Колькасць пададзеных заявак — 49 з сямі краін: Арменіі, Казахстана, Кітая, Расіі, Узбекістана, Украіны і, вядома Беларусі. Нашых піяністаў — прыблізна палова, больш дакладна — 26. Але ўсе гэтыя лічбы пакуль заўчасныя. Бо ўдзельнікаў звычайна бывае крыху меней: хтосьці можа захварэць, хтосьці — перадумаць, не паспець падрыхтавацца і т.п. Канчатковую статыстыку даведаемся адразу пасля лёсавання. Але ёсць іншыя лічбы, што не зменяцца.
У прыватнасці, узроставая планка конкурсу — ад 16-ці да 30-ці гадоў. Тры туры. Першыя два — сольна, на сцэне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Трэці — у філармоніі, у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Прычым на другі тур павінны прапусціць толькі палову ўдзельнікаў, а на трэці — увогуле ўсяго шасцярых піяністаў.
Абавязковы для ўсіх твор — беларускі. У спіс рэкамендаваных кампазіцый патрапілі п’есы 19-ці айчынных творцаў ХІХ — ХХІ стагоддзяў, сярод якіх Пётр Падкавыраў, Лёў Абеліёвіч, Яўген Глебаў, Уладзімір Алоўнікаў, Вячаслаў Кузняцоў, Галіна Гарэлава і інш. Для трэцяга тура абраны больш як 30 лепшых сусветна вядомых фартэпіянных канцэртаў.
Міжнароднае журы, у складзе якога прадстаўнікі Арменіі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Узбекістана, узначаліць народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, які на сённяшні дзень з’яўляецца адным з найбольш папулярных і запатрабавых гастралюючых піяністаў. У апошнім пераканае і канцэрт адкрыцця, дзе ў яго выкананні прагучыць найскладаная “Рапсодыя ў блюзавых тонах” Джорджа Гершвіна. Але пачнецца тая вечарына і адпаведна ўвесь конкурс сімфанічным творам Вячаслава Кузняцова “Весялосць з нагоды”.
Радавацца сапраўды ёсць чаму. За чвэрць стагоддзя існавання гэтага конкурсу ён ладзіцца ўсяго ў 6-ы раз. Калі ранейшыя перапынкі былі па чатыры-пяць гадоў, дык цяперашні — ажно сем. Але адно тое, што спаборніцтва ўсё ж адбудзецца, нягледзячы на складаныя эпідэміялагічныя ўмовы, пераконвае ў яго далейшым паспяховым развіцці.