Сёлета, калі беларускаму кіно споўнілася 97 гадоў, акцэнт у святкаванні сімвалічна быў зроблены на паўвекавым юбілеі беларускай анімацыі, які прыпаў менавіта на гэты, 2021 год. Віншаванні ў адрас беларускіх кінематаграфістаў, супрацоўнікаў і ветэранаў кінастудыі “Беларусьфільм” накіравалі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. На свяце ў Доме кіно іх зачытаў намеснік міністра культуры Валерый Грамада. У рамках мерапрыемства былі ўручаны пачэсныя ўзнагароды міністэрства культуры — сярод узнагароджаных былі як стваральнікі фільмаў, так і супрацоўнікі кінапракатных арганізацый. Адбыліся таксама выступленні артыстаў Тэатра-студыі кінаакцёра і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Скончылася ўрачыстая падзея паказам анімацыйных стужак, неаднойчы ўшанаваных прызамі розных кінафестываляў: “Піліпка” рэжысёра Таццяны Кубліцкай, “Дзед” рэжысёра Аляксандра Ленкіна, “Ронда-капрычыёза” рэжысёра Ігара Воўчака і “Лагодны воўк” рэжысёра Наталлі Хаткевіч.
На стар. 5 чытайце артыкул пра рэстаўрацыю фондаў беларускага кіно.