— У наступным годзе Гомельскаму цырку споўніцца 50 гадоў. Да юбілейнай даты вырашана правесці мадэрнізацыю і рамонт. Што робіцца цяпер?
Першы намеснік генеральнага дырэктара Гомельскага цырка Святлана Яркавая:
— Апошнім часам у нашай галоўнай зале мяняецца светлавое абсталяванне на больш сучаснае. Гатовы першы комплекс, другі мантуецца. Гледачы ўжо мелі магчымасць ацаніць, як па-новаму зайгралі фарбамі прадстаўленні. Таксама і гастралёрам, іншым цыркам, падабаецца працаваць з добра пастаўленым святлом. У наступным годзе да юбілейнай даты мы зробім рамонт у фае сродкамі нашай арганізацыі і з непасрэднай дапамогай Міністэрства культуры. Дзякуй за такую ўвагу.
— “Культура” пільна сочыць за ходам рамонтных работ, звязаных з Будслаўскім касцёлам. Ужо накрыты часовы дах, што прадухіліць пранікненне атмасферных ападкаў унутр будынка, але да поўнага давядзення храма да ладу ўсё яшчэ патрэбныя час, намаганні і грошы. Якія апошнія навіны тут?
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Вячаслаў Клімовіч:
— Рашэннем Мінскага аблвыканкама ад 10 верасня Будслаўскай парафіі накіравана 300 000 рублеў, заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка. У мінулым месяцы парафіі Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Будслаў таксама паступіла замежная дапамога на 30 000 еўра ад аўстрыйскага фонду “Caritas fur Menschen in Not” для аплаты рамонтна-будаўнічых мерапрыемстваў. Тым не менш да заканчэння рамонтных і рэстаўрацыйных работ пакуль яшчэ далёка, але галоўнае, што справа з дапамогай нераўнадушных людзей рухаецца наперад, за што можна толькі падзякаваць.
— Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пройдзе з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022 года. У гэты час ва ўсіх рэгіёнах краіны ў дзіцячых інтэрнатах, дамах сямейнага тыпу, бальніцах пройдуць урачыстыя мерапрыемствы. А як да правядзення акцыі гатовы ў Гродзенскай вобласці?
Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:
— Усе нашы раёны, безумоўна, паўдзельнічаюць у акцыі, і работнікі культуры сваімі намаганнямі зладзяць канцэрты. Напрыклад, Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага наведае са святочнай праграмай Гродзенскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Лідскі дзяржаўны музычны каледж зробіць выезд у васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў. Гродзенскі музычны каледж пакажа прадстаўленне для хворых дзяцей у дворыку Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Да дабрачыннай акцыі далучацца спонсарскія арганізацыі, каб такім чынам набыць яшчэ і падарункі для нашых дзяцей.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ