“Арласіяда” Казіміра Бахматовіча

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Сёлета ў вёсцы Дабраўляны, што на Смаргоншчыне, прайшоў мастацкі пленэр “Успамін пра Дабраўляны”, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Казіміра Бахматовіча.

 /i/content/pi/cult/182/1853/Arlasijada.jpg
Казімір Бахматовіч — значная постаць у беларускім мастацтве ХІХ стагоддзя, але, на жаль, амаль забытая для сучаснікаў. У гісторыю нацыянальнай культуры творца ўвайшоў перш за ўсё як графік-літограф, аўтар мініяцюрных малюнкаў побытавага жанру. Галоўнай справай яго жыцця сталі альбомныя літаграфічныя серыі: “Успамін пра Дабраўляны”, “Арласіяда”, “Вільня”, “Нязначныя ўражанні Я.Рустэма”, “Адзенне і сцэны. Літоўскія строі”.

Найбольш плённая творчая праца мастака ў літаграфічнай тэхніцы выпадае на сярэдзіну 1830-х гадоў, калі пасля вучобы ў Віленскім універсітэце ён асеў амаль на 10 гадоў у мястэчку Дабраўляны (зараз — вёска ў Смаргонскім раёне) пры двары графа А.Гюнтэра. Гэта была яго малая радзіма: менавіта адсюль у 15-гадовым узросце ён прыбыў на навучанне ў Вільню.

Заслуга К.Бахматовіча ў тым, што ён упершыню ў беларускім мастацтве ўзняў значэнне малой формы ў літаграфіі да ўзроўню карціны. Арыгінальныя і тыражныя графічныя аркушы засталіся для нашчадкаў каштоўным матэрыялам, у якім па-мастацку вобразна і дакладна праз выразную індывідуальную манеру малюнка людзей, іх вопраткі, атрыбутаў працы, аб’ектаў навакольнага асяроддзя з элементамі старажытнай архітэктуры адлюстраваны лад жыцця розных слаёў насельніцтва мястэчак і гарадоў нашага краю першай паловы ХІХ ст.

Назва праекта “Успамін пра Дабраўляны” — не перайманне наймення аднаго з альбомаў літаграфій мастака, а сапраўды вяртанне з забыцця некалі вядомага, а цяпер занядбанага мястэчка. Пленэр, які з’яўляецца цэнтральнай падзеяй праекта, праходзіў на малой радзіме мастака. У ім узялі ўдзел сябры Беларускага саюза мастакоў, удзельнікі Маладзёжнага творчага аб’яднання пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў “ПраСвет”, выпускнікі названай установы — агулам 18 творцаў. Пленэр ажыццяўляўся пры арганізацыйнай дапамозе аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама на чале з Таццянай Ражэвай.

Дабраўляны сустрэлі ўдзельнікаў вясковай цішынёй, сціпласцю мясцовых хат і добразычлівасцю жыхароў. Пленэрысты пасяліліся ў будынку колішняй школы, пра які мясцовыя жыхары кажуць, што захаваўся ён яшчэ з панскіхчасоў. Засталіся і яшчэ два цагляныя збудаванні, што месціліся непадалёк і стваралі атмасферу старажытнасці.

Натуральна, што побытавыя ўмовы цалкам адпавядалі такой атмасферы: ваду бралі з суседскай студні, мыліся ў лазні, а вечары праводзілі ля вогнішча, смажачы шкваркі. Аднак гэта не замінала творчасці, але яшчэ больш і спрыяла: незвычайна рамантычныя ўмовы пражывання ў старадаўнім будынку натхнялі мастакоў сваёй чароўнай казачнасцю, што вылівалася ў творах.

Аднак, за выключэннем трох камяніц ХІХ стагоддзя, тут мала што сведчыла пра велічную і багатую на падзеі мінуўшчыну мястэчка. А між тым, вёска Дабраўляны ў гістарычных крыніцах узгадваецца з XVI стагоддзя. За час свайго існавання яна неаднойчы мяняла гаспадароў, пакуль не трапіла ў 1818 годзе да графаў Гюнтэраў, якія істотна паўплывалі на добраўпарадкаванне і праслаўленне свайго маёнтка.

Пры Гюнтэрах цудоўны барочны палац, быў перабудаваны у класічным, модным на той час, стылі. На жаль, да нас не дайшлі нават руіны гэтага велічнага трохпавярховага будынка, а таксама не захавалася і капліца з роспісам Бахматовіча. Шыкоўны парк, што некалі акаляў палац, ператварыўся ў здзічэлы гушчар з зарослымі сажалкамі. Дарэчы, сучаснікаў мастака Дабраўляны вабілі як значны культурны асяродак.

Дабраўляны натхнялі ўдзельнікаў пленэру маляўнічасцю сваіх краявідаў і чароўнай атмасферай смутку па мінулай велічы, што і імкнуліся перадаць мастакі ў сваіх творах. Азнаёміцца з работамі месцічы змаглі на выстаўцы пад час правядзення Свята вёскі.

Фіналам пленэру стала адкрыццё выстаўкі ў Смаргоні, дзе кожны з удзельнікаў прадставіў плён сваёй шасцідзённай працы на малой радзіме Казіміра Бахматовіча. Агульнасць тэмы твораў вызначала канцэпцыю выстаўкі і рабіла яе цэласнай, а індывідуальная манера кожнага мастака, — насычала разнастайнасцю і вабіла гледача нечаканым багаццем графічнага арсенала.

Выніковым мерапрыемствам праекта “Успамін пра Дабраўляны” мае быць у гэтым годзе выстаўка ў мінскай галерэі “Універсітэт культуры”.

 

Галіна ФЛІКОП,
дырэктар Лылойцінскага ЦДК

Смаргонскага раёна