Як адзначыў на адкрыцці цыкла выставак “Праваслаўнае слова”, што размясціліся ў залах Нацыянальнай бібліятэкі, дырэктар установы Раман Матульскі, з’яўленне кнігі непасрэдна ўзаемазвязана з развіццём на тэрыторыі Беларусі хрысціянства, паколькі прыезд святароў з Візантыі і Балгарыі з рэлігійнымі рукапісамі стаў штуршком для пашырэння асветы. Пераканацца ў гэтым можна непасрэдна на самой выстаўцы, дзе прадстаўлены рукапісныя Бібліі, створаныя як на нашай тэрыторыі, так і на Украіне, у Расіі, кожная з якіх мае адметнасці як у графічным афармленні, так і ў моўнай стылістыцы.
Праект НББ складаецца з такіх выставак, як “Беларусь праваслаўная”, “Праваслаўныя рарытэты”, “Праваслаўнае слова” і “Слова і вобраз”. У экспазіцыі, прысвечанай нашай краіне, можна ўбачыць літаратуру аб яе праваслаўных святынях, святых, даведацца пра гісторыю Царквы ў розныя гістарычныя перыяды, пазнаёміцца з друкаванымі матэрыяламі па праваслаўнай адукацыі, а таксама дазнацца пра жыццё і служэнне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.
Найбольш каштоўныя матэрыялы сабраны, безумоўна, на выстаўцы “Праваслаўныя рарытэты”, дзе можна ўбачыць тры з дзесяці кніг Францыска Скарыны, што захоўваюцца ў фондах бібліятэкі.
Таксама ў межах гэтай выстаўкі, акрамя старадрукаў, можна пазнаёміцца і з іншымі экспанатамі (а гэта больш за 30 старажытных крыжыкаў, пячатак, царкоўнае начынне), знойдзенымі пад час апошніх археалагічных раскопак супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Канстанцін АНТАНОВІЧ