ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ
Першы ліст — з Гальшанаў, што ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе днямі ладзіўся “Гальшанскі кірмаш-2021”. Ідэя правядзення гэтага тэатралізаванага свята, як вядома, заснавана на багатым гістарычным мінулым Гальшанскай зямлі. З даўніх часоў пасля ўборкі ўраджаю мясцовыя земляробы арганізоўвалі тут кірмаш, які славіўся не толькі разнастайнасцю тавару і ўдалымі набыткамі, але і вясёлымі ды яркімі забаўкамі, таму, натуральна, пакідаў незабыўнае ўражанне на ўсё наваколле.
І сёлета арганізатары кірмашу падрыхтавалі для наведвальнікаў разнастайную праграму, насычанную гістарычнымі элементамі: турніры асілкаў, канцэрты ад абаяльных юных артыстаў з школы мастацтваў і лепшых калектываў раёна, творчыя конкурсы, займальныя майстар-класы па традыцыйных відах народнай творчасці і беларускіх побытавых танцах ды шмат што яшчэ.
Як піша нам наша сталая аўтарка Кацярына Рудзік, “нават дрэннае надвор’е не сапсавала настрой гальшанцам, якія спяшаліся схавацца ад дажджу ў мясцовым Дом культуры. Там дзяцей і дарослых адразу частавалі духмянай і гарачай кашай па старадаўнім рэцэпце бабы Ганны, якую для іх прыгатавалі старанныя гаспадыні. Падчас свята госці атрымалі падарунак і ад гальшанскіх хлебаробаў — паспрабавалі каравай, спечаны з зерня новага ўраджаю”.
А ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі днямі адбылася выстава-сустрэча “Жыву, люблю, вышываю”, прысвечаная вышыўцы і майстрам Карэліччыны. Сапраўднымі гераінямі сустрэчы сталі Таццяна Купрас і Кацярына Лустач, якія шчодра дзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства з яе наведвальнікамі.
Па словах аўтара допісу, Галіны Смалянка, для наведвальнікаў майстрыхі назвалі якасці, якімі павінен валодаць майстар па вышыванні: “цярпенне, захапленне, любоў да творчасці, жаданне стварыць шэдэўр”. І, натуральна, падчас сустрэчы сталыя вышывальніцы выказалі свае пажаданні навічкам, якія жадалі пайсці па іхнім нялёгкім творчым шляху.
АБРАД У БІБЛІЯТЭЦЫ
Таццяна Стахейка, загадчык Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэкі-філіяла № 2 Столінскага раёна распавяла ў лісце, што яе ўстанова прымае ўдзел у абласным конкурсе “Бібліятэка для моладзі — бібліятэка магчымасцей”. З гэтай нагоды ў бібліятэцы стартаваў праект “Давыд-гарадоцкія “Конікі” як працяг беларускай традыцыі”, распрацаваны менавіта для моладзі. “У рамках праекта запланавана шмат цікавага: правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, запуск хэштэгаў #давыдгарадоцкіяконікі, #абрад_конікі, выданне тэматычных брашур, буклетаў, флаераў, правядзенне майстар-класаў па вырабе масак для ўдзелу ў абрадзе “Конікі”, сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі ды многае іншае, “ — піша ў сваім лісце Таццяна Стахейка.
Першае мерапрыемства ў рамках праекта прайшло ў фармаце этнаўрока пад назвай “Звычаі і традыцыі “Конікаў”. Так, бібліятэкары расказалі прысутным пра гісторыю свята. Як вядома, існуюць розныя меркаванні з нагоды таго, калі ў Давыд-Гарадку з’явіўся калядны абрад “Конікі”. Адны лічаць, што аўтэнтычнай традыцыі не менш за сто гадоў, іншыя сцвярджаюць, што сваімі каранямі яна сыходзіць у далёкую старажытнасць. Адрадзіўся гэты абрад у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя, ператварыўшыся ў своеасаблівы народны карнавал.
Пасля бібліятэкары пазнаёмілі прысутных са звычаямі і традыцыямі святкавання абраду, са шчадраваннем з песнямі, расказалі пра розныя цікавыя і адметныя маскі, якія апранаюць калядоўшчыкі. Усё мерапрыемства суправаджалася прэзентацыяй “Шчадрэчны абрад “Конікі”. Акрамя таго, тутсама можна было пазнаёміцца з выставай “Свята “Конікі” ў Давыд-Гарадку”.
ПАСТКРОСЕРЫ І СВІСЛАЦКІ КАСЦЮМ
9 кастрычніка ва ўсім свеце, як вядома, адзначалі Сусветны дзень пошты. Менавіта ў гэты дзень пасткросеры — людзі, якія абменьваюцца паштоўкамі — з усёй Беларусі сабраліся ў Мінску на сустрэчы з аўтарскай паштоўкай. Імрэза, як піша нам вядучы спецыяліст Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Вольга Лойка, праходзіла ў музеі “Лошыцкая сядзіба”, які па добрай традыцыі стаў штаб-кватэрай мінскіх пасткросераў і не толькі.
“У залах музея сабралася 46 чалавек, для якіх паштоўкі — любімае хобі. Прысутнічалі і нашыя пастаўчанкі, удзельніцы клуба аматараў пасткросінга “Вакол свету”, які ўжо трэці год дзейнічае пры Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна”, — піша аўтар ліста.
Удзельнікаў цёпла вітала мастачка Кацярына Бабок, якая падзялілася гісторыяй свайго творчага шляху. Госці змаглі набыць спецыяльную аўтарскую паштоўку з аўтографам.
Падчас сустрэчы, па падліках арганізатараў, было падпісана 977 паштовак. Падчас імпрэзы праводзіліся латарэі, у якіх прымалі ўдзел усе прысутныя на сустрэчы, а пераможцы атрымалі памятныя падарункі і, канечне ж, паштоўкі.
А вось загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Васілька даслала нам ліст пра тое, што мясцовыя супрацоўнікі цягам некалькіх гадоў вялі даследчую і пошукавую работу па вывучэнні традыцыйнага касцюма XIX — пачатку XX стагоддзя.
Так, аснову святочнага свіслацкага традыцыйнага касцюма пачатку XX стагоддзя складалі кашуля, спадніца, фартух, галаўны ўбор, якія шылі часцей з ільнянога кужальнага белага палатна. “Кашуля аздаблялася арнаментам. Пры вышыўцы арнаменту выкарыстоўвалі ніткі чырвонага і чорнага колераў. Спадніцы шылі з трапецавідных кліноў і складак, колькасць якіх вагалася ад чатырох да дванаццаці. У склад жаночага касцюма ўваходзіў і фартух, упрыгожаны вышыўкай. Замужнім жанчынам не дазвалялася па-за межамі хаты паказвацца з непакрытай галавой, таму яны абавязкова насілі чапцы і хусткі”, — адзначае аўтар допісу.
Што да мужчынскага касцюма, дык ён прадстаўлены кашуляй, вырабленай з ільняной тканіны, а таксама нагавіцамі і поясам. Адметнасць святочнага свіслацкага касцюма стварае вышыўка чырвона-чорным крыжыкам, якая ўпрыгожвае каўнер і манжэты рукавоў. Асноўным галаўным уборам мужчыны лічыўся саламяны капялюш.
Цікава, што калекцыя традыцыйных строяў XIX — пачатку XX стагоддзя Свіслацкага раёна была прэзентаваная на сёлетнім святочным мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня работнікаў культуры.
Што ж, нягледзячы на сённяшнія даволі складаныя часы, восеньская палітра шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў розных кутках Беларусі, па-ранейшаму стракаціць прывабнымі фарбамі ды ўражвае новымі крэатыўнымі формамі. Мяркую, так будзе і ў наступныя восеньскія месяцы. Таму заклікаю ўсіх чытачоў “К” працягваць пісаць нам пра ўсе адметныя падзеі, што адбываюцца ў вашых гарадах ці вясковых паселішчах.
Беражыце сябе, не хварэйце і мацуйце сваё здароўе, дарагія нашы чытачы і прыхільнікі! Сустрэнемся праз тыдзень!