Расціслаў ЯНКОЎСКІ, народны артыст СССР, старшыня Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”: “Радуе і натхняе!”

№ 46 (864) 15.11.2008 - 21.11.2008 г

Нязменны старшыня кінафестывалю “Лістапад” Расціслаў ЯНКОЎСКІ сёлета разаб’е ўжо пятнаццатую па ліку запаветную талерку на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця свята. Якой бачыцца будучыня і сучаснасць “гадаванца” беларускай кінакультуры? Напярэдадні знакавай падзеі Расціслаў Іванавіч падзяліўся думкамі на гэты конт.

 /i/content/pi/cult/183/1868/Jankouski.jpg
— Нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, гледачы ўсё роўна будуць усміхацца і атрымліваць радасць ад сустрэчы з добрым кіно.
15 гадоў — гэта вяршыня, да якой мы не “дапаўзлі”, а дайшлі. Дзякуй Богу, што нас падтрымліваюць Прэзідэнт, Міністэрства культуры, гарадскія ўлады, што ў нас ёсць добрая дырэкцыя. Часам пытаюцца: а чаму б вам не зрабіць “Лістапад” не мінскім, а— усебеларускім фестывалем? Але гэткім жа чынам можна прапаванаваць Каннскаму кінафоруму стаць — усефранцузскім, а Берлінале — усегерманскім. Аднак чамусьці ніхто гэтага не робіць. І Мінскі “Лістапад” з яго рэпутацыяй, атмасферай ведаюць ужо ў многіх краінах свету.

У кожнага фестывалю — сваё аблічча. Да прыкладу, Берлінале — гэта строгі, дзелавы кінафорум з жорсткім адборам стужак. Бліскучыя Канны збіраюць увесь кінасвет. Адпаведна, узнікае пытанне: а ці трэба “Лістападу” імкнуцца стаць фестывалем падобнага “класа”? Не думаю, паколькі кінафорум такога кшталту павінен уключаць не толькі фестывальныя паказы, прыезд знакамітых гасцей, але і прастору кінарынку, дзе маглі б збірацца прадзюсеры, пракатчыкі, прадстаўнікі кінаіндустрыі. Шчыра кажучы, я і не ведаю, ці адпавядае ўсім патрабаванням фестывалю “класа А” Маскоўскі кінафестываль. Я быў на “Кінатаўры”, “Кінашоку”, і магу зазначыць: калі названыя фестывалі прапануюць новае — дык гэта часцяком папросту сумна. “Кінатаўр”, да прыкладу, зрабіў сваёй аўдыторыяй акцёраў, якія заняты ў серыялах, але гэтае “ноў-хаў” дужа ўмоўнае і не выклікае асаблівай радасці.

Таму я прытрымліваюся думкі, што галоўнае на кінафестывалі — і гэтым мы павінны ганарыцца — наш глядач. Нездарма галоўны прыз “Лістапада” прысуджаецца менавіта гледачамі. Хочацца, каб адкрыццё і закрыццё “Лістапада” заўжды было яскравым, каб яго чакалі. І, дарэчы, сёлета мы паспрабавалі скараціць колькасць выступоўцаў, каб глядач не засумаваў.

“Лістапад” усё больш пашырае свае межы — і геаграфічныя, і жанравыя. Летась з’явіўся конкурс дакументальнага кіно, сёлета — праграму пашырыў конкурс тэлевізійных фільмаў. Па ўсёй рэспубліцы ідзе “Рэха “Лістапада”. Пад час урокаў для школьнікаў будуць арганізаваны спецыяльныя кінапаказы. Усё гэта сведчыць: “Лістапад” набывае моц і сваё непаўторнае аблічча. Ён радуе і натхняе, а гэта — саамы важны здабытак, якім можа ганарыцца кінафестываль.

 

Фота Алы ТКАЧЭНКА