Працягваецца стварэнне экспазіцыі, размешчанай у будынку колішняга канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе Брэсцкай вобласці, які існаваў у 1934-1939 гадах. Зацверджаная навуковая канцэпцыя экспазіцыі, сродкі на яе абсталяванне плануецца вылучыць з мясцовага бюджэту. Музейныя прадметы, якія мяркуюць экспанаваць у Бярозе, будуць знаходзіцца на балансе Нацыянальнага гістарычнага музея.
Старшыня Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Барташ таксама выступіў з прапановай добраўпарадкавання месца пахавання ахвяр нацызму і стварэння мемарыяльнага комплексу на Броннай Гары, дзе ў 1942 годзе былі знішчаныя больш за пяцьдзясят тысяч чалавек. Гэтая трагічная мясціна нядаўна атрымала статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання.
Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні закупкі музычных інструментаў і аўтатранспарту для ўстаноў культуры, вакцынацыі супрацоўнікаў сферы ад COVID-19, а таксама аптымізацыі дакументазвароту. Асобна была звернутая ўвага на неабходнасць засваення вылучаных сродкаў да заканчэння каляндарнага года.