Перад адкрыццём установу наведаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Ён зазначыў, што новая бібліятэка — адна з лепшых у рэспубліцы, больш укамплектаваная за яе з раённых — толькі Слонімская.
“Мы прывезлі ў падарунак установе два дыскі: “Інкунабулы” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, на якім сабраны творы з калекцыі Радзівілаў, і Слуцкае Евангелле — помнік літаратуры, над стварэннем лічбавага выгляду якога плённа працавалі нашы работнікі, а таксама супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прыемна, што новая бібліятэка адкрываецца менавіта ў Нясвіжы — адным з найбольш старадаўніх гарадоў краіны, цэнтры культуры і адукацыі, і мы будзем супрацоўнічаць з ёю вельмі цесна. Жыхары горада змогуць выходзіць на рэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі праз Iнтэрнет, магчыма, тут адкрыецца віртуальная чытальная зала, якія ёсць у абласных гарадах. Таму верыцца, што традыцыі, якія былі закладзены князямі Радзівіламі пяць стагоддзяў таму, не прыпыніліся — яны будуць працягвацца. І гэты новы цэнтр ведаў стане своеасаблівым мастком паміж мінулым і будучым.”
Зусім нядаўна Нясвіжская раённая бібліятэка тулілася ў невялікім памяшканні Цэнтра культуры і адпачынку на плошчы ў 200 квадратных метраў. Але, па словах Наталлі Чуевай, дырэктара мінскай абласной бібліятэкі імя А.Пушкіна, яна заставалася адной з самых лепшых у вобласці. Дзякуючы нястомнай дзейнасці ініцыятыўных і творча адораных работнікаў, попыт на кнігі заўсёды быў вялікі, у некаторыя дні прыходзіла больш за сто чалавек, выдача цягам года складала 70 тысяч адзінак пры агульным аб’ёме выданняў — 50 тысяч. Колькасць жа чытачоў складала больш за чатыры тысячы.
Першыя спробы палепшыць сітуацыю з размяшчэннем бібліятэкі пачаліся яшчэ ў 2000 годзе, а інтэнсіўнае будаўніцтвавялося на працягу апошніх трох гадоў. Сапраўды цікавы праект выканалі работнікі “Творчай майстэрні імя архітэктара Дулевіча” пад кіраўніцтвам Вадзіма Дражына. Цяпер агульная плошча інфармацыйна-культурнага цэнтра — 2200 квадратных метраў. 20 сучасных камп’ютэраў аб’яднаны тут у лакальную сетку, на 6 з іх могуць адукоўвацца чытачы. Працаваць тут будуць 19 работнікаў (амаль усе — з вышэйшай бібліятэчнай адукацыяй), а таксама 8 чалавек абслугоўваючага персаналу.
Людміла Дашко, дырэктар раённай бібліятэкі Нясвіжа, гаворыць, што ў новым будынку будуць праходзіць пасяджэнні творчых калектываў, якіх у рэгіёне — сем, а таксама канферэнцыі, семінары, сходы бібліятэчных работнікаў. Што да чытачоў вёсак, то і на іх не забыліся: да іх будзе едзіць бібліобус, абсталяваны ксераксам, а магчыма, нават і камп’ютэрам.
Адкрыццё бібліятэкі распачалося прадстаўленнем артыстаў народнага тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Асобы, якія прымалі ўдзел у рэалізацыі праекта, пачулі словы віншаванняў на свой адрас. Леанід Крупец, старшыня Мінаблвыканкама, адзначыў: “Калі вы зойдзеце ў гэты сучасны цэнтр, вы апынецеся ў месцы, дзе даступны ўсе сродкі для адукацыі, інфармацыйныя тэхналогіі, неабходныя для фарміравання разумнай асобы. Выканаўчы камітэт заўсёды будзе падтрымліваць крыніцы ведаў, таму што разумее іх неабходнасць сёння”.
Алена САБАЛЕЎСКАЯФота аўтара