“Шляхетны” агляд

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Традыцыйна ў канцы восені Міншчына падводзіць вынік развіцця народнай творчасці за год. На фестывалі “Напеў зямлі маёй” у Мар’інай Горцы ўзнагароджваюцца лепшыя дзеячы культуры вобласці, спаборнічаюць калектывы розных відаў і жанраў мастацтва. Пераможца конкурсу атрымлівае мікрааўтобус, які перадаецца аддзелу культуры яго раёна. Сёлета “Газель” рушыла ў Вілейку, бо сярод 28-мі ўдзельнікаў уладальнікам Гран-пры аднадушна быў прызнаны хор “Кантус” Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Анатоля Шагава.

 /i/content/pi/cult/182/1859/Shlyahetny.jpg

Выступае народны харэаграфічны ансамбль “Кордэс”.

Конкурсная праграма цяперашняга, VIII фестывалю атрымалася, як заўсёды, вельмі разнастайнай. Праўда, у сярэдзіне канцэрта доўгай чарадой змянялі адна адну аднастылёвыя фальклорныя кампазіцыі, затое абрамлялі яго максімальна кантрастныя нумары. Усё гэтае суквецце і ацэньвала журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхасём Дрынеўскім. Яно дбала не толькі пра лёс Гран-пры, але і размяркоўвала шматлікія каштоўныя прызы (камп’ютэры для студыі гуказапісу, музычныя інструменты, відэакамеры) паміж лепшымі калектывамі кожнай з намінацый. Так ці інакш, былі адзначаны абсалютна ўсе. І гэта справядліва, бо літаральна да кожнага з нумароў, а таксама да самога сцэнарыя і паэтызаванага вядзення канцэрта так і хацелася “прычапіць” шыльдачку: “Зроблена з любоўю”.

Ці магчыма, здавалася б, дабіцца зладжанасці ў рухавай музыцы А.Вівальдзі, калі яе выконваюць не прафесіяналы, а выхаванцы раённай дзіцячай музычнай школы? Як даказаў ансамбль скрыпачоў “Канцэрціна” з Клецка (ІІ прэмія), зрабіць гэта вельмі проста — было б толькі адчуванне энергіі, напору і, галоўнае, адпаведнае навучанне, раўненне на кіраўніка Эву Уласень. А ці магчыма сіламі падлеткаў Дружненскага сельскага ДК (ІІ прэмія) узняць вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “На Купалле”, што належыць лідэру знакамітага гурта “Палац” Юрыю Выдронку? А, між тым, у выкананні вясковых дзяўчат эстраднай студыі “Мелодыя” купальскі абрад набыў асаблівую паэтыку рамантычнай таямнічасці (дыплом ІІІ ступені).

Беларуская музыка ўвогуле была прадстаўлена вельмі шырока. Класічную дасканаласць апрацоўкі Леанідам Захлеўным беларускай народнай песні як нельга лепей падкрэсліў маладзёжны хор “Брэвіс” Мінскага каледжа мастацтваў на чале з Вольгай Крыпец (І прэмія). Жанравую палітру жартоўнай песні Ізмаіла Капланава пашырыў агітацыйна-харэаграфічны калектыў “Журавінка” Івянецкага гарпасялковага ДК Валожынскага раёна (ІІ прэмія). Атрымалася тэатралізаваная кампазіцыя, што спалучала клаунаду, эксцэнтрыку з паслярэвалюцыйнымі традыцыямі “сіняблузнікаў”. Нарэшце, менавіта строгае, пазбаўленае знешніх эфектаў і накіраванае на раскрыццё ўнутранага зместу выкананне купалаўскай “Малітвы” ў адметным музычным прачытанні Уладзіміра Кур’яна прынесла Гран-пры вілейскаму хору “Кантус”.

Сярод харэаграфічных нумароў па-за канкурэнцыяй быў “Гадзіннік” (І прэмія), пастаўлены для народнага ансамбля “Кордэс” Слуцкага ГДК яго кіраўніцай Наталляй Мартыновіч. Адметныя строі, чарадзейства простых рухаў, падпарадкаваных “гадзіннікавай” логіцы развіцця, стваралі сапраўдную еўрапейскую стыльнасць. Лепшым сярод інструментальных калектываў быў справядліва прызнаны народны эстрадны ансамбль “Калор-Бэнд” выкладчыкаў Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў: пад кіраўніцтвам Івана Бялькевіча яны так граюць джаз, што маглі б скласці канкурэнцыю прафесіяналам.

А колькі цікавага было на выстаўцы! Традыцыйнае ткацтва з народнай майстэрні “Матрушка” з Любаншчыны, вясельныя вырабы з цеста (акрамя лебедзяў, яшчэ і калыска з дзіцем), шмат саламяных вырабаў, інкрустацыі. Народны клуб “Майстры Ігуменшчыны” на чале са Святланай Разумоўскай славіцца сваімі вышыванкамі. Штогод яны праводзяць конкурс, які прыцягвае ўсё новых удзельнікаў. Два гады таму — на лепшы ручнік, летась — на лепшы какошнік, сёлета ў цэнтры ўвагі апынуліся народныя строі. Нельга было абмінуць і гліняныя вырабы Асура Тамразава, прызнанага летась лепшым выкладчыкам года. Вобразныя, надзвычай эмацыйныя, яны вылучаліся повяззю нацыянальна спадчынных традыцый з тонкім подыхам Усходу, нагадваючы пра сармацкае паходжанне беларускай шляхты. Можа, таму і ўвесь агляд атрымаўся на дзіва шляхетным?

 Надзея БУНЦЭВІЧ