Станцуем фольк-мадэрн па-раснянску

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Аб узорным калектыве “Непаседы” я даведалася задоўга да таго, як трапіла ў вёсачку Расна Камянецкага раёна. Пад час камандзіровак на Брэстчыну колькі разоў чула, як арыгінальныя харэаграфічныя задумы мастацкага кіраўніка Ларысы Нічыпарук станавіліся для іншых культасветнікаў штуршком да ажыццяўлення цікавых ідэй. І сапраўды, “Непаседы” могуць паслужыць добрым прыкладам як прафесійнай работы з малечай, так і арганізатарскіх здольнасцей харэографа, што выяўляюцца ў здольнасці пабудаваць выдатны гастрольны графік.

 /i/content/pi/cult/182/1860/Nepasedy.jpg
Харэаграфічны калектыў з’явіўся на базе Раснянскага дома культуры 12 гадоў таму. Зараз у “Непаседах” займаецца 70 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. Адной удзяліць кожнаму з іх увагу было б немагчыма, таму ў дапамогу Ларыса Сямёнаўна запрасіла рэпетытара Наталлю Данілюк. Між іншым, харэографы разам вучыліся ў Высоцкай школе Камянецкага раёна. Таму і спрацаваліся хутка.

У асноўным кіраўнік калектыву ставіць нумары ў стылі фольк-мадэрн, які вельмі падабаецца яе выхаванцам. Адметнасцю ейнай харэаграфіі з’яўляецца абавязковая сюжэтнасць танца. Па словах Ларысы Сямёнаўны, проста набор рухаў нічога не дае ні розуму, ні сэрцу дзіцяці, а пэўны сюжэт дапамагае асэнсаваць тое, што яны выконваюць. Дарэчы, гэтую распрацоўку на сёлетнім Міжнародным харэаграфічным фестывалі ў Ялце, дзе, між іншым, “Непаседы” ўзялі Гран-пры, высока ацаніў знакаміты харэограф, заслужаны артыст Расіі Валерый Дзмітрыеў.

Штодзённыя заняткі дапамагаюць вылучыць самых здольных. З такой дзятвы складаецца касцяк калектыву, які і прадстаўляе Камянеччыну на шматлікіх рэспубліканскіх ды міжнародных конкурсах.

— Выязджаем мы шмат, бо магчымасць выступіць перад беларускай і замежнай публікай стымулюе дзяцей да якаснай працы лепш, чым адзнакі, — тлумачыць шырокую геаграфію паездак Ларыса Сямёнаўна. — Але без дапамогі колішняга старшыні гаспадаркі Уладзіміра Бядулі, начальніка аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Мікалая Громіка, а таксама спонсараў Ірэны Каляды-Смірновай і Вацлавы Вярбоўскай мы, канешне ж, не справіліся б. Яны дапамагаюць і касцюмы пашыць, і паездкі наладзіць.

У сваю чаргу,узорны калектыў на конкурсах штораз пацвярджае сваё пачэснае званне. Лаўрэаты дзіцячых праграм Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”, лаўрэаты Міжнароднага фестывалю “Вясенні зоркапад-2004” у Польшчы, уладальнікі Сярэбранага кубка і Кубка нацый на Міжнародным фестывалі “Сузор’е Будапешта”, Гран-пры на Міжнародным фестывалі “Горнае сузор’е” ў Славакіі — гэты спіс узнагарод і тытулаў можна доўжыць бясконца.

Сваім гонарам “непаседаўцы” лічаць і індывідуальныя перамогі салісткі ансамбля Аляксандры Шкурдода: у 2000 годзе дзяўчынка заваявала карону Міні-міс Свету, а ў 2002 годзе на Міжнароднай алімпіядзе выканальніцкіх відаў мастацтваў атрымала чатыры залатыя медалі.

За гісторыю існавання калектыву многія выхаванцы прадоўжылі харэаграфічную адукацыю, паступіўшы ў адпаведныя навучальныя ўстановы. На жаль, зараз славутаму калектыву куды цяжэй займацца: няма класа для рэпетыцый, бо Раснаўскі дом культуры стаіць на рамонце. Але Ларыса Сямёнаўна верыць: праблемы тыя — часовыя і вырашальныя, бо яе праца патрэбная, і ў першую чаргу дзецям. Пацвярджэннем стала сёлета сфарміраваная падрыхтоўчая група, на заняткі ў якую з 15 дзетак дзесяць прыязджаюць за дваццаць кіламетраў з Навасёлак…

 

Людміла МАКОЎСКАЯ
Фота з архіва Ларысы НІЧЫПАРУК