Паэтычная восень Уладзіміра Рынкевіча

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Я адчыняю масіўныя дзверы і апынаюся ў невялікай і вельмі ўтульнай зале Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якую напаўняе сама творчасць. Нават гучыць мелодыя флейты. Усё атачэнне стварае ўрачыстую атмасферу адкрыцця выстаўкі знакамітага беларускага мастака-акварэліста Уладзіміра Рынкевіча “Вераснёўскія туманы”.

 /i/content/pi/cult/182/1856/Paetychnaja.jpg
Мастак пачаў свой творчы шлях у далёкім 1975 годзе. Сёння яго імя добра вядома не толькі ў роднай Беларусі, але і за яе межамі: у Расіі, Эфіопіі, іншых краінах.
Атрымліваючы за ўдзел у розных конкурсах — “Буслік”, “‘Жураўляня”, “Кенгуру” — невялічкія каляндарыкі, дзе былі змешчаны рэпрадукцыі яго цудоўных карцін, ці думала, што сустрэнуся з аўтарам цудоўных работ?

Пераважная большасць з прадстаўленых на выстаўцы карцін напісана ў цёплых, сонечных колерах: “Апошні прамень”, “Час спелай рабіны”, “Вячэрні водар”. Твор, які даў назву выстаўцы “Вераснёўскія туманы”, — сапраўды вылучаецца сярод астатніх.

Маю ўвагу прыцягнула работа “Старая вулачка”, матыў якой вельмі блізкі кожнаму: усе мы маем такую ціхую вулачку, дзеля сустрэчы з якой часам гатовы пакінуць усе свае клопаты.

“Відаць, найбліжэй душы кожнага чалавека натуральная прырода. Але і без сучаснага асяроддзя мы не можам існаваць. У горадзе працуем, а на прыродзе, у вёсцы — адпачываем душой, набіраючыся сіл: і маральных, і фізічных. Я з тых, хто чакае, каб хутчэй прыйшло лета: мусіць, чалавек больш “лясны”, чым гарадскі”, — адзначыў Уладзімір Рынкевіч.

На пытанне, чаму выстаўка ладзіцца менавіта ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, мастак сказаў: “Сёлета Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была закуплена адна мая акварэль “Аколіца” — таксама вясковай тэматыкі. Яна была размеркавана ў гэты музей. Такім чынам у нас наладзіліся цесныя, сяброўскія стасункі, і, урэшце, з’явілася прапанова: зрабіць выстаўку. Я з задавальненнем пагадзіўся і не шкадую: у гэтай зале ўсё свеціцца, усё так узвышана! Гэта атмасфера мастацтва, асяродак паэзіі.

Яна, падаецца, дапамагае ўспрыманню твораў жывапісу...”

 

Кацярына АЛЯКСАНДРАВА