Нагадаем, што акцыі, імпрэзы, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы ладзіліся з нагоды юбілейнай даты і на Іванаўшчыне, і па ўсёй Беларусі цягам усяго 2021 года. Напрыклад, яшчэ 27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло выставачна-асветніцкае мерапрыемства да 200-годдзя з дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага, падрыхтаванае Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і галоўнай бібліятэкі краіны. Тамсама была адкрыта фотавыстава “Пецярбург Дастаеўскага”, якая да таго экспанавалася ў розных гарадах Расіі.
Але, натуральна, найбольш маштабныя і знакавыя мерапрыемствы ладзіліся цягам гэтага і мінулага года менавіта на Брэстчыне, у Іванаўскім раёне. Так, у рамках падрыхтоўкі да юбілею пісьменніка, яшчэ два гады таму Іванаўскі райвыканкам, Брэсцкі аблвыканкам і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі канцэпцыю па стварэнні ў аграгарадку Дастоева інфармацыйна-культурнага цэнтра “Дастаеўскі — гісторыя і сучаснасць”. Дзейнасць цэнтра скіравана на папулярызацыю і прэзентацыю літаратурнай спадчыны вялікага рускага пісьменніка і гісторыі роду Дастаеўскіх з ужываннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Канцэпцыяй прадугледжана стварэнне новага экскурсійнага маршруту “Дастоева і род Дастаеўскіх” з электроннай экскурсіяй па шасці музеях Ф.М. Дастаеўскага, экспазіцыі, прысвечанай пісьменніку і гісторыі роду Дастаеўскіх, ды многае іншае.
Дарэчы, яшчэ год таму, на дзень нараджэння пісьменніка, 11 лістапада 2020 года, у Дастоеўскай сярэдняй школе пры падтрымцы Іванаўскага райвыканкама і мясцовага адкрытага акцыянернага таварыства “Дастоева” быў адкрыты інфармацыйны прэс-цэнтр. У ім ёсць сучаснае абсталяванне, якое дазваляе праводзіць віртуальныя экскурсіі, музейныя ўрокі, літаратурныя майстар-класы, канферэнцыі, дыстанцыйнае кансультаванне з іншымі музеямі і спецыялістамі.
А ўвогуле спадчыну пісьменніка актыўна прапагандуюць і папулярызуюць у Іванаўскім раёне ўжо больш чым паўстагоддзя. Так, яшчэ ў далёкім 1971 годзе Дастоеўскай сярэдняй школе было прысвоена імя вялікага пісьменніка, а з 1982 года ва ўстанове адукацыі функцыянуе народны літаратурна-краязнаўчы музей. Установа вядзе актыўнае супрацоўніцтва з музеямі Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу, Старой Русе, Маскве. Былі наладжаны сувязі і з праўнукам Дастаеўскага — Дзмітрыем Андрэевічам, які ў красавіку 2007 года здзейсніў візіт на радзіму сваіх продкаў.
Да слова, наведванне названага музея ўваходзіць у экскурсійны маршрут цеплахода “Белая Русь”, сярод турыстаў якога большасць складаюць госці з Расійскай Федэрацыі. А 18 ліпеня 2021 года ў Іванаве ў рамках Дня горада адбылося ўрачыстае адкрыццё ландшафтна-культурнага парку спадчыны Іванаўскага раёна “Лабірынт часу”, дзе пачэснае месца заняў макет родавага маёнтка Дастаеўскіх.
Да 200-гадовага юбілею Ф.М. Дастаеўскага і 515-годдзя яго роду ў бібліятэках Іванаўскага раёна і ва ўстановах адукацыі ўжо са студзеня 2021 года праходзілі і праходзяць тэматычныя мерапрыемствы. Напрыклад, конкурс мабільнага відэа “Чытаем Дастаеўскага”, раённы конкурс малюнкаў па творах Ф.М. Дастаеўскага, цыкл тэматычных экскурсій “Дастоева і Дастаеўскі”. Да таго ж у рамках творчага праекта “Тысяча мудрых старонак Дастаеўскага” ў кожнай бібліятэцы Іванаўшчыны аформлены інфармацыйныя тэматычныя выстаўкі-экспазіцыі, абвешчаны агляд-конкурс “Дастаеўскі і яго літаратурная спадчына”, конкурс буктрэйлераў “Творы Дастаеўскага вачыма сучасніка” ды шмат што яшчэ. Адзначу, што ўлюбёным героям твораў Дастаеўскага быў прысвечаны кніжны карнавал, арганізаваны раённай бібліятэкай у рамках святочных мерапрыемстваў да Дня горада.
Макет родавага маёнтка Дастаеўскіх.
Напрыканцы хачу сказаць і вось яшчэ пра што. Падобная павага да сваёй спадчыны тут не выпадковая. Журналісты “К”, у тым ліку і я, не адзін раз бывалі ў Іванаўскім раёне і могуць дакладна засведчыць, што да сваёй гісторыі жыхары ставяцца з вялікай пашанай. І гаворка не толькі пра спадчыну Фёдара Дастаеўскага. Яшчэ ў 2009 годзе, падчас нашых веласіпедных вандровак і газетных рэпартажаў з Палесся, у Іванаўскім раёне для журналістаў “К” зладзілі цэлую экскурсію па гістарычных мясцінах.
Мы пабывалі тады ў Варацэвічах, дзе жыў і ствараў свае знакамітыя творы мастак, кампазітар, вучоны Напалеон Орда (цяпер там месціцца шыкоўны музей, у які я б параіў завітаць кожнаму беларусу, ахвочаму да гістарычных цікавостак), заехалі ў вёску Моталь, дзе нарадзіўся першы Прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман (мясцовы музей — гэта сапраўдная турыстычная перліна, па яго экспазіцыях можна блукаць гадзінамі), у самім Іванаве наведалі Музей народнай творчасці (яго фонды складаюць каля 26 тысяч экспанатаў!), а пазней, кіруючыся ў Пінск, пабачылі на тэрыторыі раёна геадэзічны знак Дугі Струвэ, рашэннем UNESCO ўключанай у Міжнародны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.
І пазней, калі мы прыязджалі сюды на Міжнародны кулінарна-этнаграфічны фестываль “Мотальскія прысмакі”, і калі завітвалі ў Музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна, нас, журналістаў, уражвала тая колькасць музеяў, помнікаў, памятных мясцін, якімі багатая Іванаўская зямля. І літаральна ўсе гэтыя мясціны пасля раскруткі, рэкламы і, самае галоўнае, самаадданай працы мясцовых культработнікаў рабіліся спачатку самымі сапраўднымі брэндамі той мясцовасці, вёскі ці аграгарадка, а потым і ўсяго раёна ды, бывала, і цэлай нашай краіны.
Падчас канферэнцыі.
Так што вопыт культработнікаў Іванаўскага раёна ў гэтым плане — неацэнны і варты пераймання ў іншых раёнах Беларусі. А тое, што гэтая пачэсная праца мясцовых культработнікаў па ўшанаванні сваіх гістарычных мясцін і асоб, якія пражывалі на слыннай Іванаўскай зямлі, працягваецца, не можа не радаваць і нас, журналістаў “К”, і, бадай, кожнага неабыякавага да сваёй гісторыі беларуса.
І яшчэ. Абавязкова трэба сказаць “Дзякуй!” кіраўніцтву Іванаўскага райвыканкама, якое на высокім узроўні арганізавала і прымала актыўны ўдзел у юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных класіку.
Фота Паўла Мельніка, ганаровага грамадзяніна Іванаўскага раёна.