Чырвоны Кастрычнік быў і — нягледзячы на тое, што адбывалася на працягу 70 гадоў савецкай улады з яе “белымі” і “чорнымі” плямамі, з яе перамогамі і паразамі, з яе сацыяльнымі трагедыямі, драмамі, памылкамі і ўнікальнымі дасягненнямі ў сферах навукі, тэхнікі, эканомікі, будаўніцтва, адукацыі, — застаецца для ўсяго чалавецтва Кастрычніцкай рэвалюцыяй (ці хай сабе — дзяржаўным пераваротам: сутнасць ад гэтага не мяняецца).
М. Савіцкі. Адзінадушша. 1970.
Але як бы там ні было, Кастрычніцкая рэвалюцыя і ў галіне выяўленчай культуры, урэшце, як і ва ўсіх іншых гуманітарных сферах, пакінула наймагутнейшы след, бо на працягу сямі дзясяткаў гадоў, скажам, тэма Рэвалюцыі, уключаючы Ленініяну, даведзеную да штампаванага абсурду, для майстроў сацрэалізму заставалася найбольш важнай — як з пункту гледжання “добрапрыстойнай” камуністычнай ідэалогіі, так і з пазіцыі матэрыяльнага дабрабыту. З майстэрняў мастакоў, асабліва да “дацкіх” выстаў, вялікімі плынямі выходзіла шмат халтуры, часам дабраякаснай, але сустракаліся і моцныя творы жывапісу, скульптуры, графікі, манументалістыкі, плаката на тэму Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, якія і сёння не страцілі сваёй мастацкай значнасці. Мне здаецца, што, у прыватнасці, такія аўтарытэтныя аўтары-класікі, як Яўген Зайцаў, Іван Ахрэмчык, Міхаіл Савіцкі, Заір Азгур, Андрэй Бембель, Сяргей Селіханаў, Аляксей Глебаў, Анатоль Шыбнёў, Адольф Гугель і іх маладыя паслядоўнікі, што з захапленнем малявалі, рысавалі і ляпілі “камісараў у пыльных шлемах”, па-сапраўднаму верылі ў светлыя рэвалюцыйныя ідэалы Кастрычніка. І іх за гэта нельга папракаць — такі быў час. Такая была эпоха...
М. Шагал. Рэвалюцыя.
Але зараз не пра гэта. Зараз я пра тое, што менавіта Віцебск стаў першым горадам у юнай Краіне Саветаў, дзе, хаця б на кароткі тэрмін (усяго тры з паловай гады), з’явілася новае бліскучае рэвалюцыйнае мастацтва! Урбаністычнае мастацтва вуліц і плошчаў... Паводле Маякоўскага: “Вуліцы — нашы пэндзлі, плошчы — нашы палітры...” Канешне, першая гадавіна перамогі бальшавікоў святкавалася ва ўсіх гарадах і вёсках юнай савецкай рэспублікі ў асноўным праз шматлікія дэманстрацыі з кумачовымі сцягамі, ваенныя парады, “вернісажы” часовых помнікаў і мемарыяльных дошак. Але такога ўнікальна-кідкага маляўнічага афармлення літаральна ўсяго горада, як тое было ў экстэр’еры Віцебска, больш нідзе ў свеце не знайсці.
Апачыналася ўсё як у дэтэктыве. Хіба ж думаў 30-гадовы Шагал, пражываючы ў Парыжы, што стане адным з родапачынальнікаў “віцебскага Рэнесансу” — эстэтычнага феномена авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя, які ўвайшоў у сусветную гісторыю культуры пад назвай “Віцебская мастацкая школа”. Так, менавіта тут пад крылом Кастрычніка з’явілася яна, школа вялікіх творчых надзей і расчараванняў, страчаных ілюзій і магчымага адыходу ў нябыт. На шчасце, апошняе не здарылася...
Марк Шагал вярнуўся ў родны горад у 1918 годзе ў якасці камісара па культуры і мастацтве Віцебска і ўсёй губерні. У гэты перыяд тут ужо пачала складвацца група “левых” мастакоў розных кірункаў і плыняў. Але іх аб’ядноўвала адна агульная ідэя: стварыць новае рэвалюцыйнае мастацтва і творчае асяроддзе, адпаведнае новым ідэалам.
Парад 7 лістапада 1918 года ў Віцебску.
Галоўнымі элементамі афармлення былі пано і плакаты на палатне. Большасць з іх размяшчалася на белым фоне, што надавала кідкасць нават з далёкай адлегласці і “выбуховую” выразнасць сярод шэрых несамавітых будынкаў. З таго часу захавалася толькі некалькі шагалаўскіх эскізаў з гэтага цыкла. Напрыклад, пано з фігурай конніка-трубача — сімвала свабоды. А ў другім пано — “Мір хацінам, вайна палацам” — тэма рэвалюцыйнай барацьбы, экспрэсія, энергія і гнеў: фігура селяніна ў падпяразанай кашулі ўздымае дом з калонамі. Нават сацыяльная дэфармаванасць і эскізная нядбайная паспешлівасць не зніжала моцнага эмацыянальнага ўплыву твора. “Наперад!” — дзе юнак, раскінуўшы рукі, нібы крылы, імчыць-лунае над зямлёй, а ўнізе бачны Віцебск. Сардэчнае жаданне перадаць пачуццё новага прымушала мастака шырока выкарыстоўваць сімволіку, алегорыю, выяўленчую метафару. Падобныя прыёмы ў Шагала набывалі нейкі містычны, таямнічы характар, калі рэальныя аб’екты — жывёлы, людзі, прадметы гарадскога побыту — спалучаліся ў самых неверагодных, непраўдападобных мастацкіх цытатах. Аднак гэта зусім не азначала, што яго пано ці роспісы пакідалі гледача абыякавым. Тое былі вельмі імпульсіўныя, нешаблонныя карціны, і па-свойму яны цікавілі і здзіўлялі публіку. А калі 7 лістапада 1918 года жыхары Віцебска пабачылі свой горад размаляваным шагалаўскімі “зялёнымі козамі” і коннікамі, былі наогул дашчэнту агаломшаныя. А што зробіш — рэвалюцыя прымушала мастакоў шукаць новыя пластычныя формы і новы змест! І ўсё гэта “новае” вельмі гарманічна злучалася з жывым захопленым дыханнем соцень крочачых дэманстрантаў і чырвонаармейцаў са сцягамі і транспарантамі...
А. Кішчанка. Песня пра рэвалюцыю.
Наогул кажучы, пра святочны Віцебск гэтага часу ўжо шмат сказана і ў СМІ, у тым ліку на старонках нашай “Культуры”, і ў манаграфіях, і на кінаэкранах, і на тэатральных падмостках.
Але я хачу коратка падзяліцца з чытачамі ўспамінам пра сваю незабыўную сустрэчу з чалавекам, які непасрэдна быў побач з Шагалам менавіта ў той перыяд, калі Віцебск апынуўся цалкам у палоне святочнай атмасферы, звязанай з нядаўняй перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
...У 1977 годзе на Х з’ездзе мастакоў Беларусі, які праходзіў ў Мінску ў клубе імя Дзяржынскага, я пазнаёміўся з госцем форуму — вядомым мастаком-графікам з Казахстана Валянцінам Антошчанкам-Алянёвым, чалавекам з унікальнай памяццю. Лёс яго быў вельмі пакручысты: ён больш за дзесяць гадоў адседзеў у ГУЛАГу, але потым арганічна ўвайшоў у мастацкае жыццё краіны і яму было прысуджана званне заслужанага дзеяча мастацтваў Казахскай ССР. Памёр ён у 1984 годзе, амаль праз семдзесят гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У тых маіх гутарках з ім, якія я занатаваў, высветлілася, што ён быў у рэвалюцыйным Віцебску... прыватным вартаўніком у наваспечанага камісара Шагала і, перапярэзаны кулямётнымі стужкамі, з парабелумам у драўлянай кабуры, заўсёды суправаджаў па горадзе “таварыша Шагала”, які заўсёды хадзіў у вышыванай касаваротцы і са скураным паношаным партфелем пад пахай.
Віцебск авангардны часоў рэвалюцыі. Снежань 1919 г.
Вось што я тады пачуў: “У Віцебску, адразу пасля прыезду з горада Сестрарэцка, мяне, васямнаццацігадовага юнака, прызначылі ахоўнікам Марка Захаравіча, бо я быў фізічна вельмі моцны і меў ужо баявую практыку ў снежаньскіх рэвалюцыйных баях 1917 года, — расказваў Валянцін Іосіфавіч. — Я памятаю той камісарскі мандат Шагала, зарэгістраваны віцебскім аддзелам народнай асветы 25 верасня 1918 года. У ім было сказана, што мастак прызначаны ўпаўнаважаным калегіяй па справах мастацтва Віцебскай губерні і яму давалася паўнамоцнае права арганізоўваць практычна ўсе мерапрыемствы, звязаныя з прапагандай рэвалюцыйнага мастацтва. З Шагалам я быў побач практычна штодзень да канца жніўня 1919-га, пакуль мяне не мабілізавалі ў Чырвоную гвардыю. Паралельна з абавязкамі целаахоўніка я наведваў з лістапада 1918-га Народнае мастацкае вучылішча, хаця яно афіцыйна было адкрыта напрыканцы студзеня наступнага года. Адкрывалі яго, памятаю, сам Шагал, Дабужынскі, Ксенія Багуслаўская, хтось яшчэ. На тагачаснай вуліцы імя Бухарына было вельмі шумна, святочна, незвычайна... Найярчэй у памяці захаваліся дні, калі мы рыхтаваліся да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады Шагал літаральна падняў на ногі ўвесь мастацкі Віцебск: настаўнікаў і іх вучняў. І нават тых, хто толькі-толькі пачаў маляваць. Штодзённа, з вялікім прыцэлам на будучыню, аглядалі мы з Шагалам горад: Саборную плошчу, вуліцы Ветраныя (іх было дзве), Задуноўскую, Гогалеўскую, базарныя кропкі, фасады двухпавярховых дамоў, драўлянага тэатра Ціханоўскага на Канатнай вуліцы, кінатэатраў “Арс”, “Рэкорд”, “Ілюзіён” — словам, усё, што можна было ўпрыгожыць святочнымі пано, сцягамі, гірляндамі, агітплакатамі, насценнымі роспісамі. Асабіста я па эскізах Шагала (разам з юнай Жэняй Магарыл і Лёвам Цыперсонам) ствараў плакаты з выявай палаючай паходні на фоне разгорнутай кнігі — сімвала народнай асветы... Павінен сказаць, што да Шагала як мастака жыхары Віцебска ў цэлым ставіліся вельмі прыязна. Кожны, хто бачыў яго на вуліцы, жадаў з ім асабіста павітацца, зняць перад ім капялюш, альбо — яшчэ больш — павітацца за руку. Хаця часам пасмейваліся з яго манументальных выяў розных фантастычных жывёлін і людзей, якія ляцелі ў блакітных нябесных прасторах насустрач новаму жыццю. Праўда, хтосьці з абывацеляў успрымаў шагалаўскае мастацтва накшталт землятрусу, і ніяк не менш. Колькі разоў я начаваў у драўляным дамку Марка па вуліцы Пакроўскай, які яму часова далі гарадскія ўлады (гэта якраз насупраць дома яго бацькоў). Там было два пакойчыкі, адзін як майстэрня, дзе Шагал прымаў юных мастакоў, і другі — для адпачынку ад спраў праведных...”
Так, менавіта тут, на Пакроўскай, нараджаліся шагалаўскія “рэвалюцыйныя эцюды” — фантастычныя задумкі і ідэі пра тое, як да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі зрабіць Віцебск самым цудоўным горадам на планеце...
Трошкі пазней афармленнем рэвалюцыйных свят Віцебска займаліся і Казімір Малевіч з Эль Лісіцкім, і іншыя “ўнавісаўцы”. Значэнне такіх афармленняў як асобнага віду творчасці ў той час рэзка ўзрасло: у суворыя будні грамадзянскай вайны святы канцэнтравана ўвасаблялі ўтопію пра светлую будучыню і з’яўляліся своеасаблівай мастацкай мадэллю такой утопіі-мары. Але гэта ўжо іншая гісторыя...