Чаму варта асобна вылучыць студэнтаў — бо акрамя знакамітага мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта ў Віцебску ёсць кафедра дызайну і моды ў Дзяржаўным тэхналагічным універсітэце: там тэкстылем займаюцца на прафесійным узроўні. А яшчэ ёсць дзве спецыялізаваныя ўстановы сярэдняй адукацыі, дзе вывучаюць сярод іншага і тэкстыль, ткацтва. Рэспубліканская выстава “Мроі-крылы” ў Віцебску аб’яднала работы і прызнаных майстроў, і работы студэнтаў. Выстаўляюцца работы выкладчыкаў Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Наталлі Лісоўскай, Ірыны Кірылавай, Таццяны Макляцовай, Святланы Оксінь. А яшчэ на адкрыцці ў Мастацкім музеі быў зладжаны паказ моднай калекцыі: менавіта ён сабраў вялікі натоўп моладзі. Студэнцкі тэатр моды тэхналагічнага ўніверсітэта прадэманстраваў калекцыю Sweet look таксама студэнта факультэта дызайну Мікіты Захарчука — менавіта з ёй Мікіта сёлета стаў лаўрэатам фестывалю-конкурсу “Млын моды — 2021”. У аснове вобразаў — салодкая фіялетавая цыбуля з яе шматлікімі слаямі: такім чынам абыгрываецца назва калекцыі. Белую бязь Мікіта ўласнаруч пафарбаваў у розныя колеры, а касцюмы пабудаваў на прынцыпах мнагаслойнасці і геаметрычных фігур.
Асноўны арганізатар праекта Рэспубліканскай выставы “Мроі-крылы” — Беларускі саюз мастакоў, творы для выставы адбірала экспертная група Саюза, а над самой выставай працавала каманда куратараў. Падрыхтоўка Рэспубліканскай выставы — справа няхуткая. Аўтарам ідэі “Мроі-крылы” была Ала Непачаловіч — мастак, педагог, сапраўдны рухавік беларускага ткацтва і габелена, майстар, якая мела аўтарытэт і прызнанне: летась яна атрымала званне лаўрэата Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва, яе габелены ўпрыгожваюць Палац незалежнасці і Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь, захоўваюцца ў дзяржаўных музеях, вядомыя ва ўсім свеце. На самым пачатку года Ала Іванаўна пакінула гэты свет. Асобная частка экспазіцыі ў Віцебскім мастацкім музеі прысвечана яе памяці і памяці яшчэ двух знаных майстроў, якія стаялі ля вытокаў вялікіх выставак мастацкага тэкстылю і якіх сёлета таксама не стала, — Ларысы Густавай і Уладзіміра Лісавенкі. Менавіта іх творы размешчаны ў цэнтральнай частцы экспазіцыі, іх імёны з удзячнасцю былі згаданыя ў прамовах калег на адкрыцці.
Ідэя выставы адлюстраваная ў назве. Як сказана ў анатацыі: “Аўтары праекта “Мроі-крылы” Ала Непачаловіч, Вольга Рэднікіна, Алена Обадава і Наталля Лісоўская прапанавалі мастакам магчымасць узвысіцца над простай рэальнасцю, адлюстраваць свае мары і фантазіі ў вобразных рашэннях творчых работ, узяўшы за аснову сімвалізм птушкі і палёту або вобразна перадаўшы саму мару пра палёт”. Такім чынам, у Віцебскім мастацкім музеі прадстаўлены творы 30 прафесійных мастакоў з Мінска, Полацка, Гомеля, Гродна, Брэста, Віцебска і іншых гарадоў. Усіх немагчыма пералічыць, дазволю толькі невялічкі спіс прозвішчаў: Валянціна Бартлава, Ніна Пілюзіна, Людміла Петруль, Наталля Смоляк, Галіна Крываблоцкая, Наталля Шапавалава, Алена Шаціла… Так, усе мастакі — жанчыны: мужчыны ў гэтым тэкстыльным свеце вялікая рэдкасць.
Работы на выставе самыя розныя, з самымі рознымі тэхнікамі. На гэта ўвагу гасцей звярнула член куратарскай групы Алена Обадава: “Кожны мастак па тэкстылі заклапочаны не толькі тэмай і выяўленчымі сродкамі, але і пошукам матэрыялу. Тут мы можам убачыць і шэрсць, і бавоўну, і лён, і акрыл, і самыя нечаканыя матэрыялы: металічны дрот, папяровыя шнуры, рэзаныя джынсы… Можам убачыць і традыцыйнае ткацтва — рамізнае і іншае, а можам і змяшаныя тэхнікі, і нейкія нечаканыя рашэнні”.
Выставы мастацкага тэкстылю ў Віцебску адбываюцца даўно, адбываюцца часта. А з 2009 года склалася традыцыя і вялікіх рэспубліканскіх, нават міжнародных выстаў. Адна з мастачак, член куратарскай групы віцебскай версіі выставы — Наталля Лісоўская, дацэнт кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Менавіта яна актыўна рухае тэкстыльнае мастацтва ў Віцебску, яна ў цэнтры падзей, якія часта сама і прыдумляе і арганізоўвае. Наталля Сяргееўна згадвае, як калісьці натхнілася Біенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Мінску і задумала падобныя падзеі ладзіць і ў Віцебску. З таго часу тут прайшлі такія вялікія фестывалі, як “Беларускі тэкстыль”, “Каляровая нізка”, “Сугучча”, “Связующая нить” і многія іншыя, некаторыя з якіх былі міжнароднымі.
Так склалася, што ўласны праект Наталлі Лісоўскай — выстава “Цяпло нашага дома”, што ішла летам ў Арт-прасторы на Талстога, 7, — была працягнута і стала часткай Рэспубліканскай выставы “Мроі-крылы”. Калідоры Мастацкага музея не здолелі ўмясціць усе работы, і вялікая частка твораў — у тым ліку і творы студэнтаў розных ВНУ Беларусі, у першую чаргу Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, — заняла месца ў гэтым крэатыўным памяшканні Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва на Талстога, 7. Крэатыўная гэтая прастора, можа, не ад вялікага багацця — будынак у самым цэнтры горада неадрамантаваны, непрычасаны, але ж з вельмі багемным выглядам і жывым духам: мастакі і іх паклоннікі, перамясціўшыся сюды пасля афіцыйнага адкрыцця ў Мастацкім музеі, нават разняволіліся і развесяліліся. Як адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, “самі гэтыя сцены прымусілі творы загучаць па-новаму”. І дадала: “Часы зараз вельмі няпростыя, і часта можна пачуць — а навошта, а які сэнс у выставах, у творчасці? Але ж сэнс нашага існавання менавіта ў тым, што мы павінны нешта ствараць. Я ў захапленні ад таго, як вось у гэтай арт-прасторы гучыць тэкстыль — бо гэта тое мастацтва, якое можа трасфармавацца і хутка рабіць любое памяшканне сваім: яно можа быць і ў пампезных залах, і ў такіх дастаткова авангардных. Таму што гэта — сапраўднае мастацтва. Шчыра дзякую мастакам, што вы працуеце, што не апускаеце рукі”.
Рэспубліканская выстава мастацкага тэкстылю “Мроі-крылы” будзе працаваць да 3 кастрычніка ў Віцебскім мастацкім музеі і ў Арт-прасторы на Талстога, 7, Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва.