“Запаралеліліся” з Парыжам

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Грандыёзны саракапавярховы бізнес-цэнтр на месцы гатэля “Беларусь”, адміністратыўны будынак у дваццаць пяць паверхаў на праспекце Пераможцаў, трыццаціпавярховая вышыня адміністратыўна-дзелавога комплексу па вуліцы Кальварыйскай... Ні для кога не сакрэт, што сёння ў архітэктурным абліччы Мінска адбываецца “высотны” паварот.

 /i/content/pi/cult/182/1855/Sub-sustrecy1.jpg
Здавалася б, сілуэты тых высокіх “чужынцаў” яшчэ толькі мрояцца ў размаітай далечыні, і праекты хмарачосаў — толькі чыісьці фантазіі “на тэму” горада будучыні. Аднак зусім хутка Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай
Айчыннай вайны пераязджае на новае месца, саступаючы сваю тэрыторыю шматпавярховаму гатэлю класа “5 зорак”, што ў перспектыве з’явіцца на Кастрычніцкай плошчы.

Што стаіць за падобнай актуалізацыяй высотных пабудоў? Няўжо Мінск сапраўды пераўтворыцца ў горад хмарачосаў? Як ставіцца да падобных змен? Каб разабрацца ў надзённай тэме, “К” звярнулася да лаўрэата міжнародных архітэктурных конкурсаў, архітэктара экалагічна зарыентаваных будынкаў, выкладчыка БНТУ Георгія ЗАБОРСКАГА, які, сумяшчаючы своеасаблівы погляд эколага і дойліда, прапанаваў уласны падыход да падзей, што адбываюцца ў “эмацыйным наваколлі” Мінска.

Хмарачосы: “за” ці “супраць”?
— Георгій, Мінск звычны нам у сваім абліччы камфортнага, невысокага мегаполіса з шырокімі вуліцамі і праспектамі. Аднак сёння горад захлынула хваля высотнага будаўніцтва. Натуральна, хочацца дазнацца: наколькі неабходны ўтульнай нашай сталіцы падобныя змены?
— Насамрэч, праблема тут неадназначная. З аднаго боку, мы прызвычаіліся жыць менавіта ў такім горадзе, і, натуральна, гэтыя змены нам не вельмі блізкія і не вельмі прыемныя. У дадатак, новае будаўніцтва сапраўды выклікае шмат праблем і насцярожанасці, шмат пытанняў па тэме, у прыватнасці, і ў мяне. Але, з іншага боку, Мінск зараз праходзіць цалкам аб’ектыўна існуючую стадыю развіцця мегаполіса. Скажам так: любому дзіцяці неабходна прайсці спачатку падлеткавую стадыю адмаўлення бацькоўскага вопыту, потым яно пераадольвае сітуацыю юначага максімалізму ў кантактах з соцыумам, а далей — амбітныя планы на жыццё. Так і горад, які развіваецца, у пэўны момант праходзіць стадыю “буйнога камерцыйнага росту”, калі густавыя, эстэтычныя моманты адыходзяць на другі план, а на першы выходзяць прэстыж і дэманстрацыя фінансавай магутнасці заказчыка.

У прынцыпе, сёння Мінск не адзіны ў гэтай сітуацыі — мы практычна “запаралеліліся” ў вырашэнні гэтай праблемы з Парыжам. Справа ў тым, што да апошніх гадоў Парыж, яго прыгажосць захоўваліся ў звыклым для нас абліччы — хтосьці ўяўляў горад па фільмах, а хтосьці — бываў там і бачыў яго на свае вочы, — такім ён паўставаў да нашых дзён, дзякуючы абмежаванню на высотныя пабудовы, якое датычылася амаль усіх архітэктурных праектаў сталіцы Францыі. Але на дадзены момант у горад прыйшлі сусветныя інвестары, якія выказалі надзвычайную зацікаўленасць у будаўніцтве. Іх фінансы пачалі паступова пераадольваць забарону на высотнае будаўніцтва — і ў выніку сёння адна з самых знакамітых кантор-праекціроўшчыц у Парыжы ажыццяўляе праект вялізнай шматпавярховай піраміды, якая ўяўляе з сябе гмах вышынёю у 180 (!) метраў. Натуральна, ён будзе бачны амаль з усіх куткоў горада і істотна зменіць яго аблічча.
 /i/content/pi/cult/182/1855/Sub-sustrecy2.jpg

Праект высотнай вежы Unibail у Парыжы.

Можна сказаць, што гэты праект распачаў далейшае пераўтварэнне сталіцы Францыі, — Парыж пачынае мяняцца. Тое ж самае адбываецца і з Мінскам. Для кагосьці гэты працэс змен прыемны, для кагосьці — не, але спыніць яго ўжо немагчыма. Адзінае выйсце — надаць яму пэўныя эстэтычныя формы і нормы.

Размежаваць шкоду і
пустыя страхі
— І якім жа чынам можна гэта зрабіць?

— Прытрымліваючыся некалькіх істотных правілаў. Па-першае, на кожны праект мусіць быць абвешчаны адкрыты архітэктурны конкурс, дзе свае ідэі маглі б прадстаўляць розныя канторы, а не адны і тыя ж. І з гэтага разнастайнага мноства выбіраць лепшых.

На чале павінны стаяць менавіта і якасць архітэктуры, і эканамічнасць праекта. Па-другое, абавязкова практыкаваць адкрытае абмеркаванне прэзентаваных праектаў. У нас ёсць падобная працэдура, але пра яе мала хто ведае, і абмеркаванне амаль не выходзіць у шырокую медыя-прастору, на цэнтральныя тэлеканалы, у буйныя рэспубліканскія выданні. Па-трэцяе, камісіі спецыялізаваных незалежных устаноў павінны размяжоўваць праекты, якія, да прыкладу, усяго толькі палохаюць сваімі маштабамі, ад праектаў, якія сапраўды могуць прынесці шкоду гораду.

 /i/content/pi/cult/182/1855/Sub-sustrecy3.jpg
Да прыкладу, асноўная праблема, якая ўзнікла ў сувязі з высотнымі забудовамі, — перарыванне суцэльных водна-зялёных сувязей, што існуюць у горадзе з пасляваенных часоў. Яны зроблены для таго, каб усе шкодныя рэчывы выдзімаліся вятрамі праз гэты водна-зялёны дыяметр. Сёння сувязі ў некалькіх месцах парушаны, і скразное праветрыванне запавольваецца. Каб сітуацыя не пагоршылася, забудова буйных зялёных плошчаў сёння павінна забараняцца. У той жа час, ушчыльненне двароў на праспекце, узвядзенне новых будынкаў у тым жа аэрапорце “Мінск-1” кагосьці і могуць моцна напалохаць, але нічога дрэннага ў гэтым для горада няма. І трэба, каб спецыялісты, эксперты, ведамствы дакладна адрознівалі адно ад другога — шкоду для экалогіі горада ад пустых страхаў.

Так, сёння ўжо спыніць працэс камерцыйнай высотнай забудовы немагчыма. Але ўсё, што непазбежна, можна зрабіць рацыянальна, камфортна і прыгожа. І дзеля таго, каб мы з вамі раніцай шпацыравалі па вуліцах роднага горада з добрым настроем, трэба не аднойчы абмеркаваць архітэктуру, якая будзе нас атачаць і ствараць той эмацыйны фон, што аказвае ўздзеянне, у тым ліку і на нашу псіхіку.


Не траўміруючы
асяроддзе і гараджан
— Калі гаварыць аб экалагічнай архітэктуры, ці магчыма будаўніцтва ў Мінску “зялёных” хмарачосаў?

— Калі быць шчырымі, да гэтага мы яшчэ не прыйшлі. Трэба пачакаць. Але пытанне можна паставіць крыху інакш: ці будуць парушаць хмарачосы тое звычнае для нас наваколле, якое складаецца часам з нябачных, але вельмі важных сувязей? У гэтым кантэксце магу параіць усім, хто у далейшым будзе сачыць за праектамі высотак, звяртаць увагу на дэталі. Ці “ўрываецца” хмарачос у наваколле, у архітэктурны ландшафт, разбураючы яго сваімі дэталямі— балконамі, вежамі, карнізамі, мастамі? Або ён далікатна зліваецца з асяроддзем, з’яўляючыся, так бы мовіць, “хмарачосам у сабе”, не выпінаючы свайго існавання ў горадзе. Які не мае актыўных дэталей, і ваш позірк слізгае па яго паверхні, не адзначаючы яго актыўнай ролі ў гарадскім гарызонце. Такой станоўчай адзнакі заслугоўвае, на мой погляд, праект будучых хмарачосаў на Кальварыйскай: два сціплыя, шэрыя, размытыя небам цыліндры, заўважыць якія магчыма толькі знаходзячыся паблізу. І тут наваколле не губляе сваёй цэласнасці.

Вельмі важна ацэньваць пабудову не як асобную адзінку, шэдэўр, што паб’е рэкорды, а як аб’ект, які гарманічна ўпішацца ў наваколле, не траўміруючы ні асяроддзе, ні гараджан.


Штучнае святло не
заменіць сонца
— Зрэшты, ці можа ў адказ камерцыйнай забудове штосьці прапанаваць экалагічная архітэктура?
— Вядома ж, можа. Але яна існуе па зусім іншых законах. Хмарачосы будуюцца, каб уладальнік мог здзівіць патэнцыйных арандатараў плошчаў. Экалагічна зарыентаванае жыллё, офісы заказваюць кампаніі, асобы, што хочуць дакладна ведаць, у якім асяродку яны будуць жыць і працаваць: да прыкладу, ці дыхаюць яны фенолам, што прысутнічае ў інтэр’еры, ці, наадварот, атрымліваюць тую колькасць свежага паветра, якая неабходная для іх лёгкіх. Сёння такі падыход да жылля становіцца ўсё больш запатрабаваным.

Праблема тут яшчэ вось у чым: у нас на дадзены момант укараняецца імпартаваны з Германіі падыход да экалагічнага будаўніцтва як, у першую чаргу, да будаўніцтва энергазберагаючагаі энергапасіўнага. Усё гэта так. Але толькі гэтым экалагічная архітэктура не абмяжоўваецца — існуе вялікая колькасць граней экалагічна зарыентаванай забудовы, якія спажыўцу пакуль не вядомыя.

— Што ж уваходзіць у гэтае паняцце?

— Існуе некалькі бакоў, на якія ўплывае будынак з пункта погляду экалогіі. У першую чаргу, будынак уплывае на глабальную экалогію: кожная пабудова прымушае працаваць электрастанцыю, а праца электрастанцыі вядзе да павышэння ўзроўню вуглякіслага газу ў атмасферы, да выкіду іншых таксічных рэчываў і г. д. Гэта — глабальны ўзровень.

На лакальным узроўні будынак уздзейнічае на мясцовыя экасістэмы ён змяняе мясцовы ландшафт. Уявім сабе, што мы пабудавалі будынак у полі. У выніку зменіцца не толькі той кавалак зямлі, на якім стаіць дом, але і ўся прыродная сістэма навокал — па вялікім радыусе. У спецыялістаў гэта называецца “парушаны ландшафт”.

І трэці ўзровень — узровень камфорту існавання: калі асяроддзе, у якім мы жывём, працуем, мінімальна збалансавана з наваколлем, усё гэта ўздзейнічае і на нашы камфорт і здароўе. Штучная вентыляцыя не заменіць свежае паветра, а штучнае святло — сонца, якое неабходна кожнаму жывому арганізму.

Вельмі часта здараецца так, што экалагічны будынак успрымаюць непасрэдна як энергаэканамічнае жыллё, якое карыснае ў першую чаргу на глабальным узроўні, а лакальны ўзровень, узровень камфорту таго, хто там будзе жыць, пакідаецца па-за ўвагай як неістотны. Але экалагічна зарыентаванае жыллё ўключае ў сябе і параметры камфорту. Натуральна, што такая архітэктура выглядае асабліва прывабна ў сучасныя часы, калі ўсе мы пазбаўляемся ад шкодных звычак, дрэннай экалогіі.

Вось гэты падыход да якасці жыцця і можа прапанаваць экалагічная архітэктура ў адказ буйным пабудовам. І гэта бадай адзінае, што мы можам супрацьпаставіць хмарачосам: гэта не знос і не пікеты на месцы іх будаўніцтва, а перавод як мага большай колькасці забудоў у стан экалагічна зарыентаваных.

 

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ