У дзяцістве я чытаў “Прыгоды барона Мюнхаўзена” з ілюстрацыямі Дарэ, пазней гартаў аздобленыя ім твор Франсуа Рабле “Гарганцюа і Пантагруэль” і Біблію. Ды, мабыць, няма ніводнага бібліяфіла, які б хоць раз у жыцці не трымаў у руках кнігі з ілюстрацыямі гэтага графіка. Для мастацтва графікі Густаў Дарэ бадай тое ж самае, што Мікеланджэла для скульптуры ці Рэмбрант для жывапісу. У малюнку ён дасягнуў такой ступені дасканаласці, такой глыбіні пранікнення ў тэму і сюжэт, што пасля яго страшна брацца за ілюстраванне літаратурных твораў, да асэнсавання і аздобы якіх прычыніўся ён. Бо геній па-за канкурэнцыяй. Увогуле незразумела, як пры тэхнічным патэнцыяле ХІХ стагоддзя можна было гэткае зрабіць. Таму сёння амбіцыйны мастак-ілюстратар, звяртаючыся да сусветнай літаратурнай класікі, проста вымушаны шукаць новую вобразнасць, новыя выяўленчыя сродкі, новы ментальны лад.
Паводле добрай завядзёнкі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, калі на ягоных пляцоўках экспануецца нешта замежнае сусветна вядомае, экспазіцыя дапаўняецца творамі нашых мастакоў. У гандлі гэта называецца “прымусовы асартымент”, але для папулярызацыі нацыянальнага мастацтва спрацоўвае. У дадзеным выпадку пасля таго, як прагледзіш творы Дарэ, можна азнаёміцца і з дасягненнямі сучаснай беларускай графікі. Тут і мэтры, і мастакі, што яшчэ шукаюць свой стыль і лад. Прадстаўлена, дарэчы, не толькі графіка. Ёсць тут жывапіс, скульптура і нават кераміка.
У беларускім раздзеле выставы мяне зноў вельмі ўразіла графіка Арлена Кашкурэвіча паводле “Фаўста” Гётэ. Гэта не горш чым Дарэ, але зусім іншае. Гэта мастакоўскае прачытанне вялікага літаратурнага твора з пазіцый досведу ХХ стагоддзя — з усімі яго трыумфамі і кашмарамі. Падумалася, і Густаў Дарэ, калі б жыў сёння, абраў бы стылістыку, падобную на гэту.
Выстава яшчэ працуе. Хто не бачаў, паспяшайцеся. Не кожны дзень такое ў Мінску дэманструецца.