Калектыўнае “Я”

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

З 25 па 28 кастрычніка на сцэне Тэатра-студыі імя Е.Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшоў V Міжнародны тэатральны фестываль монаспектакляў

 /i/content/pi/cult/182/1862/Kalektyunae.jpg
Піп Ютан у спектаклі “Чаплін”.
“Я”, у якім прынялі ўдзел акцёры з Беларусі, Велікабрытаніі, Літвы, Расіі і Украіны.
Гран-пры фестывалю атрымаў Піп Ютан за монаспектакль “Чаплін” (Англія); Першая прэмія — Бірута Мар, “Антыгона” Сафокла (Літва); Другая прэмія — Аляксей Вярцінскі, “Сіні аўтамабіль” Я.Стэльмаха (Украіна); Трэцяя прэмія і прыз прэсы — Усевалад Чубенка, “Кыся” паводле У.Куніна (Расія); Прыз глядацкіх сімпатый — Лідзія Кузьміцкая, “Чалавечы голас” Ф.Пуленка паводле Ж.Както (Беларусь).
Артысты Аляксей Гладкі (“Сіні аўтамабіль” Я.Стэльмаха, Беларусь), Валерый Шушкевіч (“Гімпл-дурань” В.Зінгера, Беларусь), а таксама Галіна Дзягілева і Алег Залётнеў за аўтарскае рашэнне спектакля (“Пачакай, сонца!” паводле Л.Кастэнкі, Беларусь) — атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фестывалю.

Арганізатары фестывалю так пабудавалі працу, што ніхто з яго ўдзельнікаў — стваральнікаў спектакляў — не застаўся па-за ўвагай гледачоў. Пасля кожнага прагляду праходзіла грамадскае абмеркаванне, у якім прымалі ўдзел тэатральныя крытыкі, журналісты і студэнты-тэатразнаўцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З некаторымі ўражаннямі менавіта студэнтаў-першакурснікаў мы і знаёмім сёння нашых чытачоў.

 
 “…Ужо ніколі не народзіцца брат”

Прызнаюся, што адразу пасля прагляду спектакля “Антыгона” ў выкананні літоўскай актрысы Біруты Мар мне хацелася даць яму ацэнку далёка не станоўчага характару. Але ў гэтым не было б праўды, бо спачатку я ацэньвала ўбачанае з пазіцый звыклай класічнай формы пастаноўкі, у якой ёсць асобны выканаўца на кожную ролю. Тут жа ўсе іх выконвае адна-адзіная актрыса, перад якой стаіць няпростая задача: энергетычна ўраўнаважыць сцэнічную пляцоўку і глядзельную залу. І вось перад намі паўстае нешта жывое, што зачароўвае, вабіць, пужае, дыхае, жыве. Цені калон, што шумяць і рухаюцца, наганяюць страх, і яна, Антыгона, мітусіцца ў сваім горы сярод гэтых “веліканаў”, якія закрываюць святло і, здаецца, вось-вось сыйдуцца і раздушаць яе.

Шэпты, нейкія гукі, напевы, лямантаванне, твары, шмат твараў, пачварных, жахлівых, — яны гавораць, гавораць, гавораць… Усё па-за часам і па-за прасторай. Наступленне непазбежнага…

З усяго ўбачанага і ўзнікае разуменне ўнутранага стану гераіні, падзей і часу. Пераўтварэнне актрысы з вобраза ў вобраз усяго толькі за кошт кавалка тканіны, што дапаўняла ўнутранае пераўвасабленне, — дакладнае і майстэрскае. Мы бачым то дзёрзкую Антыгону, то раптам сцішаную Ісмену, вернага Вартаўніка і жорсткага Крэона, смелага Гемона і мудрага Цірэсія… Дык як жа распазнаць сярод мноства праўдаў тую адзіную, самую верную? Гераіня Біруты Мар дае зразумець нам, што асноўная рухаючая сіла — гэта Любоў!
 Вольга СТАЛЯРОВА 

“Алё…”
Манаопера “Чалавечы голас” нарадзілася ў сэрцах трох жанчын, трох самадастатковых, моцных жаночых істот, кожная з якіх са сваім адметным унутраным светам дапаўнялі адна адну: актрыса Лідзія Кузьміцкая, піяністка Алена Аляксандрава і рэжысёр Наталля Мархель.

Жанр гэты — дастаткова рэдкая з’ява на тэатральных падмостках, таму і сам спектакль у фестывальнай афішы вылучаўся на фоне іншых пастановак.

Законы музычнага тэатра істотна адрозніваюцца ад законаў тэатра драматычнага: тут музыка з’яўляецца вядучым звяном, а вакальная тэхніка і законы выканальніцкага мастацтва не даюць магчымасці акцёрам быць свабоднымі ў сваіх рухах. Таму перад актрысай і рэжысёрам стаяла надзвычай складаная задача: максімальна наблізіцца да акцёрскага перажывання, уласцівага драматычнаму тэатру, і пры гэтым захаваць арганічнасць сцэнічнага існавання акцёра-вакаліста. А ўслед за гэтай узнікае і наступная задача, не менш істотная, — каласальная работа чалавечага голасу: спектакль доўжыцца 50 хвілін, і пастаяннае “актыўнае” знаходжанне на сцэне для вакаліста з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем. Па ходзе дзеяння гераіня размаўляе па тэлефоне, кладзецца на ложак, падбірае пад сябе ногі, скурчваецца ў камячок і пры гэтым выконвае складаныя вакальныя партыі. Лідзія Кузьміцкая гэты іспыт не проста вытрымала, але і прадэманстравала той дыяпазон, якім многія нават не валодаюць. А цудоўны вакал актрысы дапаўняў трагізм гераіні, узмацняў пачуццёвасць, пранікнёнасць ігры.

…Дык навошта чалавеку дадзены голас? Каб проста размаўляць, міла балбатаць, інтымна шушукацца… Але галоўнае — усведамляць тое, што мы ёсць, што мы гучым, што нас чуюць. І ўсё ў гэтым жыцці не выпадкова.

 Маргарыта ГАРБАЧОВА 


Маленькі капялюш і вялізныя чаравікі, мехаватыя штаны і цесны пінжачок, вялікія сумныя вочы, якія кантрастуюць з маленькімі какетлівымі вусікамі, характэрная хада…
Чарлі Чаплін! Хто ж не ведае вялікага акцёра кіно, геніяльнага коміка ХХ стагоддзя!

Акцёр Піп Ютан выступіў як аўтар п’есы, сам яе паставіў і сам выконвае галоўную ролю ў монаспектаклі, прысвечаным знакамітай персоне. Сюжэт даволі просты: Стары расказвае пра сваё жыццё, як ён стаў акцёрам, якім быў знакамітым, а цяпер — адзін, бо дзеці недзе далёка.

Ён не любіць Каляды, бо гэта дзень смерці яго куміра— Чарлі Чапліна, якога ён заўсёды пераймаў. Натуральна, што кульмінацыяй і становіцца пераўвасабленне героя ў Чапліна: падмаляваў вочы, прыпудрыў твар, прыклеіў вусікі, уздзеў цесны пінжачок... Які ж ён стаў падобны!

Немалаважную і цікавую частку спектакля займае кароткаметражны фільм, у якім герой прымае непасрэдны удзел. То быццам “забягаючы” ў экран, які знаходзіцца на заднім плане сцэны, то зноў “выбягаючы” з яго ён супастаўляе мінулае і сучаснае, параўноўвае кіно таго часу і цяперашняга. І гэта было зроблена настолькі арыгінальна, штонават фінальную тэхнічную накладку ён перавёў у жарт, і ніхто не прыняў яе за памылку. Скончыў жа Ютан свой спектакль, ізноў увайшоўшы ў экран — сыходзячы ў невядомае.

Юлія ЧАЧУХА