці камусьці даказаць, здымае бясконцыя сіквелы “Афіцэры-2”, “Афіцэры-3”, спекулюе на танных жарсцях і г. д., — і ў выніку губляе сваё адметнае і непаўторнае. Толькі абапіраючыся на сваю культуру, класіку, і магчыма ствараць творы, якія застануцца ў гісторыі. Без шанавання духоўных каштоўнасцей нічога не будзе.

Паўтаруся, мяне радуе, што сёння гэта пачынаюць разумець. Сёння, нарэшце, назіраюцца змены, якія ўсяляюць надзею на вяртанне нашых традыцый.

— Васіль Сямёнавіч, сёння вас вельмі чакаюць на нашым фестывалі “Лістапад”. Дазвольце традыцыйнае пытанне: якія людзі, падзеі звязваюць вас з Беларуссю?

— Прызнаюся, на вашым фестывалі я так ні разу і не быў, хоць запрашалі мяне неаднойчы: я быў вельмі моцна заняты ў тэатры, і сёння сітуацыя амаль тая ж самая — рыхтуюся да прэм’еры. Але раней я бываў у Беларусі часта. У мяне там былі цудоўныя сябры — Мікалай Яроменка і яго сын. На жаль, яны ўжо сышлі з жыцця. Але я памятаю, як мы здымаліся з Яроменкам-старшым у міліцэйскіх дэтэктыўных стужках “Пятроўка, 38”, “Агарова, 6” рэжысёра Барыса Грыгор’ева. І Мікалай-старшы іграў майго начальніка. Цудоўны быў чалавек…

Памятаю, як з тэатрам яшчэ ў савецкія часы ездзілі да вас на гастролі. Выязджалі на два месяцы, ігралі на дзвюх пляцоўках. Гэта былі сапраўды ўражальныя падзеі для тэатра, для гледача. А сёння: прыязджаеш на дватры дні— і назад. Гэта ўжо зусім не гастролі, а так, немаведама што. Беларусь, безумоўна, выклікае ў мяне самыя цёплыя эмоцыі, і мне заўжды прыемна, калі вы мяне запрашаеце.

— Васіль Сямёнавіч, вы ігралі і іграеце персанажаў, якія ўвасабляюць ідэал мужнасці для многіх пакаленняў. Але сёння прынята гаварыць пра тое, што ў сучасным грамадстве назіраецца “крызіс мужнасці”. Сапраўдныя мужчыны сыходзяць. Што вы як акцёр, які ўвасобіў эталонных герояў стагоддзя, можаце адказаць на гэта?

— Мяркую, што гэта часовая з’ява. І Расія, і Беларусь заўжды мелі сапраўдных мужыкоў, якія ўражваюць, — прыгожых, мужных, моцных. Галоўнае, каб яны былі запатрабаваны дзяржавай, — тады яны нікуды не знікнуць. А жанчыны не будуць турбавацца з гэтай нагоды. Славянскія мужчыны — абаронцы, заўжды вылучаліся прыгажосцю, сілай духу, самаахвярнасцю. Не думайце, што яны зніклі. Яны — ёсць! А сённяшні крызіс — гэта часовыя рэчы. Глядзіце наперад з аптымізмам!

— Над якой роляй вы працуеце зараз, Васіль Сямёнавіч? Ведаю, што ў снежні ў тэатры імя Вахтангава — прэм’ера з вашым удзелам… Гэта будзе той самы сапраўдны герой?

— Так, 8— 9 снежня мы паказваем спектакль “Последние луны” па п’есе Ф.Бардона. Цудоўны драматург, неверагодна складаная п’еса. Не ведаю, што ў выніку атрымаецца, але зараз увесь час праводжу ў тэатры. Гэта герой, але не такі, якога, мабыць, вам хацелася б убачыць. Гэта гісторыя пажылога чалавека, які з прычыны стасункаў з сынам вымушаны пераехаць у дом састарэлых. Вельмі складаная гісторыя, кранальная, павучальная. Гэта была ў свой час апошняя роля Марчэла Мастраяні. Ёю ён своеасабліва падводзіў вынікі свайго жыцця. І мне ўжо хутка будзе 75 гадоў (16 студзеня 2009 года. — Д.А.), — час падводзіць вынікі.

— Ну што вы! Іх падводзіць яшчэ зарана. Бо вы заўжды для нас, жанчын, — лепей за ўсіх!

— Дзякуй вам за добрыя словы!

— Дзякуй вам за гутарку!