Фактычна стварэнне музейнага пакоя пачыналася з пачатку 2000-х. Спецыялісты з абласнога цэнтра параілі паставіць работу кутка на больш навуковую аснову — аформіць дакументацыю, рацыянальна размеркаваць экспанаты.
У 2018 годзе пры дапамозе мясцовага сельгаспрадпрыемства, лясніцтва і сельвыканкама быў зроблены рамонт пакоя, з’явілася магчымасць стварыць экспазіцыйныя комплексы, размясціць экспанаты па тэматычным прынцыпе.
Сёння музейны пакой стаў часткай жыцця загадчыцы аддзела Наталлі Бялячыц. Ёй, чалавеку ўлюбёнаму ў свой край, яго гісторыю, хочацца, каб людзі цанілі тое, што калісьці мелі іх продкі. Над гэтым яна працуе мэтанакіравана і доўга. Калі ў 2019 годзе ў пакоі было 350 экспанатаў, то ўжо ў 2021-м іх стала больш як паўтысячы і для іх давялося адкрыць другі пакой. І гэта не мяжа, за ім рыхтуецца пакой №3, які будзе напоўнены ўнікальнымі рэчамі мясцовага быту.
Для Наталлі Аляксандраўны галоўнае, каб не страціць таго, што cёння маецца, каб дзеці і падлеткі ведалі гісторыю і этнаграфію краю. Асноўны фонд музея — багаты і этнаграфічны матэрыял, асобна можна вылучыць тэматычную экспазіцыю “Дарога льну”.
Экспазіцыі шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным і пазнавальным працэсе, пры правядзенні тэматычных экскурсій, урокаў.
Менавіта ў гэтым музейным кутку наведвальнікі маюць магчымасць найбольш дакладна пазнаёміцца з культурай Гервяцкага краю, іх бытам, светапоглядам, норавам і звычкамі, пераканацца ў тым, што ў шматнацыянальным краі шмат агульнага, але ў той жа час яны адрозніваюцца сваёй самабытнасцю.
Варта адзначыць, што кожны з музейных экспанатаў вылучаецца сваім непаўторным відам, нацыянальным каларытам, уласцівым толькі гэтаму краю.
Ткацкі станок, які дзейнічае, вырабы з лёну, расшытыя і тканыя ручнікі — каштоўнасць багатай калекцыі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны ў тым, што яны сабраныя менавіта ў Гервяцкім краі.
Экскурсіі ў этнаграфічным кутку праходзяць у форме дыялогу, у нязмушанай абстаноўцы знаёмства з экспанатамі, дзе дазваляецца кранаць іх рукамі. Усё гэта дазваляе захаваць пераемнасць пакаленняў, адчуць сувязь часоў, прыналежнасць уласнага лёсу да лёсу роднага краю.
Музейны пакой Гервяцкага краю — жывы арганізм, які дынамічна развіваецца, папаўняюцца яго фонды, пашыраюцца экспазіцыйныя кантакты. Сёння пакой — гэта месца сустрэч розных пакаленняў, дзе кожны прысутны міжволі адчувае пачуццё гонару за сваю малую Радзіму.
Галіна ФРАНЦКЕВІЧ