Выстаўкі ў Сейме і Замку князёў

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Напрыканцы кастрычніка ў Сейме Польшчы адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі работ Напалеона Орды, прымеркаванай да 200-годдзя з дня яго нараджэння. Экспазіцыя, дзе прадстаўлена каля 50 рэпрадукцый малюнкаў мастака з фондаў Нацыянальнага музея ў Варшаве, была арганізавана па ініцыятыве дэпутата Сейма Тадэвуша Славецкага і Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце пад ганаровым патранатам маршала Сейма Польшчы Браніслава Камароўскага. На вернісажы выступілі маршал Сейма Браніслаў Камароўскі, генеральны консул у Брэсце Яраслаў Ксёнжэк і Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Павел Латушка.

Пасол у сваім выступленні падкрэсліў значны ўнёсак Напалеона Орды ў агульную культурную спадчыну Беларусі і Польшчы, паведаміў прысутным пра шырокае адзначэнне юбілею творцы ў нашай краіне, а гэта — навуковыя канферэнцыі, выстаўкі работ Орды ў Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальным мастацкім музеі, у Брэсце, Іванаве, музычныя фестывалі, кампакт-дыск “Спадчына Напалеона Орды”. Таксама П.Латушка адзначыў, што адной з вуліц Мінска было нададзена імя творцы. Пасол уручыў памятныя юбілейныя манеты “Напалеон Орда”, выпушчаныя Нацыянальным банкам краіны, маршалу Сейма Польшчы Браніславу Камароўскаму і дэпутату Сейма Тадэвушу Славецкаму.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі таксама іншыя дэпутаты Сейма, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Богдан Здраеўскі.

***

А за колькі дзён да гэтай падзеі, 17 — 19 кастрычніка, па ініцыятыве і пад патранатам пасольства нашай краіны ў Рэспубліцы Польшча былі праведзены Дні беларускай культуры ў Ніжнесілезскім ваяводстве.

Арганізатарамі іх выступілі аддзяленне Таварыства супрацоўніцтва “Польшча — Усход” у Вальбжыху, гарадскія самаўрадавыя структуры ў Вальбжыху, Ядліне Здрою і Свябодзіцах.

Урачыстае адкрыццё Дзён беларускай культуры адбылося 17 кастрычніка ў зале Максіміліяна старадаўняга Замка князёў у Вальбжыху. Праграма мерапрыемстваў уключала адкрыццё выстаўкі “Прырода — чалавек — гармонія” мастакоў з Мінска Сяргея і Рыты Цімохавых, на якой было прадстаўлена звыш 60 работ у галіне жывапісу ды графікі, выступленне ансамбля акардэаністаў “Туцці” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Пад час адкрыцця Дзён беларускай культуры выступілі старшыня аддзялення Таварыства супрацоўніцтва “Польшча — Усход” у Вальбжыху Лешэк Салярэк і старшыня Таварыства “Польшча — Беларусь” Баляслаў Хмялінскі, саветнік пасольства нашай краіны Тадэуш Стружэцкі, кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Вальбжыха Ганна Старчыкоўская, мастак, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Сяргей Цімохаў, дырэктар Вальбжыхскай мастацкай галерэі “Замак князёў” Аліцыя Младэцкая.

Мастацкая выстаўка і выступленне ансамбля “Туцці” былі адзначаны арганізатарамі і гледачамі як самыя цікавыя з праведзеных мерапрыемстваў у Вальбжыху за апошні час.

У час сустрэчы Тадэуша Стружэцкага і Сяргея Цімохава з прадстаўнікамі кіраўніцтва горада абмяркоўваліся пытанні правядзення ў Замку князёў шэрагу беларускіх выставак у 2009 годзе. Дарэчы, правядзенне выстаўкі “Прырода — чалавек — гармонія” працягнецца ў Баляслаўцу і Варшаве.

 Паводле паведамлення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча