Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства Марына Юркевіч выступіла з дакладам аб дзейнасці Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Установа ажыццяўляе павышэнне кваліфікацыі па шасці профілях і перападрыхтоўку кіраўнікоў ды спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, па адзінаццаці спецыяльнасцях, а яшчэ па дзвюх — для тых, хто мае сярэднюю спецыяльную адукацыю.
Колькасць навучэнцаў інстытута складае сёння каля тысячы чалавек, у сувязі з абставінамі пандэміі робяцца захады па пераходзе на дыстанцыйную форму навучання. Вялікая ўвага прытым надаецца падрыхтоўцы спецыялістаў да работы з выкарыстаннем сучасных лічбавых тэхналогій. Міністр даў даручэнне цягам месяца выпрацаваць алгарытм актуалізацыі і сістэматызацыі дзейнасці інстытута, які мусіць выконваць ролю асноўнага метадычнага цэнтра ўсёй сферы культуры.
З 1 па 4 кастрычніка адбудуцца Дні культуры Беларусі ў Рэспубліцы Казахстан, у рамках якіх увазе публікі будзе прадстаўлены ўвесь спектр дасягненняў айчыннай культуры, у тым ліку творы кінематаграфіі ды анімацыі і работы маладых беларускіх мастакоў. Адбудзецца канцэрт з удзелам Дзяржаўнага ансамбля танца, Магілёўскай філармоніі, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь. Запланаваная таксама сустрэча міністра культуры з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Казахстане.
Нацыянальным гістарычным музеем падрыхтаваная выстава, якая дазволіць жыхарам Казахстана пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснымі дасягненнямі Беларусі. Уся разнастайнасць беларускай культуры і яе сувязі з Казахстанам знайшлі адлюстраванне і ў падрыхтаваным адмыслова да гэтых мерапрыемстваў спецвыпуску газеты “Культура”.