Прэмія Саюзнай дзяржавы 2009 — 2010 гг.

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

У Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы прайшло пасяджэнне “круглага стала”, прысвечанага тэме развіцця культурных стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй і, у прыватнасці, пачатку вылучэння кандыдатаў на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Сяргей Шухно, начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Ірына Наркевіч, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казловіч, прадстаўнікі творчых саюзаў дзвюх краін.

З бюджэту Саюзнай дзяржавы на мэты культурнага супрацоўніцтва выдаткоўвалася ў папярэднія гады ад 40 да 60 мільёнаў расійскіх рублёў. Сёлета бюджэт быў павялічаны да 200 мільёнаў расійскіх рублёў. Лічба фінансавання на сацыяльныя мэты, у тым ліку і на культуру, павялічылася да 12 працэнтаў ад бюджэту Саюзнай дзяржавы. З гэтай крыніцы, у прыватнасці, фінансуецца стварэнне беларуска-расійскага мастацкага фільма “Брэсцкая крэпасць”. Калегія міністэрстваў культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі прыняла рашэнне правесці сёлета Год культуры Беларусі ў Расіі, а ў 2010 годзе — Год культуры Расіі ў нашай рэспубліцы.

Разнастайнасць культурнага ўзаемадзеяння — толькі частка сацыяльнай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Беларусь і Расія — сацыяльна арыентаваныя краіны, і пытанням развіцця сацыяльнай сферы, культуры надаецца пастаянная ўвага на самым высокім узроўні.

Як паведамілі пад час “круглага стала”, 6 кастрычніка ў Мінску на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы быў разгледжаны ход рэалізацыі канцэпцыі развіцця культурнай праграмы 2008 года. На ім было прынята рашэнне выпрацаваць новую канцэпцыю сацыяльнага развіцця на 2011 — 2015 гады.

Ажыццяўленне яе палажэнняў павінна прадугледжваць аб’яднанне творчых і інтэлектуальных, фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі і Расіі, а таксама выкарыстанне сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы.

На працягу некалькіх гадоў за кошт саюзных сродкаў адбывалася рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць”. У 2009 — 2010 гады асноўныя мерапрыемствы Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры будуць прымеркаваны да знамянальных дат: 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Зараз распрацоўваюцца пытанні аб стварэнні помнікаў героям вайны 1812 года ў Полацку і аб узвядзенні мемарыяла ў гонар рускіх воінаў, якія загінулі ў 1915 — 1917 гг. пад Смаргонню.

Зрэшты, падкрэсліў Сяргей Шухно, на працягу 12 гадоў з бюджэту Саюзнай дзяржавы прафінансавана больш за 80 мерапрыемстваў. Перш за ўсё — Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Заўважнымі падзеямі сталі абменныя гастролі тэатральных калектываў, фестываль юных выканаўцаў і майстар-класы для навучэнцаў мастацкіх школ. Дарэчы, дзякуючы названым майстар-класам стала магчымым стварэнне беларуска-расійскага маладзёжнага сімфанічнага аркестра.

11 — 12 лістапада, распавёў таксама Сяргей Шухно, пройдзе навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная праблемам сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы, стану і перспектывам, дзе пытанне развіцця культурнай спадчыны будзе разглядацца як адно з прыярытэтных накірункаў сумеснай дзейнасці.

Сяргей Шухно адзначыў, што пачынаецца этап вылучэння кандыдатаў на атрыманне прэмій Саюзнай дзяржавы за 2009 — 2010 гады. Як вядома, прэміі прысвойваюцца за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва нашых народаў. Сталася добрай традыцыяй уручаць прэміі пад час міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Нагадаем, лаўрэатамі прэміі ўжо сталі дванаццаць дзеячаў культуры і мастацтва дзвюх краін. У прыватнасці, сёлета прэміі атрымалі народныя артысты Беларусі Уладзімір Гасцюхін, Міхаіл Фінберг і народны артыст Расіі Сяргей Арцыбашаў.

Начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Ірына Наркевіч азнаёміла ўдзельнікаў “круглага стала” з парадкам вылучэння дзеячаў культуры на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы. На суд экспертнага Савета прадстаўляюцца творы, якія зрабілі вялікі ўнёсак у пашырэнне супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. Уручэнне прэміі адбудзецца ў 2010 годзе. Вылучацца будуць тры лаўрэаты. Прэмія ў грашовым эквіваленце складае 1250 мінімальных базавых велічынь. На сёння гэта — 112 — 108 тысяч долараў. Вылучацца на атрыманне прэміі павінны канкрэтныя творы. Вылучэннем кандыдатаў могуць займацца творчыя саюзы і арганізацыі ў сферы культуры. Творы павінны быць апублікаваны не меней чым за год да вызначанага Палажэннем тэрміну. Гэты тэрмін на прэміі 2009 — 2010 года — да 1 сакавіка 2009 года.

Пасля праведзенай працы калегіі міністэрстваў культуры дзвюх краін павінны прадставіць інфармацыю ў Пастаянны камітэт Саюзнай Дзяржавы, дзе яна будзе апрацоўвацца.

 Наталля КІРПІЧЭНКАВА