Любую ноту браў ён з лёту
Смаргонскім Мулявіным называлі Мікалая Ходаша калегі па цэху. Мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” быў рускім па нацыянальнасці, але як шмат ён зрабіў для беларускай культуры! Так і ўкраінец Мікалай Ходаш моцна палюбіў Смаргонскі край, яго людзей, цудоўную самабытную беларускую культуру — музыку, песні, танцы… Яго ўнёсак у развіццё культурнай спадчыны Смаргоншчыны — бясцэнны.
Мікалай Іванавіч нарадзіўся 19 жніўня 1943 года ў сяле Звенічаў Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці ў сям’і, дзе ўсе любілі спяваць і гралі на музычных інструментах.
“Калі я спытала ў свякрові, калі Коля навучыўся граць на інструменце, то яна расказала гісторыю, у якую цяжка паверыць, — успамінае жонка музыкі Ала Феліксаўна. — У чатыры гады Коля ўжо граў на гармоніку. Дзяўчаты прыходзілі, забіралі малога, а дахаты прыносілі на руках соннага. Пад яго музыку моладзь вечарам танцавала, а ў якасці ганарару малы атрымліваў шапку, поўную цукерак і арэхаў”.
У 1961 годзе скончыў Гомельскае музычнае вучылішча імя Нестара Сакалоўскага. Размеркаваўся на Смаргоншчыну, у музычную школу.
Быў сярод заснавальнікаў народнага ансамбля песні і танца імя Агінскага, яго нязменным канцэртмайстрам. Пазней ансамбль стаў візітоўкай Смаргоні, пра яго ведалі ў Савецкім Саюзе і нават за мяжой.
Неўзабаве маладога музыку забралі ў войска. Гучна моладзь праводзіла яго ў армію. “Некаторыя нават думалі: “Не вернецца Коля”. Для яго сапраўды былі адкрыты любыя творчыя гарызонты, — лічыць Соф’я Лазар. — Але ж мы, апантаныя смаргонскія артысты, амаль кожны дзень пісалі яму лісты, у якіх расказвалі пра наша творчае жыццё. У кожным допісе пазначалі, як нам не хапае Колі, што мы сумуем і вельмі чакаем яго. І Коля вярнуўся”.
Другая палова 60-х гадоў мінулага стагоддзя для ансамбля Агінскага вызначылася выступленнямі ў Маскве, ГДР і Польшчы. Смаргонь часта наведвалі вядомыя дзеячы беларускай культуры, у тым ліку мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР Рыгор Шырма, кіраўнік аркестравай групы Дзяржаўнага акадэмічнага хору Канстанцін Паплаўскі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору БССР Генадзь Цітовіч, вядомы балетмайстар Янка Хвораст, кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі…
Усе яны адзначалі музычны талент Мікалая Ходаша. Неаднаразова яму прапаноўвалі паступаць у кансерваторыю, да сябе ў аркестравую групу клікаў баяніста Канстанцін Паплаўскі, але сціплы Мікалай Іванавіч заўсёды ад гэтага адмаўляўся. А смаргонскія артысты талент Ходаша вызначылі кароткім, з гумарам, але вельмі трапным радком: “Любую ноту браў ён з лёту”.
Смаргонскі біт
Асаблівае месца ў жыцці Смаргоншчыны займалі агляды мастацкай самадзейнасці. У раёне быў 31 калгас, у кожным — хор. Падчас аглядаў Мікалай Іванавіч акампанаваў усім калектывам. У дзесяць гадзін раніцы надзене на плечы рамяні ад баяна і да позняга вечара не сыходзіць са сцэны. Соф’я Іванаўна прыпомніла, што аднойчы конкурсны агляд скончыўся ў гадзіну ночы. Ходаш ніколі на цяжкасці не скардзіўся, а жонка гаварыла, што пасля маштабных мерапрыемстваў на плячах у музыкі ад рамянёў утвараліся вялікія мазалі. Увогуле граць на баяне для яго было як дыхаць.
Мікалай Іванавіч апекаваў два сельскія Дамы культуры — Сінькоўскі і Вішнеўскі. Альфрэда Дыро, якая больш за сорак гадоў узначальвае Вішнеўскі ДК, прыпамінае: “Доўгі час па сумяшчальніцтве працаваў Мікалай Ходаш у нашым клубе. Кіраваў хорам у паўсотню чалавек і ансамблем народных інструментаў, у склад якіх уваходзілі восем мясцовых самабытных музыкаў, усе яны — у сталым узросце, самавукі, але як гралі! Мікалай Іванавіч быў выключным кіраўніком”.
У архіве музыкі-самавука з Кушлян Браніслава Дэбеся знайшоўся здымак, дзе з мясцовымі артыстамі граюць вядомы этнограф Алесь Лось і Мікола Ходаш. Граць з непрафесіяналамі Мікалай Іванавіч не тое, што не цураўся, а рабіў гэта з задавальненнем. Народная музыка яго надзвычай прываблівала.
Сярод багатай спадчыны Юрася Церабуна знайшоўся здымак 1966 года — выступленне аркестра імя Агінскага ў Польшчы. Дырыжыруе Канстанцін Паплаўскі, а ў першым шэрагу сярод артыстаў — зусім яшчэ малады баяніст Ходаш… з балалайкай.
У 1967 годзе музыкі вырашылі стварыць “смаргонскі “Бітлз”. Кіраўнік Коля Ходаш граў на рытм-гітары. Чытаю ўспаміны ўдзельніка біт-гурта Юрася Церабуна: “Мы сядзелі каля радыё, пісалі на магнітафон усе мелодыі, дзе гучалі гітары. Сабралася нядрэнная фанатэка, якую потым пераклалі на ноты. Асабліва лёгка рабіў гэта Мікола Ходаш, бо ён баяніст, а таму добра адчуваў гармонію. Вырашылі ладзіць танцы ў Доме культуры. Напярэдадні нам заказалі чырвоныя камізэлькі, мы іх апранулі — і прэм’ера адбылася.
…Бывае, калі саджуся, каб змахнуць пыл з клавіш, наігрываю мелодыю танга, якую, думаю, напісаў сам Мікола, але нікому з нас не сказаў, успамінаю з хваляваннем гады сваёй маладосці…”.
Узор для пераймання
Сучаснікі цанілі і паэтычны талент Мікалая Іванавіча. На кожны дзень нараджэння творчых сяброў ён пісаў верш-прысвячэнне. Калі за сталом арганізоўвалі конкурс па вершаскладанні, пераможцам заўсёды выходзіў Ходаш. “Ва ўсіх — эклектыка, а ў Колі — шэдэўр, — кажа Соф’я Лазар. — Да таго ж ён (украінец!) цудоўна валодаў беларускай мовай. У гэтым плане для многіх, у тым ліку і для беларусаў, ён можа быць узорам для пераймання”.
А Альфрэду Дыро заўсёды здзіўляла, наколькі бліскуча Мікалай Ходаш ведаў савецкі песенны рэпертуар. Прычым не толькі самі песні, але і аўтараў музыкі і тэксту. За гэта Альфрэда Лявонаўна называла баяніста хадзячай энцыклапедыяй.
Нярэдка на Смаргоншчыну наведвалася здымачная група творчага аб’яднання “Тэлефільм”. За гэта наш край жартаўліва называлі “Беларускім Галівудам”. Тут ствараліся работы, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага тэлебачання. А ў альбомах смаргонцаў і дагэтуль захоўваюцца фатаграфіі з месца здымак, удзел у якіх нярэдка прымаў і Мікалай Ходаш.
Асобна можна гаварыць пра Мікалая Іванавіча як пра настаўніка, які вывеў у свет ні адно пакаленне баяністаў, як кіраўніка ансамбля народнай музыкі “Ярыца”. Мікалай Іванавіч разумеў, што не кожны чалавек можа стаць музыкам. Але ў кожнага можна развіць слых і прывіць любоў да музыкі.
Ала Ходаш дадала яшчэ некалькі штрышкоў да партрэта мужа: “Ён быў выключным чалавекам. Ураўнаважаным, культурным. Ніколі не сказаў у адрас іншых людзей дрэннага слова, і ў сям’і быў уважлівым. З дзецьмі стасункі меў надзвычай шчырыя і цёплыя. Сваіх бацькоў шанаваў, звяртаўся да іх толькі на “вы”.
Напрыканцы бурлівага, насычанага дня, калі ўсе сілы былі аддадзены рабоце, Мікалай Ходаш гаварыў толькі адно слова, зразумелае найперш музыкам, — “бекар”. У музыцы знак “бекар” адмяняе дзеянне бемоляў і дыезаў і гаворыць пра тое, што трэба граць звычайную ноту, не павышаную і не паніжаную. Для Мікалая Ходаша, хутчэй за ўсё, гэта азначала: “Хопіць, пара адпачываць”.
Фінальны “бекар” баяністу паставіў лёс даволі рана. 22 кастрычніка 2001 года ён пайшоў у лепшы свет.
“Жыццё Мікалая Іванавіча было кароткім, але такім насычаным і цікавым. Плённая творчая праца, актыўная жыццёвая пазіцыя, высокая патрабавальнасць у спалучэнні з добразычлівасцю і ўважлівымі адносінамі да людзей прынеслі яму аўтарытэт і павагу, — лічыць Соф’я Лазар. — Дваццаць гадоў прайшло з таго часу, як няма з намі Мікалая Ходаша, але жыве тое, што хочацца напісаць вялікімі літарамі, — ПАМЯЦЬ. Светлая, шчырая, удзячная”.
Галіна АНТОНАВА
Фота з архіваў Соф’і ЛАЗАР, Браніслава ДЭБЕСЯ, Юрася ЦЕРАБУНА
На здымках: “Смаргонскі “Бітлз”. Станіслаў Федаровіч, Юрый Церабун, Мікалай Ходаш, Альгерд Апановіч, канец 1960-х гадоў, Мікалай Ходаш і сінькоўскія артысты, Смаргонь. 2001 год, прафесійныя і самабытныя музыкі Смаргоншчыны. Алесь Лось (скрыпка), Мікалай Ходаш (баян), Кушляны. 1980-я гады, народны ансамбль песні і танца імя Агінскага. Дырыжор — Канстанцін Паплаўскі. 1966 год, рэжысёр творчага аб’яднання “Тэлефільм” Валерый Басаў і Мікалай Ходаш. Жодзішкі. 1995 год.