На пачатку акупацыі маці было 13 гадоў. Не буду расказваць пра цяжар тае пары. Былі і часіны адхлання. Да прыкладу, аднойчы ў хлеўчуку сваіх вясковых сваякоў Сняжковых (колішні намеснік Старшыні Саўміна БССР Ніна Сняжкова — таксама наша дальняя родзічка) яна знайшла куфар, набіты кнігамі. Той куфар нават на маю будучыню паўплываў у пэўнай ступені. А лёс маці быў вызначаны дакладна. Кніжнае багацце належала студэнту-філолагу (падаецца, яго Мішам звалі). З першых дзён Вялікай Айчыннай ён пайшоў добраахвотнікам на фронт. А маці пачала “заглыбляцца” ў куфар. У выніку без праблем паступіла ў Гомельскі педінстытут імя Чкалава (цяпер — універсітэт Скарыны) і доўга яшчэ здзіўляла калег дасканалым веданнем сусветнай літаратурнай класікі.
Маці навучыла мяне не толькі чытаць, яна накіроўвала маё чытанне. Свае дзіцячыя хваробы згадваю як шчаслівы час адкрыццяў. Мне, вызваленаму ад школы, маці прыносіла з бібліятэк падшыўкі часопісаў. Уражанне такое, што менавіта тады я прачытаў самае галоўнае, а сёння толькі перачытваю. Словам, вырасла тое, што вырасла. Дарэчы, са спісу літаратуры, рэкамендаванай маці для майго творчага сталення, я не паспеў прачытаць яшчэ дзве кнігі. Мой куфар пакуль не пусты.
Класны кіраўнік 9 “Б” класа Лідскай сярэдняй школы № 11 Наталля Анашкевіч лічыць, што чытанне — працэс святы. Яна дадае, што падчас 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча яе вучні наведалі Дом Валянціна Таўлая пры Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. “Падлеткі, — піша спадарыня Наталля, — паўдзельнічалі ў інтэрактыўным мерапрыемстве “У бібліятэчны свет запрашае Паэт”. Навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун запрасіў у падарожжа па мастацкім свеце Багдановіча. Такім чынам вучні пабывалі ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі, Вільні і Ялце, патрымалі ў руках факсімільнае выданне зборніка “Вянок”.
Працягвае тэму бібліятэкар Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі Ірына Халюціч. Яна назвала Максіма Багдановіча зорным паэтам. “Толькі Богам дадзены паэт, — піша спадарыня Ірына, — змог за такі кароткі час падараваць беларускай літаратуры столькі прыгожых мастацкіх вобразаў і ўзбагаціць яе новымі паэтычнымі фарбамі”. На вечарыне, прысвечанай паэту, самыя актыўныя чытачы атрымалі “Знічкі” з вершаванымі радкамі Багдановіча.
Падобныя акцыі прайшлі ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскага раёна, у інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дворышча Лідскага раёна.
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, па словах бібліятэкара Кацярыны Сандаковай, працуе выстава творчых работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Прыгажосць сваімі рукамі”. У экспазіцыі — больш за 20 твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А майстрыха Марына Астаніна правяла майстар-клас па вырабе Каляднай зоркі з паперы.
Працы з людзьмі, што маюць інваліднасць, — тэма не аднаго дня. Таму ў рэдакцыйнай пошце не знікае ліставанне пра творчасць работнікаў культуры для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Культарганізатар сектара па рабоце сярод дзяцей Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Давідовіч распавядае пра канцэртную праграму “Дабрыня выратуе свет!” для дзяцей з парушэннямі слыху.
Яшчэ адна навіна з Бабруйскага палаца мастацтваў. Загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела ўстановы Наталля Чорная распавяла пра ўзнагароджанне актыву Бабруйскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” і актыўных сябраў інклюзіўнага клуба зносін “ШчасцеЁсць”.
Цыкл мерапрыемстваў для людзей з інваліднасцю прайшоў у сельскай бібліятэцы аграгарадка Жупраны. Людзей з абмежаванымі магчымасцямі наведалі дома бібліятэчныя валанцёры аграгарадка Кальчуны. Гэткую ж акцыю правялі супрацоўнікі Ашмянскай раённай бібліятэкі. Напісала пра гэта бібліятэкар Кацярына Чайкоўская.
Акцыя міласэрнасці прайшла і ў Свіслацкай дзіцячай школе мастацтваў. Дзеці разам з педагогам Наталляй Пучкінай падрыхтавалі керамічныя цацкі для сваіх равеснікаў з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Свіслацкага раёна. Паведаміла пра гэта сама Наталля Пучкіна.
Намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч распавяла: “Бібліятэкары ў чарговы раз наведалі людзей з інваліднасцю дома. Чытачы ў адказ паказалі свае творчыя работы. Адна жанчына нават прапанавала правесці майстар-клас па вязанні кручком. Ахвотныя, натуральна, знайшліся”. Аналагічныя акцыі прайшлі ў Каралінскай інтэграванай і Елкаўскай сельскай бібліятэк.
І зноў Ашмяны. Тут у чарговы раз напаўняюць кніжны куфар. Інакш кажучы, у раённым цэнтры бібліятэкары правялі форум “Якая кніга патрэбна моладзі?”. Загадзя былі складзены хіты чытацкіх прыхільнасцей, зняты відэаролік “Што чытае сучасная моладзь?” і падрыхтавана выстава “Моладзь у люстэрку часу”. Заўвага тут адзіная: цудоўна, што ўсебакова вывучаюцца чытацкія густы, але ж бібліятэкару варта не столькі іх задавальняць, колькі фармаваць. Калі я памыляюся, давайце спрачацца.
Самая топавая навіна — са Столінскага раёна. Алена Ворах, супрацоўніца Малькавіцкай сельскай бібліятэкі-філіяла № 22, нагадала нам, што 4 снежня адзначаецца Дзень замоў падарункаў і напісання лістоў Дзеду Марозу. Словам, тут усе, хто верыць у казку, пісалі пісьмы таму, хто выдае пад Новы год падарункі. Да лістоў прыкладаліся дзіцячыя малюнкі, вершы і апавяданні. Цяпер застаецца чакаць адказаў.
Чарговы праект называецца “Накарміце птушак”. Бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Заянчкоўская паведамляе: “У Альхоўскай сельскай бібліятэцы сабраліся сябры аматарскага аб’яднання “Жывіца”. Гэтым разам пагаварылі пра птушак, што засталіся зімаваць. Пасля тэарэтычнай часткі дзеці з задавальненнем правялі частку практычную: пайшлі з кармушкамі ў лес”.
Бібліятэкар Навадворскай сельскай бібліятэкі (Шчучынскі раён) Марыя Бялоцкая распавяла пра выставу карцін Віктара Чэрнікава. Мінскі мастак вырашыў правесці першую выставу на радзіме жонкі, у вёсцы Новы Двор. На адным з палотнаў гэтая вёска і адлюстравана.
Пішыце пра цікавае і беражыце сябе!
Сустрэнемся праз тыдзень.