Розныя, але — “Разам”

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

У канцы кастрычніка ў Палацы мастацтва адкрылася выстаўка “Разам”, якая аб’яднала на плошчы цэлай галерэі прадстаўнікоў старэйшага і малодшага пакаленняў мастакоў беларусаў і замежных гасцей: творцаў з Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Малдовы, Румыніі і Грэцыі. Такой насычанасці талентаў і шматзначных работ адначасова даўно не бачылі прыхільнікі мастацтва: каб палюбавацца на тэхніку кожнага майстра і зразумець большасць твораў, спатрэбіцца не адна гадзіна.

 /i/content/pi/cult/182/1852/Roznyja1.jpg
Першы паверх Палаца цалкам аддадзены акварэлі, эстампам, афортам і скульптуры.

Побач з прафесійнымі, вельмі эмацыянальнымі работамі Г.Паплаўскага і А.Кашкурэвіча — работы маладых графікаў, якія не імкнуцца алоўкам ці фарбамі акрэсліць дакладныя межы аб’ектаў. Скульптурныя ж творы ўсе да адзінага прыцягваюць увагу сваім неардынарным адлюстраваннем ці ўсяго свету, ці асабістага вузкага жыцця аўтара. Напрыклад, “Пакой Вольгі” (Ю.Анушка) паказвае нам гаспадыню тонкай і крыху эксцэнтрычнай натурай, а “Лесвіца ўверх” К.Селіханава — з чалавекам, які вось-вось абрынецца ў бяздонне пасля доўгага пад’ёму, — гаворыць, што аўтар неабыякавы да жыццёвых трагедый іншых людзей.

Калі б на другім паверсе Палаца мастацтва раптам зніклі подпісы пад карцінамі, то знайсці творы беларусаў можна было б дастаткова лёгка па тэхніцы выканання, хаця большасць работ выкананы ў сучасным стылі. Справа тут не ва ўзроўні прафесіяналізму, а — у менталітэце, добрых, спакойных якасцях характару беларуса. А што датычыцца часу, які адлюстроўваюць у работах айчынныя і замежныя мастакі, то творы нашых землякоў быццам ствараюць гарызантальную лінію развіцця мастацтва (ад класічных твораў Г.Вашчанкі і Л.Шчамялёва да спакойнага прымітывізму С.Цімохава праз своеасаблівы рэалізм А.Бараноўскай і
 /i/content/pi/cult/182/1852/Roznyja2.jpg
А.Грышкевіча). Карціны ж замежных мастакоў — гэта вертыкальная лінія, развіццё ў адным вузкім прамежку часу. Стыль гэты яркі, жудасна экспрэсіўны, смелы, і ў кожнага — свой, непаўторны.

Неверагоднае ўражанне адчуваеш, калі заўважаеш таямніцу румына М.Кіселіта ў палатне “Рэўнасць”: ён нібы выкарыстаў эфект 25 кадра, ажыўляючы думкі раўнівай жанчыны, што падазрае свайго каханка ў здрадзе. Малдаване В.Русу і І.Марарэску, пэўна вучыліся разам, бо іх рознакаляровыя партрэты, якія ад звычайнага экспрэсіянізму плаўна пераходзяць у экспрэсіянізм абстрактны, вельмі падобныя па тэхніцы. Т.Бічунас з Літвы ўсё бачыць у “дзіцячых” рознакаляровых фарбах, з яго палотнаў нібы льецца смех дзяцей, а яго зямляк, В.Цыпляўскас, наадварот, — строгі, гатычны, як у Сярэднявеччы.

Выстаўка атрымала добрыя водгукі ў гледачоў. Можна быць упэўненым,замежныя госці таксама былі задаволены, што выстаўляюцца побач з беларусамі.


Алена САБАЛЕЎСКАЯ
На здымках: Г.Вашчанка“Нараджэнне”,
Л.Гумілеўскі “Адам
Міцкевіч”.