Каласавіны ў новым інтэр’еры

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Ужо не адно дзесяцігоддзе ў нашай краіне доўжыцца традыцыя святкавання Каласавін — дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры Якуба Коласа. Сёлета з-за рэканструкцыі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея пісьменніка асноўныя мерапрыемствы разгарнуліся ў сталічнай дзіцячай бібліятэцы № 2.

Як адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Казловіч, была праведзена навуковая канферэнцыя з удзелам знаўцаў творчасці Коласа і, у прыватнасці, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхася Мушынскага, ганаровых гасцей з Украіны — Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Ігара Ліхавога, а таксама дырэктара музея Максіма Рыльскага Вікторыі Калеснік ды іншых.

Напярэдадні ж музеем сумесна з мінскім дзіцячым садком № 266 было арганізавана свята “Казкі жыцця”. Закончыліся ж урачыстыя мерапрыемствы на радзіме паэта — Стаўбцоўшчыне, у філіяле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”. Там прайшло свята “Слова пра Коласа” з удзелам айчынных пісьменнікаў, землякоў Песняра.

Незвычайная акцыя прайшла з нагоды нараджэння класіка Слова ў сталічнай “Акадэмкнізе”. Тут было наладжана своеасаблівае радыёвяшчанне: у прамым эфіры вядучы Алег Вінярскі размаўляў з гасцямі кнігарні, непасрэдна звязанымі з паэтам, чытаў вершы класіка, а ўсе пакупнікі, у сваю чаргу, атрымалі кнігі Якуба Коласа з паэмай “Новая зямля”.

 Канстанцін АНТАНОВІЧ