Дастаеўскі і Дастоева: Парадыгма генія

№ 46 (1537) 14.11.2021 - 20.11.2021 г

Дастаеўскі і Дастоева: знакавыя імпрэзы ў Іванаўскім раёне да юбілею славутага пісьменніка
11 лістапада споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння знакамітага рускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. Маштабныя святкаванні з гэтай нагоды ладзяцца сёння ва ўсім цывілізаваным свеце, у тым ліку і ў Беларусі, адкуль паходзіць шляхецкі род Дастаеўскіх. Так, у Іванаўскім раёне, дзе ў вёсцы Дастоева нарадзіліся продкі будучага класіка рускай літаратуры, 11 лістапада на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф.І. Панфёрава прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асоба і творчасць Ф.М. Дастаеўскага ў кантэксце агульнакультурнай парадыгмы”, прысвечаная юбілею пісьменніка і 515-годдзю роду Дастаеўскіх. У мерапрыемствах прымалі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Беразоўская, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі краіны Аксана Кніжнікава, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка, доктар філалагічных навук, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Ірына Мінералава, прадстаўнікі філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_8.jpgНагадаем, што акцыі, імпрэзы, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы ладзіліся з нагоды юбілейнай даты і на Іванаўшчыне, і па ўсёй Беларусі цягам усяго 2021 года. Напрыклад, яшчэ 27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло выставачна-асветніцкае мерапрыемства да 200-годдзя з дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага, падрыхтаванае Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўнай бібліятэкі краіны. Тамсама была адкрыта фотавыстава “Пецярбург Дастаеўскага”, якая да таго экспанавалася ў розных гарадах Расіі.

Але, натуральна, найбольш маштабныя і знакавыя мерапрыемствы ладзіліся цягам гэтага і мінулага года менавіта на Брэстчыне, у Іванаўскім раёне. Так, у рамках падрыхтоўкі да юбілею пісьменніка, яшчэ два гады таму Іванаўскі райвыканкам, Брэсцкі аблвыканкам і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі канцэпцыю па стварэнні ў аграгарадку Дастоева інфармацыйна-культурнага цэнтра “Дастаеўскі — гісторыя і сучаснасць”. Дзейнасць цэнтра скіравана на папулярызацыю і прэзентацыю літаратурнай спадчыны вялікага рускага пісьменніка і гісторыі роду Дастаеўскіх з ужываннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Канцэпцыяй прадугледжана стварэнне новага экскурсійнага маршруту “Дастоева і род Дастаеўскіх” з электроннай экскурсіяй па шасці музеях Ф.М. Дастаеўскага, экспазіцыі, прысвечанай пісьменніку і гісторыі роду Дастаеўскіх, ды многае іншае.

Дарэчы, яшчэ год таму, на дзень нараджэння пісьменніка, 11 лістапада 2020 года, у Дастоеўскай сярэдняй школе пры падтрымцы Іванаўскага райвыканкама і мясцовага адкрытага акцыянернага таварыства “Дастоева” быў адкрыты інфармацыйны прэс-цэнтр. У ім ёсць сучаснае абсталяванне, якое дазваляе праводзіць віртуальныя экскурсіі, музейныя ўрокі, літаратурныя майстар-класы, канферэнцыі, дыстанцыйнае кансультаванне з іншымі музеямі і спецыялістамі.

А ўвогуле спадчыну пісьменніка актыўна прапагандуюць і папулярызуюць у Іванаўскім раёне ўжо больш чым паўстагоддзя. Так, яшчэ ў далёкім 1971 годзе Дастоеўскай сярэдняй школе было прысвоена імя вялікага пісьменніка, а з 1982 года ва ўстанове адукацыі функцыянуе народны літаратурна-краязнаўчы музей. Установа вядзе актыўнае супрацоўніцтва з музеямі Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу, Старой Русе, Маскве. Былі наладжаны сувязі і з праўнукам Дастаеўскага — Дзмітрыем Андрэевічам, які ў красавіку 2007 года здзейсніў візіт на радзіму сваіх продкаў.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_1.jpg

Да слова, наведванне названага музея ўваходзіць у экскурсійны маршрут цеплахода “Белая Русь”, сярод турыстаў якога большасць складаюць госці з Расійскай Федэрацыі. А 18 ліпеня 2021 года ў Іванаве ў рамках Дня горада адбылося ўрачыстае адкрыццё ландшафтна-культурнага парку спадчыны Іванаўскага раёна “Лабірынт часу”, дзе пачэснае месца заняў макет родавага маёнтка Дастаеўскіх.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_2.jpg

Да 200-гадовага юбілею Ф.М. Дастаеўскага і 515-годдзя яго роду ў бібліятэках Іванаўскага раёна і ва ўстановах адукацыі ўжо са студзеня 2021 года праходзілі і праходзяць тэматычныя мерапрыемствы. Напрыклад, конкурс мабільнага відэа “Чытаем Дастаеўскага”, раённы конкурс малюнкаў па творах Ф.М. Дастаеўскага, цыкл тэматычных экскурсій “Дастоева і Дастаеўскі”. Да таго ж у рамках творчага праекта “Тысяча мудрых старонак Дастаеўскага” ў кожнай бібліятэцы Іванаў­шчыны аформлены інфармацыйныя тэматычныя выстаўкі-экспазіцыі, абвешчаны агляд-конкурс “Дастаеўскі і яго літаратурная спадчына”, конкурс буктрэйлераў “Творы Дастаеўскага вачыма сучасніка” ды шмат што яшчэ. Адзначу, што ўлюбёным героям твораў Дастаеўскага быў прысвечаны кніжны карнавал, арганізаваны раённай бібліятэкай у рамках святочных мерапрыемстваў да Дня горада.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_3.jpg

Макет родавага маёнтка Дастаеўскіх.

Напрыканцы хачу сказаць і вось яшчэ пра што. Падобная павага да сваёй спадчыны тут не выпадковая. Журналісты “К”, у тым ліку і я, не адзін раз бывалі ў Іванаўскім раёне і могуць дакладна засведчыць, што да сваёй гісторыі жыхары ставяцца з вялікай пашанай. І гаворка не толькі пра спадчыну Фёдара Дастаеўскага. Яшчэ ў 2009 годзе, падчас нашых веласіпедных вандровак і газетных рэпартажаў з Палесся, у Іванаўскім раёне для журналістаў “К” зладзілі цэлую экскурсію па гістарычных мясцінах.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_4.jpg

Мы пабывалі тады ў Варацэвічах, дзе жыў і ствараў свае знакамітыя творы мастак, кампазітар, вучоны Напалеон Орда (цяпер там месціцца шыкоўны музей, у які я б параіў завітаць кожнаму беларусу, ахвочаму да гістарычных цікавостак), заехалі ў вёску Моталь, дзе нарадзіўся першы Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман (мясцовы музей — гэта сапраўдная турыстычная перліна, па яго экспазіцыях можна блукаць гадзінамі), у самім Іванаве наведалі Музей народнай творчасці (яго фонды складаюць каля 26 тысяч экспанатаў!), а пазней, кіруючыся ў Пінск, пабачылі на тэрыторыі раёна геадэзічны знак Дугі Струвэ, рашэннем UNESCO ўключанай у Міжнародны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_6.jpg

І пазней, калі мы прыязджалі сюды на Міжнародны кулінарна-этнаграфічны фес­тываль “Мотальскія прыс­макі”, і калі завітвалі ў Музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна, нас, журналістаў, уражвала тая колькасць музеяў, помнікаў, памятных мясцін, якімі багатая Іванаўская зямля. І літаральна ўсе гэтыя мясціны пасля раскруткі, рэкламы і, самае галоўнае, самаадданай працы мясцовых культработнікаў рабіліся спачатку самымі сапраўднымі брэндамі той мясцовасці, вёскі ці аграгарадка, а потым і ўсяго раёна ды, бывала, і цэлай нашай краіны.

/i/content/pi/cult/877/18571/1_7.jpg

Падчас канферэнцыі.

Так што вопыт культработнікаў Іванаўскага раёна ў гэтым плане — неацэнны і варты пераймання ў іншых раёнах Беларусі. А тое, што гэтая пачэсная праца мясцовых культработнікаў па ўшанаванні сваіх гістарычных мясцін і асоб, якія пражывалі на слыннай Іванаўскай зямлі, працягваецца, не можа не радаваць і нас, журналістаў “К”, і, бадай, кожнага неабыякавага да сваёй гісторыі беларуса.

І яшчэ. Абавязкова трэба сказаць “Дзякуй!” кіраўніцтву Іванаўскага райвыканкама, якое на высокім узроўні арганізавала і прымала актыўны ўдзел у юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных класіку.

Фота Паўла Мельніка, ганаровага грамадзяніна Іванаўскага раёна.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"