У тамтэйшай оперы спяваў Шаляпін — пра тое сведчыць мемарыяльная шыльда. Можна ўвайсці ў фае, агледзецца ў захапленні на ляпніну ў золаце. І — усё: білеты раскуплены за паўгода наперад.
Але што асабліва вабіць у Ніцы, дык гэта два сусветна вядомыя музеі з унікальнымі калекцыямі.
Неўтаймаваны “Фавіст”Можна не ведаць мовы — гэта майму пакаленню, на жаль, уласціва. Але пры слове “Маціс” першы ж тутэйшы вядзе пазногцем па карце горада, мала таго: бярэ твой нататнік, малюе маршрут, тут жа запісвае нумары аўтобусаў і паказвае, дзе іх прыпынкі.
Высока над горадам, у аліўкавым гаі, — трохпавярховы будынак з традыцыйнымі жалюзі з трэсачак — віла, багацейшыя за яе ў нас убачыш, напрыклад, у Цнянцы. Што адрознівае: найярчэйшы чырвоны колер сцен з жоўтымі ліштвамі і балюстрадай тэрасы. Спалучэнне, ці, хутчэй, сутыкненне колераў уласціва было й самому мастаку, зачынальніку плыні “фавізм”. Гэтым словам (у перакладзе — “дзікія звяры”) абураны мастацтвазнаўца абазваў з непавагай тое, што ўбачыў на выстаўцы маладых мастакоў Уламінка, Брака, Руо. А лідэрам іх быў Анры Маціс.
Праз пару гадоў паплечнікі “адплылі” ў іншыя мастацкіяплыні. І толькі ён застаўся “фавістам” да канца свайго доўгага жыцця. І ў 80, і пазней на палотнах яго віравала шаленства фарбаў, бурлівая эмацыянальнасць — так успрымалася ім яскравая міжземнаморская рэчаіснасць.
Пры ўваходзе ў музей даюць квіткі, але… бясплатна. Ці то дзяржава, ці то горад, перанасычаны турыстамі, ці хто з мецэнатаў фінансуе музей, але ўваход — свабодны. Гіды і навушнікі — на ўсіх мовах, таксама без даплаты. Можна й не дадаваць, што музейныя буклеты на ўсіх мовах можна браць проста так, у якой заўгодна колькасці.
Канешне, тут — найбуйнейшы ў свеце збор жывапісных твораў апошняга вялікага французскага мастака ХХ стагоддзя. Тут і некалькі дзесяткаў скульптур з шасцідзесяці, што ён стварыў за жыццё; і вычварная мэбля, зробленая па яго праектах і эскізах; і мазаічныя пано, і асабістыя рэчы мастака. Асабліва кранае палітра і перапэцканыя алеем пэндзлі.
Маціс — бы той антычны цар, што ператвараў у золата ўсё, да чаго дакранаўся: у руках мастака ўсё станавілася творам мастацтва. Вось ілюстрацыі да яго кнігі “Джаз”. Нешта нагадвае нашы беларускія выцінанкі, аднак пазбаўленыя сіметрыі і дэкаратыўнасці. Гэта “малюнкі нажніцамі”: з аркушыкаў і абрэзкаў каляровай паперы ён склейваў постаці экзальтаваных музыкантаў. Самі малюнкі — музыка, і ў прыватнасці, джаз, які Маціс разумеў і любіў, аб чым сведчыць серыя гэтых твораў.
Ходзяць легенды пра яго прыхільнасць да натуршчыц, нават у старасці. Гэта сцвярджаюць і эратычныя “ню”, і факт з’яўлення нечаканага вялікага твора, зробленага напрыканцы жыцця.
Апошнія дзесяць гадоў (а пражыў ён 85) мастак цяжка хварэў, да мальберта пад’язджаў на інваліднай калясцы. Яго даглядалі манашкі з кляштара дамініканак. Даглядалі за ім, пэўна, вельмі сардэчна, бо ў падзяку Маціс зрабіў жанчынам падарунак: вялікі й дакладны праект — і нават макет! — велічнай “Капэлы ружанцаў (пацерак)” у Вансе. Цэлая музейная зала адведзена гэтаму комплексу: эскізы роспісаў, накіды аздаблення, катэдры, свяцільнікаў, аргана, схемы размяшчэння скульптур.
І вось тое, што ў канцы агляду выклікала зайздрасць, — выданні й вырабы з “мацісаўскай” і іншай мастацтвазнаўчай тэматыкай, за якую заўгоднаплату ў залежнасці ад фінансавай магчымасці наведвальніка, на ўсіх “хадавых”, “турыстычных” мовах: у выглядзе кніг, каталогаў, рэпрадукцый розных памераў і якасці, паштовак у камплекце і паасобку, календароў і каляндарыкаў, футболак і капялюшыкаў з трафарэтам, торбаў і торбачак, DVD- дыскаў і яшчэ шмат усяго, што можа зацікавіць наведвальніка і прымусіць яго пакінуць тут дзесятак (а мо й больш) еўра. Цэлая, так бы мовіць, індустрыя, якая бы суправаджае творы вялікага мастака ў поўным суладдзі з ім, з карысцю для сябе і для людзей, каму імя Маціса нешта гаворыць, хто ў вераснёўскую спякоту падняўся сюды, на гару, ад аздобленай фантанам плошчы Масэна з гандлёвай галерэі “Лафает”.
А я ўзгадаў Здраўнёва, узноўленую сядзібу Іллі Рэпіна, якую я наведаў гэтым летам. Але чаму ніводнай брашуркі пра мастака не набудзеш там, ні рэпрадукцыі, ні паштовачкі? Правёўшы экскурсію, сакавітая экскурсаводка ласцілася да матацыкліста ў шлеме. А магла б пагандляваць выданнямі і сувенірамі з “рэпінскай” тэматыкай, вырабамі народнай творчасці. Турысты, наведвальнікі сыходзяць з пустымі рукамі і поўнымі грошай кішэнямі.
“Ах, Марк Захаравіч, Марк Захаравіч…”Гэта з Андрэя Вазнясенскага.
Калі дазнаюцца ў Ніцы, што ты — з Беларусі, ускрыкваюць: “A-а, Віцебск! O, Шагал!” І адразу паказваюць прыпынак 41-га аўтобуса, якім можна дабрацца да музея Шагала.
Чым так прывабіла мастака — Грамадзяніна Свету! — Ніца, незразумела. Але вялікі — нават не проста музей, а цэлы “Шагалаўскі комплекс” — менавіта тут, і жыў мастак тут, і пахаваны непадалёк у Сэн-Поль-дэ-Вансе.
Марк Шагал з парыжскіх вокнаў бачыў найперш Віцебск, хоць твор назваў “Від з акна на Парыж”. |
Ён любіў глядзець у акно — і маляваў, што там бачыў. Праз усё жыццё Шагала — Віцебск за акном: гандляркі, п’янтосы ля карчмы, лятаючыя закаханыя, дзеці; дом: бабуля з шытвом, дзядзька са скрыпкай, бацька, маці над калыскай— усе ля акна. Нават, калі ў акне з сіняга змроку выяўлялася Эйфелева вежа, усё роўна ў нябёсах лётаў музыка з пэйсамі, са скрыпачкай, а чырвонаморды казёл дзівіўся з яго.
Калі ў гады “адлігі” прыехаў Шагал у СССР, Віцебск не наведаў: ці то не пусцілі, ці то не захацеў.
Прароча пісаў Генадзь Шпалікаў:
По несчастью или к счастью —Истина проста:
Никогда не возвращайся
В прежние места.
На дыску — фільм пра майстра: яго работы, ён за працай ва ўсе перыяды жыцця. Апошнія, незадоўга да скону, здымкі: ён на экране проста біблейскі персанаж — сівы, засяроджаны на чымсьці ўзвышаным. Але калі Шагал паварочваецца да камеры — дзіцячы погляд блакітных жывых вачэй, усмешка, ад якой з экрана быццам ліецца дабрыня й цяпло.
У краме музея на першым паверсе, пры выхадзе, — манаграфіі і рэпрадукцыі твораў амаль усіх сусветна вядомых мастакоў па якім заўгодна кошце. І, канешне ж, — усё пра Шагала: цікавыя выданні “Шагал і Тэатр”, “Шагал і Віцебск”, “Шагал і яго жанчыны”, “Шагал і Парыж” — і гэтак бясконца, каго што цікавіць.
І вось балюча кальнула пры праглядзе поўнага каталога яго творчасці. Ну, хай ужо багацеі з розных краін свету набылі яго творы для сваіх уласных калекцый, музеяў і назаўсёды звезлі гэта за акіян, хай большасць твораў — тут, у Ніцы, дзе ён жыў і памёр, хай на гістарычнай радзіме… Але! Яго карціны — у галерэях Ерэвана, Астрахані, Пярмі, Уладзівастока, не кажучы ўжо пра Маскву і Санкт-Пецярбург! У Вене, у музеі “Альберцін”, пяць ягоных твораў. Там жа, у “Альберціне”, дзве залы рускага авангарда 20-х: Ганчарова, Ларыёнаў, Малевіч, Лісіцкі, Лентулаў. Адкуль гэта ў іх?! А ў нас — нічога.
Згадваецца, як ужо ў часы перабудовы артыкул пра Шагала выкідвалі з энцыклапедычнага выдання.
Радуемся, калі знаходзім, а перад тым — раўнадушна губляем19 гадоў таму памёр мастак віцебскай (!) школы Лазар Ран: творы валяліся на падлозе раскрытай майстэрні, — пляменнік падабраў пару малюнкаў, ганарыцца імі. “Культура” ўзрушана пісала пра унікальныя сямейныя фатаграфіі сям’і Віталя Цвірко, знойдзеныя на вуліцы. Радуемся, калі знаходзім, але перад тым раўнадушна губляем.
Бібліятэка Храптовічаў у Шчорсах, дзе я цягам года здымаў гістарычны серыял-меладраму “Пракляты ўтульны дом”, мы, хаця й касметычна, але адрэстаўравалі: уставілі шыбы, пафарбавалі, аздобілі шпалерамі і ляпным багетам сцены, наладзілі дымаход, пабялілі столь і ўвесь фасад, аднавілі фрэску, вывезлі два самазвалы смецця з падлогі, вызваліўшы унікальны наборны паркет, па якім ступалі Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, — тут быў інтэлектуальны цэнтр Беларусі сярэдзіны ХІХ стагоддзя. І што там цяпер, праз дзесятак гадоў пасля здымак фільма? Дзесьці тры месяцы таму беларускае тэлебачанне паказала пазнаваўчы сюжэт пра гэты знакавы гісторыка-культурны аб’ект. Але я зноў убачыў, хаця вядучы на гэтым увагі не засяроджваў, разбітыя печкі, выламаныя парэнчы сходаў, нават аконныя рамы з засаўкамі выдраны.
Наладжваецца кампанія па рэстытуцыі кніг, манускрыптаў, якія са Шчорсаў былі вывезены ў Маскву, Варшаву, Кіеў. Балазе нашым навукоўцам ёсць яшчэ куды ездзіць па дакументы, каб пісаць дысертацыі. Можа, не такія вялікія зборы, як у Шчорсах, але кнігі былі ў сотнях панскіх фальваркаў па ўсёй нашай краіне, там жа — адзенне, мэбля, посуд, мастацкія творы, сямейныя партрэты, архівы. Дзе гэта ўсё? У савецкія часы з той жа Шчорсаўскай сядзібы пры ліквідацыі мясцовага пакойчыка-музея старажытную зброю скінулі ў паддашша клуба суседняй вёскі, без вопісу. Дзеці, вядома ж, збілі замок і ганяліся з панскімі шаблямі, пакуль не выраслі.
А вывезеныя на гарадскі сметнік камунальнікамі археалагічныя экспанаты з раскопак горада Мінска, аб чым з непакоем біла ў набат “К” не так ужо і даўно?
Руплівец Фёдар Шкляраў, стваральнік унікальнага музея ў Ветцы, пад час здымак у 1980-м кінуў слова: маўляў, у 30-я гады вялікі драўляны іканастас сабора ўсю зіму секлі на дровы для ацяплення. І калі я стаў “вохкаць”, ён тады спакойна дадаў: маўляў, нядаўна, усяго пару гадоў таму, міліцыянеры вывезлі з хаты памерлага старавера тры вазы рукапісных кніг — і ўсю зіму палілі ў сваім аддзяленні печы...
Так было...
Але і сёння, на жаль, пішам, заклікаем, угаворваем, пераконваем зберагаць, узнаўляць і захоўваць уласную спадчыну…
Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр