Вернісаж… жаніхоў

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Як вядома, у сусветнай культурнай прасторы адной са знакавых дат надыходзячага 2009 года станецца 200-годдзе з дня нараджэння Мікалая Гогаля. Чым не нагода для таго, каб у чарговы раз звярнуцца да яго бессмяротнай класікі? Зрэшты, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Валянціна Еранькова напярэдадні сваёй гогалеўскай прэм’еры зазначыла, што кіравалася ў выбары “Жаніцьбы” зусім не круглай датай — Гогаль даўно “чакаў” свайго часу ў яе рэжысёрскім “партфелі”.

 /i/content/pi/cult/182/1861/Vernisazh.jpg
На сцэне Рускага тэатра спектакль атрымаў назву “Жаніхі” — згодна з тым, што першы варыянт сваёй п’есы, які сам жа Гогаль потым доўга і карпатліва перапрацоўваў, ён назваў менавіта так. Але, думаецца, не толькі фармальны бок звароту да аўтарскага чарнавіка падштурхнуў рэжысёра да падобнай змены, бо і сам спектакль натуральным чынам стаўся закцэнтаваны не на жаніцьбе, а акурат на саміх яе фігурантах, што дало рэжысёру, а ўслед за ім і акцёрам — выканаўцам мужчынскіх роляў падысці да гогалеўскай гісторыі шляхам распрацоўкі характарнасці сваіх персанажаў.

На сцэне — бліскучая галерэя яркіх мужчынскіх вобразаў. Горкаўскія акцёры ў чарговы раз прадэманстравалі нам, што персанажа стварае не толькі аўтарскі тэкст, але і аднадзве тонкія рысачкі, якія дакладна скіроўваюць глядацкую ўвагу і нашы ацэнкі ў патрэбнае рэчышча. У выніку чаго вядомыя кожнаму з нас персанажы, такія як Яечніца ў выкананні Аляксандра Суцкавера, Анучкін Аляксандра Ждановіча, Жавакін Андрэя Захарэвіча і нават негаваркі Панцялееў Васіля Грачухіна пры ўсёй сваёй “нерэфармаванасці” паўстаюць перад намі не акадэмічнымі “змалёўкамі” з кніжных старонак, а жывымі, мілымі людзьмі са сваімі прыхільнасцямі і слабасцямі (так не хочацца гаварыць — “недахопамі”, бо кожны ж лічыць іх уласнай годнасцю і здабыткам!). Тут дарэчы сказаць пра мастака па касцюмах Таццяну Лісавенка, якая даўно і плённа працуе з Валянцінай Ераньковай. І ў “Жаніхах” іхняе супрацоўніцтва выявілася не толькі ў знешняй, надзвычай дакладнай характарнасці касцюмаў герояў. Здаецца, гэта мастак “вядзе” нас ад сцэны да сцэны па ўсім спектаклі, і блякла-шэрыя персанажы паступова расквечваюцца такой стракатасцю, што ад “соннага царства” Падкалёсінскага жытла не застаецца і напамінку. І вось ужо літаральна ўсе жаніхі, нават “выцягнуты” з першага варыянта п’есы купец Старыкаў (Руслан Чарнецкі), прагна бегаюць і мітусяцца вакол Агаф’і Ціханаўны, якая са сваім пасагам уяўляецца ім вялізным і ласым вясельным тортам (сцэнаграфія — Аляксандра Касцючэнкі).

Даволі нечакана вырашаны ў спектаклі вобраз Агаф’і Ціханаўны, якую сыграла маладая актрыса тэатра Іна Савянкова. Перад намі не крохкая “зефірная” істота, што марыць пра ўзнёслае каханне, а — прагматычная і часам надзвычай далёкая ад усялякіх “этыкетаў” купецкая дзяўчына, якая прагна жадае аднаго: выйсці замуж за двараніна, і “ўжо закаханая”, яшчэ нават не вызначыўшыся з самім кандыдатам у мужы. Яе прасцецкая пажадлівасць, смешная ў сваёй прэтэнцыёзнасці, робіць гераіню Савянковай… адной з шэрагу тых самых гогалеўскіх жаніхоў: Агаф’я Ціханаўна, як і яны, імкнецца прадаць сябе падаражэй, каб потым “купіць” сабе таксама найлепшы экзэмпляр…

А што ж традыцыйна галоўны герой гогалеўскай “Жаніцьбы” — Падкалёсін? Яго ролю выконвае малады акцёр тэатра Аляксей Сянчыла, які з-за непрадбачаных абставін увайшоў у спектакль літаральна за пару тыдняў да прэм’еры (першапачаткова Падкалёсіна мусіў іграць Аляксей Шацько). Аднак гэтая акалічнасць не пазбавіла спектакль цэласнасці: Падкалёсін Сянчылы арганічна ўліўся у жаніхоўскі ансамбль, не перацягваючы на сябе коўдру. Ды і не магло гэтага быць, бо герой Сянчылы, здаецца, не здатны на “жыццёвую актыўнасць”. Але не з прычын уласнай баязлівасці ці закамплексаванасці: гэты Падкалёсін не лянівец і не цяжкі на пад’ём абібок, ён — летуценнік, які жыве ва ўласных маарах і фантазіях, дзе можа здарыцца літаральна ўсё, нават сустрэча з прывабнай маладой дзяўчынай, якая пажадае стаць ягонай нявестай. І нягледзячы на рэжысёрскае пераакцэнтаванне нашай увагі на жаніхоў, асабіста мне было цікавей за ўсё назіраць менавіта за развіццём вобраза Падкалёсіна, бо гэта — адна з мноства тых “загадак”, якія класічная драматургія ставіць перад кожным рэжысёрам і вымагае ад яго знайсці сваю “адгадку”, незалежна ад таго, як гэта рабілі яго папярэднікі. Адной з такіх вечных загадак у гогалеўскім творы з’яўляецца пытанне: чаму ж Падкалёсін у фінале выскоквае ў акно? Няўжо яму такім брыдкім і страшным бачыцца будучае сямейнае жыццё? Прынцыповай і ці не галоўнай удачай спектакля з’яўляецца тое, што рэжысёр дае нам на яго адказ просты і, здавалася б, такі відавочны: не са страху перад невядомым будучым скача Падкалёсін у акно, а… з прычыны ўласнай жа летуценнасці і — амаль дзіцячага фантазёрска-эксперыментатарскага складу! Яго фантазія малюе яму неверагодныя гісторыі, і герой Аляксея Сянчылы проста вырашае паспрабаваць, а ці можна зрабіць тое, што, як лічыцца, зрабіць нельга? І што ў рэшце рэшт атрымаецца?..


Таццяна КОМАНАВА