У пяты раз — “Я”!

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

У працяг фестывальнай восені з 25 па 28 кастрычніка на сцэне Тэатра-студыі імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбудзецца V Міжнародны фестываль монаспектакляў “Я”. Сёлета арганізатарамі гэтага фэсту выступілі Беларускі цэнтр Міжнароднага інстытута тэатра (ЮНЕСКА), Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі.

 /i/content/pi/cult/181/1842/U-pyaty-raz.jpg

Распачынаюць фестывальную праграму вядомая на Беларусі сваімі монаработамі актрыса вільнюскага Нацыянальнага тэатра драмы Бірутэ Мар са спектаклем “Антыгона” Сафокла і неаднаразовы ўдзельнік фестываляў монаспектакляў, у тым ліку і “Я”, — Валерый Шушкевіч са спектаклем “Гімпул-Дурань” В.Зінгера мазырскага Драматычнага тэатра імя І.Мележа. Сярод іншых беларускіх акцёраў, што выступяць фестывальнымі днямі ў монажанры, — Галіна Дзягілева, актрыса і мастацкі кіраўнік Тэатра аднаго акцёра “Зніч”, са спектаклем “Пачакай, сонца!” па рамане Л.Кастэнкі, Аляксандр Гладкі, малады акцёр Рэспубліканскага тэатра юнага гледача і сёлетні лаўрэат “Крыштальнай Кветкі”, з “Сінім аўтамабілем” Я.Стэльмаха, а таксама Лідзія Кузьміцкая, салістка Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра і ўладальніца прэміі імя Л.Александроўскай з “Чалавечым голасам” — операй Ф.Пуленка па п’есе Ж.Както.
Расію на фестывалі прадставіць акцёр валгаградскага Камернага драматычнага тэатра, лаўрэат міжнароднага фестывалю “One man show-2007” Усевалад Чубенка з “Кысем” У.Куніна, а Велікабрытанію — Піп Ютан, акцёр і кіраўнік тэатра “Pip Utton Theatre Company” са спектаклем “Чаплін”.
Такім чынам, у бліжэйшыя пяць дзён прыхільнікі жанру тэатральнага монаспектакля змогуць атрымаць новую “порцыю” фестывальна-тэатральных ўражанняў. 

Наш кар.
На здымку: Усевалад Чубенка ў спектаклі “Кыся”.