Пабачыць Скарынаву “Біблію”

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Цяжка ўявіць, што 1020 гадоў прайшло з таго моманту, як кнігі (у той час рукапісныя) пачалі шырока распаўсюджвацца на нашых землях. Асноўным фактарам, што садзейнічаў гэтаму працэсу, было Хрышчэнне Русі.

Як адзначыў на адкрыцці цыкла выставак “Праваслаўнае слова”, што размясціліся ў залах Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар установы Раман Матульскі, з’яўленне кнігі непасрэдна ўзаемазвязана з развіццём на тэрыторыі Беларусі хрысціянства, паколькі прыезд святароў з Візантыі і Балгарыі з рэлігійнымі рукапісамі стаў штуршком для пашырэння асветы. Пераканацца ў гэтым можна непасрэдна на самой выстаўцы, дзе прадстаўлены рукапісныя Бібліі, створаныя як на нашай тэрыторыі, так і на Украіне, у Расіі, кожная з якіх мае адметнасці як у графічным афармленні, так і ў моўнай стылістыцы.

Праект НББ складаецца з такіх выставак, як “Беларусь праваслаўная”, “Праваслаўныя рарытэты”, “Праваслаўнае слова” і “Слова і вобраз”. У экспазіцыі, прысвечанай нашай краіне, можна ўбачыць літаратуру аб яе праваслаўных святынях, святых, даведацца пра гісторыю Царквы ў розныя гістарычныя перыяды, пазнаёміцца з друкаванымі матэрыяламі па праваслаўнай адукацыі, а таксама дазнацца пра жыццё і служэнне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.

Найбольш каштоўныя матэрыялы сабраны, безумоўна, на выстаўцы “Праваслаўныя рарытэты”, дзе можна ўбачыць тры з дзесяці кніг Францыска Скарыны, што захоўваюцца ў фондах бібліятэкі.

Таксама ў межах гэтай выстаўкі, акрамя старадрукаў, можна пазнаёміцца і з іншымі экспанатамі (а гэта больш за 30 старажытных крыжыкаў, пячатак, царкоўнае начынне), знойдзенымі пад час апошніх археалагічных раскопак супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 Канстанцін АНТАНОВІЧ