Падчас размовы бакі прыйшлі да высновы, што цяперашні час патрабуе надзяліць большымі функцыянальнымі магчымасцямі Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, які быў заснаваны ў 1991 годзе, а цяпер падпарадкаваны Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Названы інстытут сёння выконвае збольшага функцыю перападрыхтоўкі кадраў, але, па меркаванні бакоў, ён павінен распрацоўваць праграмы і метадычныя пытанні па працы дзейнасці ўстаноў культуры.
Таксама абмяркоўвалася тэма глыбейшага інтэгравання ў грамадства творчых саюзаў устаноў кульутры. Яны мусяць акамуляваць актуальныя балючыя пытанні галіны, даваць адказы на выклікі сучаснасці, працаваць больш эфектыўна.
Засяродзілі ўвагу падчас сустрэчы і на тэме абароны гісторыка-культурнай спадчыны. Супрацоўнікі міністэрства адзначылі, што адмысловыя эфектыўныя напрацоўкі ўнесены ў новы праект Кодэкса аб культуры.
Па словах першага намесніка міністра культуры Валерыя Грамады, такія сустрэчы дапамагаюць удасканальваць погляд на праблемы культуры і выпрацоўваць шляхі для іх вырашэння. Таму ў міністэрстве заўсёды рады канструктыўным прапановам і дыялогу, які працуе на карысць агульнай справы.