— Пачынаецца працоўная паездка супрацоўнікаў міністэрства культуры ў Віцебскую вобласць. Будуць праведзены тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян, вызначацца праблемы рэгіёна. Ці гатовы да падобнага візіту ў Глыбокскім раёне?
Людміла Карніловіч, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Глыбокскага райвыканкама:
— Так, 22 кастрычніка прыём грамадзян і тэлефонную лінію правядзе ў Глыбокім міністр культуры Анатолій Маркевіч. Гэта добрая практыка — выяўляць праблемы рэгіёна на месцах. Хацелася б звярнуць увагу на патрэбу абнаўлення нашага аўтапарка. Заробкі ў раёне на ўзроўні агульнадзяржаўных па галіне, каля 600 рублёў у музеях, клубах, бібліятэках. Спадзяюся, работа супрацоўнікаў міністэрства ў вобласці будзе плённая і паслужыць для таго, каб у далейшым зняць магчымыя недахопы ў сферы культуры ва ўсёй краіне.
— Існуе прапанова аб фінансаванні тэатраў Беларусі як з дзяржаўнага бюджэта, так і з уласна заробленых сродкаў. То-бок 50 на 50. Як вы думаеце, ці змогуць тэатральныя ўстановы паспяхова функцыянаваць пры падобным рашэнні?
Сяргей Гульчыц, дырэктар Гомельскага абласнога драматычнага тэатра:
— Лічу, што да кожнага тэатра патрэбен асобны падыход, бо не ўсім зможа падысці падобная схема фінансавання. Справа ў тым, што тэатры адрозніваюцца па розных умовах: месцы знаходжання, вядзенні гаспадарчай часткі, творчым складзе. Асабліва нельга прымаць такое рашэнне, пакуль будзе працягвацца эпідэмія каранавіруса. Вось, напрыклад, у нас ужо два гады дзейнічае запаўненне залы гледачоў толькі на 50%, і прэм’ер, якія асабліва карыстаюцца попытам, атрымоўваецца паказываць удвая менш. Але гэта не значыць, што адміністрацыя і артысты не хочуць зарабляць грошы. Перш за ўсё мы арыентаваны на гледача, каб для яго было даступна прыходзіць у тэатр.
— Як ва ўмовах няпростай эпідэмсітуацыі працуе галіна культуры Брагінскага раёна?
Сяргей Даўгулявец, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама:
— Канечне, мы прыкладаем намаганні па недапушчэнні распаўсюджвання інфекцыі. Мерапрыемства імкнемся не адмяняць, але прапаноўваем карыстацца маскамі і нават раздаем іх усім ахвотным. Абавязкова выконваем рассадку ў “шахматным парадку”. Ва ўстановах культуры ёсць магчымасць карыстацца антысэптыкам. На інфармацыйных дошках размешчаны дадзеныя пра каранавірус. У Доме культуры кожны можа памерыць тэмпературу. Таксама тэмпературу штодня мераюць супрацоўнікі галіны, якія збольшага цалкам прышчэплены. З мерапрыемстваў вядзем анлайн-трансляцыі, прынамсі так было на свяце Дня маці, і прагляды былі. Такім чынам, работа галіны культуры Брагіншчыны не прыпыняецца.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ